Пад час ХІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне прайшла прэзентацыя чацвёртага выдання альбома “Беларусь шматнацыянальная”

У згодзе і дружбе

Пад час ХІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне прайшла прэзентацыя чацвёртага выдання альбома “Беларусь шматнацыянальная”

Каардынатар праекта ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, начальнік аддзела па справах нацыянальнасцяў Аляксандр Сасновіч расказаў мне яшчэ да прэзентацыі: у новым выданні цалкам абноўлена інфармацыя пра болей чым 20 нацыянальнасцяў, прадстаўнікі якіх жывуць на беларускай зямлі. Праца над альбомам ішла ў цесным узаемадзеянні з кіраўнікамі этнасуполак Беларусі. І большая частка тэкставай інфармацыі, а таксама ілюстрацый атрымана ад іх. Актыўна далучыліся да насычэння альбома спецыялісты Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі. Надрукаваны альбом у выдавецтве “Рыфтур”.

У прадмове да чытачоў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка прыводзіць словы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу: “Беларусь — па-свойму ўнікальная краіна. У ёй на адной зямлі жывуць беларусы, рускія, украінцы, яўрэі, палякі, татары... І наша ўнікальнасць у тым, што доўгія гады яны жывуць мірна і дружна, дапамагаючы адзін аднаму, захоўваючы сваю мову і культуру, але пры гэтым адчуваючы сябе часткай аднаго цэлага, імя якому — народ Беларусі”.

Структура 4-га выдання засталася ранейшаю: у алфавітным парадку, ад азербайджанцаў да яўрэяў, прадстаўлены артыкулы пра розныя нацыянальнасці Беларусі. З глянцавых, багата ілюстраваных старонак можна даведацца пра гісторыю з’яўлення на беларускай зямлі нацыянальных супольнасцяў, святы і традыцыі народаў, дасягненні прадстаўнікоў розных этнасаў, асаблівасці нацыянальнай кухні. Пададзены таксама звесткі пра буйныя нацыянальна-культурныя аб’яднанні: іх у кнізе 28. Дарэчы, з часу выдання папярэдняга альбома (2011 г.) шмат чаго змянілася ў дзейнасці арганізацый, памяняліся кіраўнікі некаторых суполак. Напрыклад, грузінскае таварыства “Мамулі” ўзначальвае цяпер Кахі Пакацашвілі, а старшынёй Міжнароднага аб’яднання казахаў “Ата-мекен” не так даўно стаў Чармен Шаканаў.

Абноўлены звесткі і пра дзейнасць Кансультатыўнага міжэтнічнага савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, і пра адно з найяскравых і маштабных мерапрыемстваў: Фестываль нацыянальных культур у Гродне.  

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter