У зоне зімовай рызыкі

Сёння ў цэнтры нашага горада з раніцы да вечара прыбіраюць снег, працуе шмат тэхнікі. МАЗы і снегаачышчальнікі ездзяць проста па тратуары, распуджваючы прахожых, не абмінаюць і прыпынкі грамадскага транспарту. Вадзіцелі не асабліва клапоцяцца пра бяспеку пешаходаў, лічачы, што “выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў”. Ды і не надта бачныя яны з высокіх кабін. Людзі разбягаюцца з-пад колаў у розныя бакі. А калі нехта стары і слабы не паспее адскочыць убок? 

Фота Юрыя Мазалеўскага

Ці чалавек дрэнна бачыць? Або, крый божа, спатыкнецца, паслізнецца? Недалёка і да трагедыі.

Я за чысціню вуліц, але ачышчаць тратуары ад снегу ўсё ж лепш не ў гадзіны пік, а калі на вуліцах нешматлюдна — позна ўвечары, калі большасць гараджан ужо вярнулася з працы. Зразумела, што камунальшчыкі таксама хочуць хутчэй аказацца дома, але ж “бітва з гурбамі” ў нас адбываецца не кожны дзень, можна неяк змяніць графік працы. Менавіта так арганізаваны рамонт і абслугоўванне дарог у большасці еўрапейскіх краін, ніхто нікому не перашкаджае, не ствараюцца аварыйныя сітуацыі.

Вельмі любяць у нас таксама паставіць каля пад’езда або магазіна аўтавышкі, перагарадзіць уваход хісткай стужачкай і збіваць на тратуары ледзяшы. Прычым гэтыя часовыя абмежавальнікі вельмі ўмоўныя — шмат ледзякоў ляціць далёка за межы стужачак, туды, дзе ходзяць людзі. Да таго ж як вярнуцца дадому, калі пад’езд абгароджаны? Такія работы, як правіла, расцягваюцца не на адну гадзіну, а чакаць на вуліцы іх заканчэння холадна. Ды і магазін, калі няма ў яго праходу, церпіць страты.

У Маскве і Піцеры, іншых расійскіх гарадах на фасадах дамоў манціруюць спецыяльныя сеткі і рашоткі, якія абараняюць прахожых ад лёду і кавалкаў тынкоўкі. Чаму б і нам не пераняць такі вопыт? Вядома, гэта не танна, але, думаю, можна знайсці сродкі, бо гаворка ідзе пра бяспеку людзей. Упэўнена, жыхары многіх дамоў, калі прапанаваць ім сабраць грошы, ахвотна паўдзельнічаюць у такой добрай справе.

Марына Сасноўская, Магілёў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter