Убачыць Парыж і памерці

Тое, што адбылося ў Парыжы, а крыху раней у небе над егіпецкім Сінаем, цяпер можа здарыцца паўсюдна
Тое, што адбылося ў Парыжы, а крыху раней у небе над егіпецкім Сінаем, цяпер можа здарыцца паўсюдна. Жахліва: тэрарысты жывуць і працуюць побач з намі. Нават ходзяць аднымі сцежкамі-дарожкамі, і на іх тварах не напісана “забойца”. Ніколі не ведаеш, які дзень для цябе можа стаць апошнім... Цяпер на планеце наогул не засталося абсалютна бяспечных і прывабных для адпачынку і турызму мясцін. 

Серыя тэрактаў у Парыжы нікога не пакінула абыякавым. У сэрцы любімай падарожнікамі ўсяго свету Францыі ўначы, 13 лістапада, экстрэмісты “Ісламскай дзяржавы” неаднаразова адкрывалі агонь па людзях у кафэ і рэстаранах, заліўшы іх падлогу бязвіннай крывёй французаў і замежных грамадзян, захоплівалі і забівалі закладнікаў у канцэртнай зале “Батаклан”, адначасова ў прыгарадзе сталіцы, каля стадыёна “Стад дэ Франс”, прагучалі выбухі тэрарыстаў-смяротнікаў. Ад вар’яцкіх атак джыхадзістаў пацярпелі звычайныя людзі: больш за 130 чалавек загінулі, некалькі сотняў паранены. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванні Прэзідэнту Францыі Франсуа Аланду, французскаму народу, родным і блізкім ахвяр трагедыі. 

Наўздагон за Расіяй, ЗША, іх саюзнікамі па ваеннай кааліцыі вайну тэрарызму абвясціла Францыя, як у сябе дома, так і на тэрыторыі Сірыі і Іраку. Бліжэйшым часам Франсуа Аланд наведае з афіцыйнымі візітамі Маскву і Вашынгтон, каб дамовіцца аб сумесных дзеяннях супраць экстрэмістаў на Блізкім Усходзе.

Між іншым, на нядаўнім саміце “Вялікай дваццаткі” ў турэцкай Антальі ўсё мацней гучалі галасы сусветных палітыкаў з Захаду і Усходу аб неадкладным стварэнні пад эгідай ААН аб’яднанай міжнароднай кааліцыі па барацьбе з тэрарыстычнай групоўкай “Ісламская дзяржава”. Пасля жудасных парыжскіх тэрактаў і катастрофы расійскага лайнера А321 на Сінайскім паўвостраве, выкліканай выбухам на борце гэтага самалёта, лідары Злучаных Штатаў і Расійскай Федэрацыі ўжо аддалі загады ўзмацніць намаганні сваіх ваенных у Сірыі і Іраку.

Найбольш небяспечныя і тэрарыстычна актыўныя зараз — Афганістан, Ірак, Індыя, Емен, Нігерыя, Пакістан, Лівія, Тайланд, Сірыя і Самалі.

Згодна з дакладам “Глабальны рэйтынг тэрарызму 2015 года”, надрукаваным Інстытутам эканомікі і міру ў Лондане, колькасць ахвяр міжнародных тэрарыстаў — на фоне далейшага распаўсюджвання ўзброеных канфліктаў — вырасла ў 2014 годзе на 80 працэнтаў (у параўнанні з 2013-м). Летась ахвярамі тэрактаў у 162 дзяржавах свету лічацца 32 658 чалавек.

Усё гэта адбывалася на мінулым тыдні. А вас, шаноўныя чытачы, цікавіць, што будзе далей? Пажывём — пабачым.

Сустрэнемся...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter