У журы — маэстра. Другі этап конкурсу маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю” пачнецца 10 лютага.

Першы этап прайшоў летась у лістападзе і снежні. Амаль чатыры тысячы ўдзельнікаў з усіх куткоў краіны прадэманстравалі свае таленты па 12 намінацыях. Найбольш актыўнымі ва ўсіх 118 раёнах былі намінанты ў катэгорыі “Эстрадныя спевы”. Цяпер канкурсантаў чакае другі экзамен — абласны тур. У журы ўвайшлі прафесіяналы, вядомыя не толькі на радзіме, але і за мяжой.
Старшынёй журы ў намінацыі “Эстрадныя спевы” абраны мастацкі кіраўнік Нацыянальнага канцэртнага аркестра маэстра Міхаіл Фінберг. За “Народныя спевы” адказвае мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага хору імя Цітовіча прафесар Міхаіл Дрынеўскі. Па намінацыі “Рэжысура масавых свят, тэатралізаваных прадстаўленняў і шоу-праграм” апошняе слова скажа рэжысёр Ніна Осіпава.
Рэспубліканскі фінал конкурсу “Зорка ўзышла над Беларуссю” адбудзецца ў красавіку. У Міністэрстве культуры спадзяюцца, што ўдасца выявіць у глыбінцы сапраўдных будучых зорак мастацтва, стварыць для сферы культуры кадравы рэзерв з лепшых прадстаўнікоў таленавітай моладзі.
Між тым у розных раёнах да конкурсу праявілі неаднолькавую цікавасць. Так, у Віцебскай вобласці найбольш актыўнай аказалася моладзь Мёршчыны — на адборачны тур прыйшлі паўтары сотні хлопцаў ды дзяўчат. А вось у Бешанковіцкім раёне жадаючых спаборнічаць і перамагчы сабралася толькі 15 чалавек. Усе, хто не выкарыстаў шанцу стаць зоркай, будуць глядзець на сваіх землякоў, якія неўзабаве стануць славутымі на ўсю краіну, па тэлевізары.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter