У жыцці заўсёды ёсць месца добраму ўчынку

Мы часта заўважаем у жыцці толькі цёмныя, не прыемныя яго бакі. А на чалавечыя, светлыя, сапраўдныя ўчынкі не звяртаем увагі. Хачу расказаць гісторыю менавіта пра добрага чалавека. Вадзіцель пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 вёскі Морач Аляксандр Рамашка ехаў па службовых справах у Клецк. Раптам на дарозе ўбачыў тоўсты кашалёк. Спыніўся і разгубіўся: на вуліцы ніводнай душы, абапал дарогі – пустыя нежылыя хаты. Як шукаць уладальніка? Тым больш у раён можна спазніцца... Нават не зазірнуўшы ў кашалёк, вадзіцель накіраваўся на працу. Уладзiў у горадзе ўсе справы і вырашыў заехаць у магазін вёскі Урведзь, побач з якой і знайшоў кашалёк. І не памыліўся. Загадчыца магазіна расказала, што маладая пара, якая толькі нядаўна згуляла вяселле, увесь дзень сёння шукае свае згубленыя грошы. Акрамя грошай – усіх зберажэнняў маладых, у кашальку былі і каштоўныя рэчы. Праз некалькі хвілін знаходка была ўжо ў недарэчлівых гаспадароў, якія ўсё ніяк не маглі паверыць у шчаслівае завяршэнне гэтай гісторыі... Прыемна, што ў нашым жыцці засталіся яшчэ моманты, якія дораць нам веру ў людзей. Будуць на нашай зямлі жыць такія добрыя, неабыякавыя людзі – будзе жыць і Беларусь, незалежная, адухоўленая і адбудаваная.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter