У замак — на кубачак кавы.

У рамках Дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі” ў Быхаўскім замку размесцяць музей,а на Мінскім замчышчы створаць комплекс з музеямі і кавярнямі.

Калісьці на тэрыторыі Беларусі існавала больш за сто замкаў. На жаль, захаваныя праз стагоддзі абарончыя збудаванні Беларусі можна пералічыць ледзь не па пальцах. Але і яны знаходзяцца, мякка кажучы, не ў вельмі прывабным стане. Каб захаваць гэтыя помнікі архітэктуры і прыцягнуць да іх большую ўвагу турыстаў, была распрацавана Дзяржаўная праграма “Замкі Беларусі” на 2012—2018 гады, якая прадугледжвае правядзенне работ на 38 аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны.

 Згодна з праграмай сем замкаў будуць рэстаўраваны, рэканструяваны і прыстасаваны пад музейныя экспазіцыі, гатэлі і кавярні. Сюды ўваходяць палацавы комплекс у Ружанах, Стары замак у Гродне, Камянецкая вежа, Лідскі і Любчанскі замкі, замкавы комплекс у Міры і палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы.

— Праграма рыхтавалася недзе каля года, — расказвае начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі Ігар Чарняўскі. — Першапачаткова планавалі ўключыць у яе толькі 16 аб’ектаў. А ў рэшце рэшт выйшлі аж на 38 — улічвалі прапановы абласных і раённых выканаўчых камітэтаў.

Трыццаць восем аб’ектаў — гэта не толькі замкі (іх у нас столькі і не захавалася), але яшчэ палацы, замчышчы і нават адно гарадзішча — у вёсцы Мілаград Рэчыцкага раёна. Менавіта адтуль бярэ пачатак вядомая мілаградская археалагічная культура (як памятаюць чытачы “НГ”, яна трапіла ў фінал нашага праекта “Сем цудаў Беларусі).

— Усе гэтыя аб’екты выклікаюць вялікую цікавасць у людзей, — лічыць Ігар Мяфодзьевіч. — Аднак пакуль што мы не змаглі прадставіць іх годна. Праграма ставіць задачу навесці парадак на гэтых аб’ектах, выявіць адметныя вартасці і ўключыць іх у сферу турыстычнай дзейнасці.

Правядзенне работ будзе ажыццяўляцца на падставе распрацаванай навукова-праектнай дакументацыі, гісторыка-археалагічных апорных планаў і ўстанаўлення межаў гістарычных тэрыторый.

Сем помнікаў чакае кансервацыя з частковай рэстаўрацыяй. Гэта замкі ў Навагрудку, Крэве, Гальшанах, Быхаве, Геранёнах Іўеўскага раёна, Смалянах — Аршанскага і Тэльмане — Брагінскага раёнаў. Правядзенне рэстаўрацыйных работ на гэтых аб’ектах немагчыма па той прычыне, што невядомы іх дакладныя гістарычныя вобразы. Таму яны будуць закансерваваны, а найбольш захаваныя збудаванні некаторых з іх —  прыстасаваны пад музейныя экспазіцыі. Адна з такіх экспазіцый, напрыклад, з’явіцца ў Быхаўскім замку.

— Прыняцце праграмы стала добрай навіной у новым годзе, — прызнаецца дырэктар Быхаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Сяргей Жыжыян. — Наш Быхаўскі замак даўно патрабуе клопату. Пакуль тут размяшчаліся ваенная часць, мэблевая фабрыка, будынак трымаўся. Але пажар у пачатку 2000-х яго моцна пашкодзіў.  Разумная кансервацыя з частковай рэстаўрацыяй дапамогуць захаваць замак для нашчадкаў.

Плануецца правядзенне работ і на помніках археалогіі, дзе калісьці размяшчаліся замкі. На дзевятнаццаці такіх тэрыторыях, у тым ліку ў вёсцы Жабер Драгічынскага раёна, Крыўлянах Жабінкаўскага раёна, у Заслаўі і Браславе, будзе праведзена добраўпарадкаванне  з  выяўленнем     месцазнаходжання  замкавых пабудоў у сістэме планіроўкі. Яшчэ на  пяці помніках    археалогіі   (гарадзішчы     ў  Тураве,   Мілаградзе, Глуску, Рыжкавічах Шклоўскага раёна і Мінску) плануецца правесці работы па музеефікацыі.

— Найбольш маштабныя работы будут праведзены на Мінскім замчышчы, — расказвае Ігар Чарняўскі. — У комплексе, які адновяць па археалагічных матэрыялах, можна будзе не толькі пазнаёміцца з гісторыяй сталіцы, але і адведаць старадаўніх страў і напояў.

На ўсе работы плануецца патраціць больш за 131 мільярд беларускіх рублёў — з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. Чакаецца, што частка сродкаў паступіць ад інвестараў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter