«У тумане» на Лазурным Беразе.

Фільм пра фашысцкую акупацыю рэжысёра Сяргея Лазніцы ўпершыню прэтэндуе на галоўны прыз Канскага кінафестывалю.

Фільм пра фашысцкую акупацыю рэжысёра Сяргея Лазніцы ўпершыню прэтэндуе на галоўны прыз Канскага кінафестывалю.

Ці ўдасца кінастужцы ўраджэнца Баранавічаў “У тумане”, знятай па аднайменнай аповесці Васіля Быкава”, атрымаць “Залатую пальмавую галіну” кінафестывалю ў Канах, які распачнецца 16 мая?

Гэта навіна за некалькі гадзін абляцела шматлікія сродкі масавай інфармацыі ў інтэрнэце. Загалоўкі ў асноўным былі такімі: “Фильм российского режиссера Сергея Лозницы “В тумане” претендует на “Золотую пальмовую ветвь”, “Россию на конкурсе в Канне представит фильм Сергея Лозницы “В тумане”. І ніводнай спасылкі на тое, што вядомы ў свеце рэжысёр нарадзіўся ў беларускім горадзе Баранавічы, што фільм “У тумане” стваралі кінакампаніі чатырох краін свету — MA.JA.DE Fiction (Германія), “Джы Пі” (Расія), Rija Films (Латвія), Lemming Film (Нідэрланды), студыя “Беларусьфільм”, а таксама тэлеканал ZDF/ARTE. Але галоўнае ўсё ж тое, што тэма акупаванай немцамі Беларусі 1942 года, трагедыя “маральнага чалавека ў немаральных абставінах”, убачаная Сяргеем Уладзіміравічам, прагучыць на ўвесь свет.

“Я вельмі рады той увазе, якую звяртае на мае працы Канскі фестываль, — прызнаўся ў адным з інтэрв’ю Сяргей Лазніца. — Прыемна, што маё бачанне кіно падзяляюць і разумеюць людзі, чыё меркаванне я цаню вельмі высока. Удзел у кінафоруме такой значнасці — вялікі гонар і адказнасць для мяне”. Дарэчы, Сяргей Лазніца не першы раз будзе спрабаваць скарыць журы і гледачоў на кінафестывалі на Лазурным Беразе. Два гады таму яго стужка “Шчасце маё” таксама была намініравана на “Залатую пальмавую галіну”. Праца над фільмам “У тумане” ўжо завяршаецца. Апошнія штрыхі ў будучую стужку ўносілі на нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Тут перазапісалі гук. Важны ўклад у гэта зрабіў беларускі гукааператар Уладзімір Галаўніцкі, вядомы далёка за межамі Беларусі. Працавалі над карцінай і іншыя спецыялісты “Беларусьфільма”, якія выязджалі на здымкі ў Латвію. Там у сумеснай з Віцебшчынай Латгаліі ўсяго за 28 дзён карціна была знятая.

Пра што фільм?

Таму, хто чытаў аповесць Васіля Быкава за школьнай партай, наўрад ці трэба расказваць пра змест кінастужкі. Аднак тым, хто адкрывае для сябе творчасць беларускага пісьменніка толькі зараз, раскажам: дзеянне гістарычнай драмы адбываецца ў 1942 годзе ў Беларусі. Пуцявога абходчыка Сушчэню несправядліва абвінавачваюць у супрацоўніцтве з акупантамі. Яму не верыць нават яго жонка. Два партызаны прыязджаюць на хутар да Сушчэні, каб расправіцца з ім. Сушчэня адпраўляецца з імі ў свой апошні шлях, каб крывёй змыць ганьбу за віну, якой не было.

Пранікнёная гісторыя чалавека, які стаў заложнікам безвыходнай сітуацыі ў экстрэмальных умовах вайны і змог захаваць сваю годнасць, здзейсніўшы трагічны, але адзіна верны для сябе маральны выбар, вельмі кранула Сяргея Лазніцу. Як расказвае ён сам, аповесць Васіля Быкава прачытаў у 2001 годзе, калі пераехаў жыць у Германію і разам з рознымі рэчамі прывёз з сабою скрынкі з кнігамі. Іх было каля васьмідзесяці. У адной з іх ляжала кніга Быкава.

“Сцэнарый напісаў адразу ж, — расказвае Сяргей Уладзіміравіч. — Канечне, ён крыху адрозніваецца ад таго, што мы зараз здымаем, але ён вельмі блізкі да тэксту Быкава. Фільм здымаўся у скупой, стрыманай манеры. Нацягнуты нерв, якім быццам пранізаны ўвесь фільм, дазволю сабе разарваць толькі ў канцы. Мы стараліся зрабіць выяву блізкай да ранніх каляровых фота пачатку саракавых гадоў мінулага стагоддзя”.

Хто іграе?

Беларускі складнік у інтэрнацыянальнай камандзе (над фільмам працавалі латышы, літоўцы, беларусы, рускія, немцы, палякі, румыны, чэхі; на пляцоўцы гучала дзевяць моў) стваральнікаў карціны ўносіць выканаўца галоўнай ролі беларус, выпускнік Расійскага ўніверсітэта тэатральнага мастацтва Уладзімір Свірскі. Маладому акцёру было даволі складана напачатку. Роля Сушчэні стала яго першай работай у кіно. Характар Сушчэні, на думку Лазніцы, добра пазнавальны на беларускай зямлі. “У мяне былі родзічы па стойкасці характару і ўнутранай моцы вельмі падобныя на Сушчэню, — гаворыць ён. — Яны вельмі стрыманыя. Не прымаюць актыўных дзеянняў да таго часу, пакуль у гэтым няма абсалютнай неабходнасці. З Вовам Свірскім сустрэўся ў Маскве. У час кастынгу размаўляў з адным акцёрам, што спрабаваўся на ролю, аб рысах характару галоўнага героя. І ён сказаў мне: “Дык вось у вас там у калідоры сядзіць такі!”

У эпізодах і масавых сцэнах заняты жыхары Латгаліі, якім таксама патрэбна было прайсці жорсткі адбор. Як пішуць рыжскія газеты, на кастынг да Лазніцы прыйшло больш за тысячу чалавек. Прыгажуням мадэльнай знешнасці адразу паказалі ад варот паварот. Для здымак шукалі каларытных бабуль і дзядуляў.

Чаму ў карціны настолькі інтэрнацыянальная каманда?

Сучасная мадэль кінавытворчасці, паводле якой ствараюцца стужкі Лазніцы, не засяроджваецца на пэўнай краіне або студыі. Кінастудыя сёння, як мяркуе сам майстар, павінна ўяўляць сабой выключна тэхналагічны комплекс, а для здымачных груп натуральна быць абсалютна незалежнай ад геаграфічнай прывязкі. Сумесныя праекты да таго ж яшчэ добры маркетынгавы ход. Фільм з удзелам беларусаў атрымлівае выхад на прэстыжныя кінафестывалі і пашырае глядацкую аўдыторыю.

У шырокі пракат “У тумане” выйдзе сёлета восенню, пасля чаго Сяргей Лазніца адразу пачне работу над новай ігравой карцінай. А потым прыедзе ў Мінск здымаць дакументальнае кіно, у якім, мажліва, таксама прагучыць тэма Беларусі.

 Цікава ведаць
Сяргей Лазніца нарадзіўся 5 верасня 1964 года ў Баранавічах. Сярэднюю школу скончыў у Кіеве. Паступіў у Кіеўскі політэхнічны інстытут. Працаваў навуковым супрацоўнікам у інстытуце кібернетыкі. Займаўся распрацоўкай экспертных сістэм, сістэм прыняцця рашэнняў і праблемамі штучнага інтэлекту. Працаваў перакладчыкам з японскай мовы. У 1991 годзе паступіў ва Усерасійскі інстытут кінематаграфіі. Праз год эмігрыраваў з сям’ёй у Германію. Зняў адзін ігравы, тры паўнаметражных і восем кароткаметражных дакументальных фільмаў. Узнагароджаны дзесяццю прызамі міжнародных кінафестываляў у Карлавых Варах, Лейпцыгу, Парыжы, Мадрыдзе, Таронта, Іерусаліме, Санкт-Пецярбургу.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter