У вадзе не тонуць, у агні не гараць, дыхлафосу не баяцца,

або Як прапаршчык міліцыі з шэршнямі змагаўся...

У вадзе не тонуць, у агні не гараць, дыхлафосу не баяцца,або Як прапаршчык міліцыі з шэршнямі змагаўся

Пасля ўкусаў гэтых ядавітых наcякомых цела ўспухае, чэшацца, чалавек адчувае сябе вельмі дрэнна. У даведніках сказана, што шэршні бываюць памерамі да 4 сантыметраў. На самой справе факты сведчаць, што гэтыя велізарныя восы вырастаюць да 5 сантыметраў. Насякомыя назапашваюць столькі яду, што вельмі балюча могуць джаліць па некалькі разоў на дзень. Як паведамілі сродкі масавай інфармацыі, у Беларусі ў канцы лета і пачатку восені 2011 года былі нават смяротныя выпадкі сярод людзей, якіх пакусалі шэршні.

Міхаіл Фінскі, супрацоўнік сталічнага аддзела аховы, чалавек неардынарны, кемлівы і вясёлы, падзяліўся асабістым вопытам барацьбы з шэршнямі.

Прыехаў ён у сваю родную вёску Жаркова на Пухаўшчыне, а да яго кінулася маці:

— Як добра, што прыехаў сынок у родны куток! А то рады не дамо з гэтымі вар’ятамі. Яны хутка выжывуць нас з нашай хаты!

— Якімі вар’ятамі? — не зразумеў сын.

 Ды шэршні праклятыя. Жыцця ад іх няма, пасяліліся якраз у сенцах, быццам іншага месца няма на зямлі.

Хаця ўжо цямнела, Міхаіл, не марудзячы, узяўся за справу.

Узяў хлапушку, што б’юць мух, і давай таўчы шэршняў, што ляцелі на святло. Біў-біў, біў-біў, з паўвядра натоўк, а яны ўсё ляцяць. Нарэшце вырашыў, што ператоўк усіх, і пайшоў у хату. Праз хвілін дзесяць зноў выйшаў у сенцы, а шэршняў — цэлая хмара.

Раніцай, калі развіднела, зацікаўлены Міхаіл перш чым прыступіць да канчатковай ліквідацыі гнязда насякомых, яго абследаваў. Жытло было зроблена якраз пад лесвіцай, па якой лазілі на гарышча.

Здзівіўся, як прыгожа, па-майстэрску яно зроблена і акуратна падвешана пад застрэшак. У дыяметры гняздо было сантыметраў трыццаць. Быццам торт, кругленькае, роўненькае, у ярусы: большы, меншы, яшчэ меншы. Паміж ярусамі — палачкі-стойкі з палец таўшчынёй, а паміж iмі — прастора. Самы лепшы архітэктар пазайздросціў бы майстэрству насякомых! Калі б за некалькі гадоў стварылі шэршні такі шыкоўны палац, было б не дзіўна. Ды раней жа яго не было!

Можна шмат часу разважаць пра архітэктуру, але задача ў Міхаіла была празаічная: як адтуль іх вытурыць? Пакусаюць, не паглядзяць, што ты былы прапаршчык міліцыі.

Міхаіл успомніў, што некалі пад ложак на ўсялякі выпадак закінуў процівагаз. Па прамому прызначэнню процівагаз даўно не гадзіўся, бо гума перасохла і там-сям патрэскалася. Нічога, ад шэршняў выратуе. Адкруціў ад яго гафрыраваную трубку, каб не перашкаджала працаваць, і прыкруціў фільтр. Неяк удалося нацягнуць процівагаз на галаву. Напяліў яшчэ зімнюю шапку, апусціў вушы і завязаў. Надзеў таксама ватныя штаны, тоўстую целагрэйку і наставіў каўнер, а на рукі надзеў з суравых тоўстых нітак рукавіцы, якія некалі вязала бабуля. Абліваючыся потам, прапаршчык у адстаўцы ўзяў перцавы балончык, які застаўся ад былой службы, брызнуў на гняздо і пачаў спускацца з лесвіцы.

Што тут пачалося! Загулі тысячы крылатых “тыграў”, якія гатовы былі разарваць парушальніка іх спакою. Велізарныя восы цалялі не куды-небудзь, а ў вока ці ў нос. У паніцы, забыўшыся, што ён у “скафандры”, куляй Міхаіл ляцеў уніз. Апамятаўся толькі ў двары з пустым балончыкам у руках.

А шэршні папужалі і вярнуліся ў сваё гняздо.

Як жа іх выгнаць адтуль? Перцавых балончыкаў больш няма, і Міхаіл выкарыстаў балончык з дыхлафосам. Ап’янелыя шэршні падалі ўніз, але не здаваліся. Барацьба ішла з пераменным поспехам.

Не вытрымаўшы атакі велізарных восаў, пасля абеду Міхаіл забраў бацькоў і разам з імі з’ехаў на тыдзень у Мінск. Спадзяваўся, што за гэты час, надыхаўшыся атруты, няпрошаныя госці рэціруюцца з хаты.

Праз тыдзень выявілася, што шэршні не змянілі дыслакацыю, і трэба мяняць зброю і тактыку.

Міхаіл зноў напяліў выпрабаваную амуніцыю: процівагаз, тоўстыя штаны, ватоўку, зімнюю шапку. Узяў шэст, стаў на лесвіцу і ткнуў у гняздо.

Раззлаваліся шэршні! А Міхаіл, аблеплены з усіх бакоў, як на бяду, ніяк не мог трапіць дакладна шастом у гняздо! Ткне і ўцякае. Праз паўгадзіны зноў ткне і ўцякае.

Нарэшце ўдалося збіць гняздо ўніз і вынесці ў двор. У кожным ярусе і кожнай ячэйцы гнязда Міхаіл убачыў соты, у якіх шавяліліся лічынкі і маленькія шэршні — з ногаць памерам. Дарослыя ж шэршні, якія атакавалі Міхаіла, былі сантыметраў  пяць, нават шэсць. Аднаму ўдалося прабрацца праз скафандр і ўджаліць Міхаіла. На месцы ўкусу з’явілася вялікае чырвонае пятно, якое ўспухла.

Вырашыў Міхаіл утапіць гняздо шэршняў у балотцы за вёскай. Дзе там! Усплывае гняздо з вады, хоць ты плач! Пакінуць яго проста так Міхаіл не захацеў: зноў павыводзяцца шэршні…

Вырашыў спаліць яго. Кінуў у вогнішча — не гарыць і не плавіцца! Аказваецца, не толькі ў казках, але і ў жыцці бывае, калі ў вадзе не тоне і ў агні не гарыць.

Тады ён узяў сякеру і пасек гняздо шэршняў на кавалкі.

Вяскоўцы раілі схадзіць у амбулаторыю, каб супрацьяддзе ўвялі. Але сусед, бывалы чалавек, сказаў, што самае лепшае лякарства — самагонка. Гэтае “лякарства” сапраўды добра дапамагло: тыдні праз два месца ўкусу шэршня перастала часацца, пухліна спала і чырвонае пятно знікла.

Так комплексныя меры: чырвоны перац, дыхлафос, жэрдка, сякера, вада і агонь усё ж памаглі Міхаілу справіцца з велізарнымі восамі — шэршнямі, якія засяліліся ў іх хату.

З усёй гэтай гісторыі Міхаіл Фінскі зразумеў, што з нахабнымі, агрэсіўнымі чужынцамі трэба змагацца да канца, пакуль іх не пераможаш, у якую б прыгожую форму яны нi маскіравалі свае намеры. Інакш выціснуць цябе з тваёй хаты.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter