Згадкі пра гасцяванне дэлегацыі Саюза беларусаў Латвіі на зямлі бацькоў і продкаў

У цёплым святле “Праменя”

Згадкі пра гасцяванне дэлегацыі Саюза беларусаў Латвіі на зямлі бацькоў і продкаў



У беларусаў замежжа было ў Мінску шмат цікавых сустрэч. Фота: Іван Ждановіч

Газета расказвала ўжо, што на пачатку мая ў Мінску праходзіла чарговая міжнародная выстава “СМІ ў Беларусі”. І дэлегацыя Саюза беларусаў Латвіі была на гэтым форуме вельмі прадстаўнічай: 7 чалавек. Мы ўдзячны Леаніду Гуляку, Упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, за такое запрашэнне. А экспанавалі мы наш “Прамень” ужо 19-ы  раз! Гэта для нас вялікі гонар і вышэйшая ўзнагарода. На выставу прыехалі старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова,  член Кансультатыўнага камітэта прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый нацменшасцяў пры Мінкультуры Латвіі, член праўлення СБЛ, дэпутат ХІ Сейма Латвіі, старшыня таварыства “Прамень” Алёна Лазарава, намеснік галоўнага рэдактара газеты “Прамень” Барыс Піскуноў. Гэтыя трое, дарэчы, правялі вялікую падрыхтоўку перад паездкай у Мінск, шчырая ім падзяка. Былі яшчэ фатограф-дызайнер Сяргей Жураўлёў, карэспандэнты газеты Валянціна Грыбоўская (Ліепая, суполка “Мара”), Людміла Сінякова (Даўгаўпілс, суполка “Уздым”) ды я, Іна Олесава з Елгавы.

На выставу мы прывезлі кнігі, буклеты, плакаты і свежыя нумары газеты “Прамень”, а таксама зборнік матэрыялаў I міжнароднай канферэнцыі ў Рызе “Латвія — Беларусь: дыялог дзвюх культур”, зборнік вершаў паэтаў-беларусаў Латвіі, Беларуска-латышскі і Латышска-беларускі слоўнік. Як бачым, ёсць нам чым ганарыцца! У першы ж дзень працы выставы быў вялікі інтарэс да “замежных” беларусаў, падыходзіла шмат людзей, разышліся нумары газеты “Прамень” — і гэта здорава! І потым было шмат падзей, сустрэч, цікавых знаёмстваў. Нават курсы павышэння кваліфікацыі для нас ладзіліся на базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Быў і семінар “70 гадоў Вялікай Перамогі” на базе Інстытута журналістыкі БДУ для рэдактараў і карэспандэнтаў з Латвіі, Эстоніі ды Расіі. У працы ўдзельнічалі дырэктар Інстытута Сяргей Дубовік, дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Ганна Басава, прафесар Алег Слука, галоўны рэдактар газеты “Літаратура і мастацтва”​​ Таццяна Сівец. Цікавай, узаемакарыснай атрымалася размова.

Пабывалі мы і ў Заслаўі, сустракаліся там з Дзянісам Собалем — ён намеснік старшыні гарвыканкама. Шмат цікавага пабачылі ў Гістарычна-культурным музеі-запаведніку “Заслаўе”, пад час ваенна-гістарычнай экскурсіі па комплексе “Лінія Сталіна”. Потым ладзіліся круглы стол “Этнаканфесійная сітуацыя ў Беларусі” ў офісе Упаўнаважанага Леаніда Гулякі, сустрэча з галоўным рэдактарам “Народнай газеты” Ігарам Савосценкам. Актывісткі беларускага руху замежжа Валянціна Піскунова з Латвіі ды Людміла Аннус з Эстоніі былі ў прамым эфіры тэлепраекта “ТВоё сегодня” рэдакцыі газеты “Советская Белоруссия” — яго вёў журналіст Дзмітрый Партон. У студыі размова ішла пра самаідэнтыфікацыю беларусаў у замежжы, жыццё ў суполках беларускай дыяспары ды на іншыя тэмы. Валянціна Піскунова нагадала, што сёння ў складзе Саюза беларусаў Латвіі — 15 суполак па ўсёй Латвіі. Вядзецца сістэмная праца па прапагандзе беларускай культуры, мовы, на ўмацаванне станоўчага іміджу Беларусі ў Латвіі. Такім чынам мы спрыяем развіццю культурных, інфармацыйных, адукацыйных, эканамічных адносін паміж Латвіяй і Беларуссю.

Сустрэчы, знаёмствы, уражанні... Самае незабыўнае з іх — сама наша Бацькаўшчына. Зямля продкаў, дзе родным паветрам не надыхацца. Там мы востра адчулі: быць беларусам — і гонар, і адказнасць. Бачаць нас, напрыклад, латышы на нейкіх імпрэзах ці проста ў побыце — і пра ўвесь народ беларускі па нас мяркуюць…

Іна Олесава, член праўлення Елгаўскага беларускага таварыства “Лянок”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter