«У тумане» і золаце

Гран-пры «Лістапада-2012» атрымаў фільм па аповесці Быкава

Гран-пры кінафестывалю «Лістапад-2012» атрымаў фільм, зняты паводле аповесці Васіля Быкава

Вынікі 19-га Мінскага Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» абвешчаны. У ходзе ўрачыстай цырымоніі закрыцця кінафоруму са сцэны Палаца Рэспублікі былі агучаны імёны пераможцаў асноўнага конкурсу ігравога кіно.

Гран-пры «Золата Лістапада» прысуджаны карціне рэжысёра Сяргея Лазніцы «У тумане». Фільм зняты паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава, над яго вытворчасцю працавалі кінематаграфісты пяці краін — Германіі, Расіі, Беларусі, Латвіі, Нідэрландаў.

Стужка «У тумане» мае ўжо шэраг адзнак некалькіх міжнародных кінафорумаў, у тым ліку прыз кінапрэсы FIPRESCI на сёлетнім 65-м Канскім Міжнародным кінафестывалі.

Паводле слоў Сяргея Лазніцы, уражаны аповесцю Быкава, яе героямі, ён проста не мог не зняць гэты фільм. Магчымасці ўвасобіць на экране напісаны ім сцэнарый рэжысёр чакаў доўгіх дзесяць гадоў.

«У тумане» — другі па ліку пасля стужкі «Шчасце маё» ігравы фільм Сяргея Лазніцы, які да гэтага быў вядомы як дакументаліст і таксама неаднаразова станавіўся са сваімі работамі прызёрам міжнародных кінафестываляў.

Дарэчы, «Золата Лістапада» яму прысуджаецца ўжо ў другі раз. Гран-пры на «Лістападзе-2010» атрымала і яго дэбютная ігравая карціна «Шчасце маё».

Уладальнікам прыза Прэзідэнта Беларусі «За гуманізм і духоўнасць у кіно» стаў расійскі рэжысёр Аляксандр Карпілоўскі — аўтар карціны «Прыватнае піянерскае», знятай паводле аднайменнай кнігі апавяданняў Міхаіла Сеславінскага. Фільм распавядае пра жыццё ў Савецкім Саюзе. Падзеі адбываюцца ў 1970-я гады ў невялікім расійскім гарадку, галоўныя героі фільма хлопчыкі Дзімка і Мішка трапляюць у розныя вясёлыя гісторыі. Карціна Аляксандра Карпілоўскага ўдзельнічала ў сёлетнім Міжнародным конкурсе фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік», дзе была прызнаная лепшай і атрымала галоўны прыз.

«За лепшую рэжысуру» міжнароднае журы кінематаграфістаў асноўнага конкурсу ігравога кіно на чале з вядомым рэжысёрам Андрэем Звягінцавым адзначыла Васіля Сігарава, аўтара расійскай карціны «Жыць». Прыз імя Юрыя Марухіна за лепшую аператарскую работу прысуджаны Аадэлю Надэх-Фарахані (фільм «Крутая Колка», Латвія, рэжысёр Юрыс Пошкус). Спецыяльны прыз журы за адметнае адкрыццё новага вымярэння ў жанры камедыі атрымаў расійскі фільм «Апавяданні» рэжысёра Міхаіла Сягала.

Лепшым сярод дакументальных фільмаў у конкурсе неігравога кіно міжнароднае журы на чале з беларускім рэжысёрам Галінай Адамовіч назвала сербскую карціну «Вёска без жанчын».

Журы кінапрэсы прысудзіла «Серабро Лістапада» фільму «За ўзгоркамі» (Румынія—Францыя—Бельгія).

«Бронзу Лістапада» ў адпаведнасці з вынікамі глядацкага галасавання атрымаў польскі фільм «Веласіпед майго бацькі».

На здымку: Гран-пры «Золата Лістапада» прысуджаны карціне рэжысёра Сяргея Лазніцы «У тумане». Прыз атрымалi акцёр Улад АБАШЫН (Расiя) i намеснiк дырэктара кiнастудыi «Беларусьфiльм» Дзмiтрый ШЭЛЕГ.

Фота: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter