Якія праблемы выявіла жніво. Разбiраемся

Уборачная — справа тэхнікі

Камбайнер Дзмітрый Васінкевіч упэўнены, што чалавек заўсёды спатрэбіцца там, дзе нарадзіўся.
Як бы моцна ні стаяла на нагах, якім бы квітнеючым ні было прадпрыемства, аднак у разгар палявых работ асноўную ролю тут іграе чалавечы фактар. СВК “Агракамбінат Сноў” не мае патрэбы ў рэкламе. Тут усё па навуцы. Аднак кіраўнік гаспадаркі Мікалай Радаман ужо а пятай раніцы на нагах, каб а шостай правесці планёрку, адкуль паедзе на палі. Дадому ж ён вернецца далёка за поўнач. Сёння кожны пагодлівы дзень на рахунку. Але, акрамя сціслых тэрмінаў цяперашняй уборачнай, ёсць і іншыя праблемы, якія тармозяць развіццё галіны:

— Безумоўна, вырошчваць культуры мы ўмеем. Паглядзіце навокал: у нас няма закінутых палёў, кожны кавалачак зямлі апрацоўваецца. Нават у самага няспрытнага гаспадара хаця б маленькі каласок ды вырастае. Іншая справа сабраць ураджай. Для вырашэння гэтай задачы неабходныя тэхніка і людзі.

У агракамбінаце нагрузка на кожны камбайн — каля 300 гектараў за суткі. Нядзіўна, што нават самая дбайная падрыхтоўка не ратуе ад паломак. І тут праяўляецца вялікая праблема: якасць айчыннай тэхнікі пакідае жадаць лепшага:

— Быццам бы задумкі нашых канструктараў добрыя, але выкананне не вытрымлівае крытыкі. Прывяду прыклад: у мінулым годзе на “Гомсельмашы” закупілі камбайн КВК-8060 са жняяркай для кукурузы. Сам галоўны канструктар пад ёй ледзь не месяц праляжаў у нас у полі — прыварваў нейкія жалязякі, нешта дапрацоўваў, наладжваў... Навошта вынаходзіць тое, што ў іншых краінах ужо працуе дзесяцігоддзямі?

Яшчэ адна праблема, кажа Мікалай Радаман, — гарантыйнае і сэрвіснае абслугоўванне нашых машын. Каб выпісаць з таго ж МТЗ неабходныя запчасткі, трэба добра папацець — прайсці шмат ўзгадненняў. У выніку марнуецца каштоўны час. Чаму ж нашы вядучыя заводы не адкрываюць фірменныя гандлёвыя дамы хаця б у абласных цэнтрах, куды любы гаспадарнік можа паехаць і закупіць усё што трэба?

— У мяне ў парку ёсць нямецкая тэхніка, тыя ж камбайны Klaas. Калі патрабуюцца дэталі, я раблю заяўку іх прадстаўніку. Тавар прыбывае з Германіі праз суткі. Калі выходзіць са строю трактар МТЗ, запчасткі можна чакаць тыдзень. У выніку прастоі ў самую гарачую пару, а таксама крыўда за сябе і за ўсю краіну.

Дзяржава сельскагаспадарчай галіне дапамагае. Тое ж адбываецца абсалютна ва ўсіх краінах. Праўда, формы дапамогі розныя. Меркаванне Мікалая Радамана — у першую чаргу трэба фінансава падтрымліваць тыя гаспадаркі, якія вырабляюць прадукцыю і маюць патэнцыял. Перш чым даваць сродкі, трэба разабрацца, чаму менавіта асобна ўзятая гаспадарка дрэнна працуе. Магчыма, трэба правесці ратацыю кадраў. Можа быць, у зямлі нізкі бал, і рашэнне вырошчваць збожжа тут памылковае? І лепш залужыць угоддзі, засеяць высокапрадукцыйнай травой і павярнуцца ў бок жывёлагадоўлі?

— Наогул ва ўсім свеце сфера сельскай гаспадаркі жыве за кошт крэдытных рэсурсаў. Але гэта працуе там, дзе банкаўскія стаўкі не перавышаюць 3—5 працэнтаў. Самая дзейсная дапамога нашай дзяржавы была б у выдачы профільных крэдытаў пад нізкі працэнт. А мы б усе жылі і развіваліся за ўласны дабаўлены кошт.

У часы СССР праца ў калгасах была ганаровай. Сёння ўсё змянілася. Прывабіць, а галоўнае, замацаваць маладога спецыяліста — цэлая навука. Мікалай Радаман выпрацаваў уласную стратэгію:

— Я выпускнікам мясцовых школ выдаю накіраванне на далейшую вучобу. Ва ўсякім разе ёсць вялікая верагоднасць, што пасля навучання яны вернуцца на радзіму, да бацькоў і да мяне ў гаспадарку. А яшчэ набіраю студэнтаў на практыку ўжо з другога курса і прыглядаюся да іх. Калі студэнт талковы, імкнуся яго “затачыць” пад “Сноў”, вырасціць памочніка. Трэба з маладых пазногцяў прывучаць перспектыўных работнікаў да таго, што яны спатрэбяцца там, дзе нарадзіліся. Вынік такой працы ёсць: у мяне ні адзін працаўнік не звальняецца. Атрымліваецца, што сістэма працуе.

На жытнім полі на ўсю моц пыляць камбайны. За рулём злёгку пашарпанага “Клааса” ад шостай раніцы працуе Дзмітрый Васінкевіч — адзін з тых, каго выгадавала кіраўніцтва агракамбіната. У кабіне машыны халаднавата, працуе кандыцыянер. Пакуль тэхніка шумна завяршае круг, Дзмітрый сцісла распавядае сваю працоўную біяграфію. Прыйшоў у гаспадарку адразу ж пасля арміі з пасведчаннем трактарыста ў руках. Узімку працы няшмат, таму менавіта тады імкнецца пайсці ў адпачынак. А вось у гарачую пару не прапускае ніводнай гадзіны, бывае, заскоквае ў кабіну ў ранішніх прыцемках, а пакідае ў густой вечаровай цемры. Сям’я да такога графіку прывыкла, разумее, што па-іншаму нельга.

— Вось паглядзі ведамасць, — працягвае аркуш паперы. — За тры дні намалаціў 270 тон збожжа. Зарабіў больш за 400 рублёў. За 2—3 тыдні, не адвільваючы, можна выцягнуць да 4 тысяч. Двое дзяцей — школьнікі, іх трэба падрыхтаваць да навучальнага сезона. Нешта яшчэ адкласці атрымаецца, каб зімой адчуваць сябе камфортна.

А зрэшты, сцвярджае Дзмітрый, нават не грошы тут галоўнае. З’явіўся нядрэнны вопыт за 15 гадоў працы і яна запатрабаваная:

— Няхай я не стану мільянерам, — жартуе хлопец, па-майстэрску падрульваючы на выгрузку да пад’ехаўшага МАЗа, — але мне гэта і не трэба. Важней усведамляць, што ў агракамбіната ёсць будучыня, і я прыношу карысць.

muravsky@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter