У Полацку адбудзецца незвычайны конкурс чарнічных пірагоў

У Полацк на пiрагi

Ягаднае свята пройдзе ў раёне ўжо ў пяты раз
У горадзе адбудзецца незвычайны конкурс чарнічных пірагоў. Ягаднае свята пройдзе ў раёне ўжо ў пяты раз. Як мяркуецца, агульная даўжыня прадстаўленых на ім кулінарных шэдэўраў складзе каля 200 метраў. Вось толькі ў гэтым годзе час правядзення «Полацкіх чарніц» пакуль дакладна не вядомы — дата залежыць ад зняцця забароны на наведванне лясоў. Хутчэй за ўсё, лічаць у Полацкім райвыканкаме, конкурс ягаднікаў адбудзецца ўжо ў гэтыя выхадныя.


Усе ўдзельнiкi юбiлейнага свята выпекуць iмянныя пiрагi прамавугольнай формы памерам 40x60 см, а агульны пiрог, складзены з усiх кавалачкаў, жыхарам i гасцям горада прадставяць на плошчы Францыска Скарыны. Журы вызначыць лепшага кулiнара, а яго салодкi шэдэўр у канцы свята можна будзе пакаштаваць. 

У праграме экафэсту таксама традыцыйны конкурс па зборы чарнiц. Спаборнiцтва пройдзе на тэрыторыях Зелянкоўскага, Гомельскага, Варонiцкага, Вяр-цiнскага, Маласiтнянскага сельсаветаў з  6 гадзiн ранiцы. На ягадным свяце пройдзе i забаўляльная праграма: канцэрт, конкурсы, iнтэрактыўныя гульнi, дэгустацыi, выставы работ майстроў-рамеснiкаў. Ужо цяпер аб намеры ўдзельнiчаць заявiлi больш за 150 каманд. 

ypopko@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter