5 прычын паехаць у Кобрын

Убачыць горад-сад, альбо 5 прычын паехаць у Кобрын

Горад зарадзіўся ў 1287 годзе
На галоўнай плошчы Кобрына стаяць бронзавыя скульптуры: князь Уладзімір Васількавіч паказвае наперад, прапаноўваючы жонцы сваёй Вользе Раманаўне ўладанні — ад чыстага сэрца і з любоўю. Тады, у 1287 годзе, і зарадзіўся горад.



1. Прайсці па гістарычных месцах


Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе імператрыца Кацярына II падарыла сядзібу Кобрынскі ключ фельдмаршалу Аляксандру Сувораву “ў вечнае спадчыннае валоданне”. У ваенна-гістарычным музеі вялікаму палкаводцу адвялі асабняк, які належаў яму ў XVIII стагоддзі. Але і астатнія экспазіцыі стануць для наведвальніка падарункам: зброевы пакой сабраў рарытэты з XV стагоддзя. Многія ўнікальныя. Напрыклад, германскі двухручны меч XVI стагоддзя, пісталет-кулямёт Судаева, распрацаваны ў блакадным Ленінградзе.

Парк імя Суворава — помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Найстарэйшы, закладзены ў 1768 годзе і адлюстроўвае модныя тэндэнцыі розных эпох. Пяць гадоў назад на тэрыторыі пабудавалі аквапарк.


2. Знайсці падставу прачытаць “Гора ад розуму”


У гісторыі Кобрына пакінуў след рускі класік, аўтар несмяротнай п’есы “Гора ад розуму” Аляксандр Грыбаедаў. Быўшы карнетам Іркуцкага гусарскага палка, ён кватараваў у горадзе ў 1813 годзе. З гэтымі месцамі звязаны яго першыя літаратурныя спробы.

У 1939 годзе там жыў вядомы паэт Аляксандр Твардоўскі, які падарыў свету “Васіля Цёркіна”.

У тамтэйшых месцах нарадзіўся архітэктар расійскага імператара Мікалая II Сямён Сідарчук, які ўнёс вялікі ўклад у будаўніцтва Царскага сяла ў пачатку ХХ стагоддзя. Паводле яго праекта ў рэзідэнцыі расійскіх імператараў узвялі царкву іконы Божай Маці “Заспакой мой смутак”. Пасля рэвалюцыі ў 1920-я гады ён аднаўляў масты ў Брэсцкай крэпасці. У Кобрыне можна прагуляцца па вуліцах Грыбаедава і Твардоўскага, а вось вуліцы Сідарчука ў горадзе пакуль няма.


3. Зрабіць селфі ля гарматы Напалеона


Пад Кобрынам у вайну 1812 года рускія войскі пад кіраўніцтвам генерала Тармасава далі першы адпор Напалеону. Са сцен Петрапаўлаўскай крэпасці ў Пецярбурзе ў гонар гэтай падзеі нават далі пераможны залп. Трафей — варожая гармата — і цяпер стаіць у цэнтры горада.


4. Памаліцца ў славу воінаў


У 1868 годзе на беразе Мухаўца пабудавалі сабор Аляксандра Неўскага ў славу воінаў, якія загінулі ў бітвах з Напалеонам. А ў 1912 годзе да стагоддзя перамогі побач усталявалі помнік.

Яшчэ адно месца паломніцтва — Спаскі жаночы манастыр, які летась адзначыў 550-годдзе. Яго заснавалі кобрынскі князь Іаан і яго маці княгіня Іўліянія. Да нядаўняга часу палаты займаў мясцовы райаддзел міліцыі. Шэсць гадоў назад манастыр вярнулі праваслаўным.


5. Палюбавацца “паўночнай” сакурай


Кобрын — край азёр і баравых лясоў. Таму вакол горада шмат санаторыяў. Хапае паляўнічых домікаў: адпачынак, паляванне і рыбалка тут знатныя. А яшчэ горад патанае ў садах. Увесну сюды едуць, каб палюбавацца квітнеючымі абрыкосамі і персікамі, як у Японію турысты з’язджаюцца глядзець на цвіценне сакуры. Тут шмат экзатычных для нашых шырот раслін. Садоўнікі ахвотна купляюць мясцовае марозаўстойлівае насенне і чаранкі.

Валянціна Казловіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter