У Жана Іва Кусто — беларускія карані

Імя французскага даследчыка-акеанографа, контр-адмірала, члена Французскай акадэміі навук Жана Іва Кусто добра вядома ва ўсім свеце
Імя французскага даследчыка-акеанографа, контр-адмірала, члена Французскай акадэміі навук Жана Іва Кусто добра вядома ва
ўсім свеце.

Гэта ён вынайшаў акваланг, кіраваў доследамі на судне “Каліпсо”, прыстасаваў для работы пад вадой кінакамеру і асабіста зняў каля 90 дакументальных фільмаў, а сярод іх — “Залатую рыбу” і “Свет без сонца”, удастоеныя прэміі “Оскар”. Гэта ён прыдумаў і распрацаваў падводныя хаткі, дзе чалавеку можна жыць і працаваць. Гэта ён меў… беларускае паходжанне?!

Да апошняй думкі мяне падштурхнула сустрэча, якая адбылася ў Вільнюсе ў красавіку бягучага года. Маёй субяседніцай выпадкова стала зямлячка з Мядзельшчыны Валерыя Пятроўна Кусто, якая нарадзілася ў 1916 годзе. Яна паведаміла мне, што гадоў з дзесяць назад, пасля смерці французскага вучонага на яе выйшлі дыпламатычныя работнікі ў сувязі з тым, што ёй належала атрымаць частку спадчыны па нябожчыку. Тады жанчына зацікавілася сваімі продкамі.

Аказалася, што ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя дзесьці пад Мядзелем пражываў невядомы нам сёння чалавек з прозвішчам Кусто (ці Куста), які меў двух сыноў. Адзін з іх, Францішак, — гэта дзед Валерыі Пятроўны. Другі ж паехаў у Францыю на заработкі і там застаўся жыць, а сын яго, Леанард, меў нейкія адносіны да суднабудаўніцтва, камерцыі. Леанард Кусто быў двойчы жанаты, яго ж малодшы сын, Жак Іў (1910—1997), якраз і быў тым славутым рамантыкам-падводнікам. А паколькі брата Валерыі Пятроўны Станіслава (1922—1955) ужо не было ў жывых, яна заставалася адзінай спадкаеміцай даволі заможнага акіянографа (з 1957 года ён з’яўляўся дырэктарам славутага Акіянаграфічнага музея ў Манака) па “беларускай” генеалагічнай лініі.
Аднак, узважыўшы ўсе акалічнасці, Валерыя Кусто ад спадчыны адмовілася. Калі дыпламатычныя работнікі наведалі яе другі раз, яна падпісала пра гэта адпаведны дакумент.

Прызнаюся, спачатку аповед 91-гадовай жанчыны здаўся мне нерэальным. Кусто — і беларускія карані? Але потым падумалася: такое не прыдумаеш. Прыгадалася, што і другі славуты француз, паэт Гіём Апалінэр таксама з беларускага роду — Кастравіцкіх, што яго блізкі родзіч стаў пісьменнікам, але ўжо беларускім — Карусём Каганцом. Чаму з Кусто не магло стацца таксама, як з Апалінэрам, як і з многімі іншымі нашчадкамі нашых суайчыннікаў?!

Ян Драўніцкі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter