У Жораўку за хлебам

Ірына Жудрык пячэ яго па рэцэпту, што дастаўся яшчэ ад маці
Нетыповую дзейнасць абраў для сябе адзін з сельскіх клубаў Любаншчыны, дзякуючы якой дадаў свежага паветра і сабе, і вёсцы Жораўка… Адзіная яе вуліца напаўнялася сумам ад пустых хат, а тыя, хто застаўся, у цішыні бавілі свой век. Работнікі СДК прыглядзелі сабе старую драўляную хату і пачалі выпякаць хлеб. Зараз не абыходзіцца без яго ніводнае свята, якое праводзіцца ў раёне. А сама вёска з задавальненнем прымае нават замежных гасцей.



Дырэктар Ляхаўскага СДК Ірына Жудрык сустрэла мяне ў прыгожай беларускай народнай вопратцы ўжо з гатовымі боханамі. “Ведаеце, нейкі час ён не атрымоўваўся, таму рэцэпт вырашыла нікому не даваць. Калі гаспадыня сам-насам з цестам, ёсць у гэтым нешта сакральнае”, — тлумачыць мне і пачынае цікава распавядаць пра тую мудрасць, якой трымаліся раней нашы продкі: 

— Калі хлеб пячэцца, трэба, каб у хаце было ціха, каб ніхто не бразгаў дзвярамі, бо цеста можа ўпасці. Лічылася, што калі ставіш хлеб у печ і на парозе ў гэты час  з’яўляўся чужы чалавек, ён забіраў сямейны дабрабыт. Былі такія гаспадыні, якія на гэты момант проста зачыняліся на замок. У час свята хлеб звычайна не пяклі, акрамя Каляд, на якія яго гатавалі ў форме крыжыкаў. Іх раздавалі ўсім членам сям’і, а таксама жывёле. Хлеб часта пазычалі адзін аднаму. Але звычайна прасілі тыя ж самыя людзі, таму іх не вельмі любілі. 

Усё ж такі, пакуль я смакую кавалак зусім не падобнага да купленага ў краме духмянага бохана, Ірына Міхайлаўна расказвае пра прынцып выпякання. Штодзённы атрымоўваецца больш цямнейшы, таму што ў ім напалавіну жытнёвая мука. У той, што я ем, яна ўсыпала пшанічнай мукі вышэйшага гатунку. Такі, і то ўперамешку з жытнёвай мукою, раней маглі сабе дазволіць толькі на свята. Светлую булку нельга назваць пірагом, таму што зроблена на заквасцы, якая замешваецца на 12 гадзін. Як яе рабіць, гаспадыня вырашыла трымаць у сакрэце… 

Закваска падымаецца, потым ападае, і мы пачынаем мясіць хлеб. Дабаўляем муку, соль. Інгрэдыенты бяром на вока. На тры літры малака спатрэбіцца прыкладна кілаграмаў пяць мукі. Цеста павінна не брацца за рукі, але і не быць цяжкім і збітым. Падыходзіць яно ў цеплыні дзве-тры гадзіны, пакуль выпаліцца печ. Ніякага агню ў ёй не павінна быць, попел гаспадыня выграбае, і застаецца толькі дух. Рэгуляваць цяпло трэба заслонкай. 

Нават калі б я даведалася, як робіцца закваска, спячы такі хлеб у сучаснай духоўцы не атрымаецца. З печы хлеб храбусткі. “Колькі б ні пяклі, як бы ні стараліся, нават калі выкарыстоўваем муку той жа маркі, як і раней, мы ніколі не атрымаем на смак таго ж самага хлеба. Ён нібыта жывы”, — кажа мая суразмоўца.

— Сёння больш выгадна гатаваць яго самой ці купляць?

— Канешне купляць. Давайце падлічым. На муку, малако прыкладна патрацілі 7 рублёў. Такім чынам, кілаграм хлеба каштуе крыху больш за адзін рубель, не ўлічваючы дроў, сваёй працы. Ды і ў той колькасці, як я напякла, мы яго не ўжываем. У краме звычайная булка хлеба каштуе восемдзесят капеек.

РЭЦЭПТ Ірына Міхайлаўна набыла яшчэ ў матулі. Даведаўшыся пра гэты талент, яе сталі прасіць прыгатаваць хлеб на розныя культурныя мерапрыемствы. Паступова ўзнікла ідэя стварыць аматарскае аб’яднанне традыцыйнага хлебапячэння «Кулітка». З памяшканнем дапамагла кіраўнік гуртка “Умельцы” Ляхаўскага СДК Ірына Бародзька, ідэю падтрымалі ў райвыканкаме. Памяшканнне ўпрыгожылі цікавымі каларытнымі рэчамі з пустых хат, якія падлягалі зносу. Тут і лаўкі, і шафы, і посцілкі — усё некалі рабілася сваімі рукамі. Адзін з дываноў, напрыклад, намаляваны фарбаю на сукне 80 гадоў назад. На сцяне цікавыя фотаздымкі, якія віселі ў музеі былога калгаса “Перамога” — сяляне ў лапцях, з корабамі на плячах, жанчыны ў намітках. 

Шмат старых рэчаў стаіць у кутку на калідоры. Тут і цэбар, у якім маглі купаць дзяцей і захоўваць прадукты, начоўкі, драўляная лапата, якой варочалі зерне. На гарышчы розныя прылады з ткацкіх станкоў. 

— Наш СДК, хутчэй за ўсё, закрыюць, таму што памяшканне не абаграецца, — кажа Ірына Міхайлаўна. — Раней цяпло ішло ад цэнтральнай кацельні, з развалам калгаса яе закрылі. Вёска перайшла на пячное ацяпленне. Плануецца, што аматарскае аб’яднанне “Кулітка” працягне працаваць у гэтай хаце, якая стане Домам народных традыцый. Зробім рамонт, па перыметры хаты — палічкі, дзе размесцім рарытэтныя прадметы быту. На гарышча ўсталюем лесвіцу, і там будзе музей.

Аматарскаму аб’яднанню “Кулітка” ўжо каля васьмі гадоў. Жораўскі хлеб стаў візітнай карткай раёна. І   напярэдадні 450-годдзя Любані, якое адбылося зусім нядаўна, хлебапёкі таксама не засталіся без справы. А на ліпеньскім фестывалі традыцыйнай культуры “Пятровіца”, на які сабраліся госці не толькі з розных куткоў краіны, але і  замежжа, усе разам пасадзілі хлеб у печ і талакой жалі жыта. Прынеслі сноп, два вяночкі. Адзін па традыцыі павесілі на месца, дзе знаходзіцца ікона, другі — у гумно. Потым частаваліся хлебам. Малыя дзеці цалавалі хлеб, які Ірына Жудрык толькі што дастала з печы.

Вікторыя БАБОВІЧ, “СГ”

korshuk@sb.by

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter