У цэнтры жыцця

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі (РНПЦ) — найбуйнейшы ў Беларусі медкомплекс для даследаванняў і лячэння людзей, якія падвергліся ўздзеянню радыяцыі
Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі (РНПЦ) — найбуйнейшы ў Беларусі медкомплекс для даследаванняў і лячэння людзей, якія падвергліся ўздзеянню радыяцыі. У год тут праходзяць абследаванне і стацыянарнае лячэнне да 70 тысяч чалавек. Гомельскімі навукоўцамі створана база захворванняў жыхароў на пацярпелых тэрыторыях і нават складзена “медыцынская карта” генетычных асаблівасцяў беларусаў.   



 У РНПЦ не бывае зацішша. Тут заўсёды шматлюдна. На абследаванне і лячэнне прыязджаюць здалёку, з усіх рэгіёнаў Беларусі. Па дапамогу да медыкаў цэнтра звяртаецца і нямала расіян. Вось і жыхар Бранска Аляксандр Шылаў у Гомель прыехаў па дакладны дыягназ:

— Праблемы з імунітэтам: заму­чылі розныя алергіі. Хацеў паехаць у Маскву на абследаванне. Але ў Гомелі жыве мая стрыечная сястра, у яе падобныя праблемы. Яна расказала, што ў РНПЦ радыяцыйнай медыцыны працуе адзінае ў Беларусі аддзяленне імуналогіі ды алергалогіі. Пераканала прыехаць. Спадзяюся, дапамогуць.

Ідэя стварэння спецыялізаванай медыцынскай установы на пацярпелых тэрыторыях узнікла адразу пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Выбар прыпаў на БССР. Але са знікненнем вялікай краіны спынілі свае існаванні і вялікія праекты. Да забытай ідэі вярнуліся ў “нулявых”. 

У снежні 2003-га новы комплекс прыняў першых пацыентаў. Праект, адроджаны беларусамі, быў падтрыманы ў Саюзнай дзяржаве, у тым ліку і бюджэтнымі сродкамі. Сёння ў цэнтры аказваецца медыцынская дапамога па 19 напрамках у 10 аддзяленнях. У год стацыянарнае лячэнне праходзяць звыш 13 тысяч, паліклінічнае — да 70 тысяч чалавек з 26 краін.

Па сусветных методыках

...У аперацыйнай ідзе перасадка ныркі. 40-гадовы гамяльчанін 10 гадоў пакутаваў ад гламеруланефрыту, які перацёк у нырачную недастатковасць. А гэта пастаяннае падключэнне да апарата гемадыялізу. Цяпер у яго з’явіцца магчымасць, як гаворыцца, пачаць жыць нанава. Транспланталогія – гэта своеасаблівы маркер узроўню развіцця медыцыны, лічыць загадчык службы транспланта­ардынацыі РНПЦ Алег Пяткевіч:

— Перасадка органа — гэта не толькі аперацыя на высокадакладным абсталяванні дасведчанымі спецыялістамі. Гэта арганізацыя службы забору органаў, дзе ўлічаны юрыдычныя, тэхнічныя, часовыя аспекты. У нас такая служба створана і працуе нядрэнна, за тры гады ў РНПЦ праведзена 160 аперацый па перасадцы ныркі.

Яшчэ адно дасягненне медыкаў цэнтра: выжывальнасць пасля аперацый раку шчытападобнай залозы — 99 працэнтаў. Менавіта гэтую хваробу справакавала ў шматлікіх выпадках чарнобыльская радыяцыя.



Вельмі высокі — сусветны паказчык

Урач-гематолаг Ірына Рамашэўская працуе ў гомельскім цэнтры ўжо дванаццаць гадоў, практычна з дня яго адкрыцця. Сёння ўзначальвае гематалагічнае аддзяленне для дзяцей. Адно з лепшых на постсавецкай прасторы. Крытэрый эфектыўнасці лячэння самы жорсткі — выжывальнасць. Другі шанц дораць сотням дзетак. За час работы цэнтра ў дактароў з’явіліся новыя магчымасці выратоўваць людзей, гаворыць Ірына Рамашэўская:

— Самае галоўнае, у нас сёння больш магчымасцяў выявіць хваробу на самай ранняй стадыі ды спрагназаваць яе развіццё. За кошт чаго? Сучаснае лабараторнае абсталяванне і сусветныя методыкі дазваляюць хутка і вельмі дакладна вызначыць генетычныя маркеры (падтыпы) злаякасных захворванняў крыві. У нас, урачоў, з’явілася магчымасць “бачыць хваробу ў твар”.

Што там на карце? Генетычнай

РНПЦ радыяцыйнай медыцыны сёння — гэта база для міжнародных навуковых даследаванняў і канферэнцый. Пры непасрэдным удзеле таленавітых гомельскіх навукоўцаў створаны Адзіны расійска-беларускі чарнобыльскі рэгістр, які з’яўляецца інфармацыйнай асновай арганізацыі аказання адраснай спецыялізаванай медыцынскай дапамогі.

За кошт уласных методык у цэнтры ўмеюць не толькі дыягнаставаць, але і прагназаваць захворванне нават у цалкам здаровага чалавека, расказаў дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека Аляксандр Ражко:

— Напрыклад, ёсць магчымасць выявіць людзей, у якіх высокая рызыка захварэць на рак малочнай залозы і рак яечніка. Сфарміраваць патэнцыйныя групы рызыкі, што пры планавай прафілактыцы дапаможа звесці да мінімуму цяжкія наступствы гэтых хвароб. Генетыкі працуюць над вызначэннем маркераў вострых і хранічных анказахворванняў крыві. Сфарміравана і пастаянна абнаўляецца база дадзеных захворванняў людзей, якія пражываюць у раёнах, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Гэта дазваляе аналізаваць уплыў радыяцыйнага забруджвання на арганізм чалавека ў доўгатэрміновым перыядзе — 20, 30, 50 гадоў.

Дарэчы, унікальныя даследаванні ў лабараторыі малекулярнай генетыкі далі магчымасць вызначыць генетычныя хваробы, характэрныя для беларускага этнасу. Праўда, гэта генетычныя паказчыкі, якія могуць “чытаць” толькі спецыялісты.

Дарэчы

- З 1998 па 2010 год рэалізаваны тры праграмы Саюзнай дзяржавы па пераадоленні наступстваў катастрофы. Агульны аб’ём фінансавання склаў больш за 3,5 мільярда расійскіх рублёў. Дзякуючы гэтым праграмам створана адзіная нарматыўна-прававая прастора і агульныя сістэмы аказання спецыялізаванай медыцынскай дапамогі грамадзянам дзвюх краін, пацярпелым ад аварыі. Распрацаваны і выдадзены Атлас сучасных і прагнозных аспектаў наступстваў аварыі на ЧАЭС, які ўключае картаграфічны, аналітычны і даведачны матэрыял сучаснага стану і прагноз радыеактыўных забруджанняў на перыяд да 2056 года. 

- Таксама праведзена рэканструкцыя Медыцынскага радыялагічнага навуковага цэнтра Расійскай акадэміі медыцынскіх навук у Обнінску, рэканструкцыя і аснашчэнне абсталяваннем Усерасійскага цэнтра экстраннай і радыяцыйнай медыцыны ў Санкт-Пецярбурзе. Пабудаваны і аснашчаны з удзелам Саюзнай дзяржавы Гродзенскі завод медыцынскіх прэпаратаў у Скідалі і Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі. Створаны Адзіны расійска-беларускі чарнобыльскі рэгістр, які з’яўляецца інфармацыйнай асновай арганізацыі аказання адраснай спецыялізаванай медыцынскай дапамогі.

- У 2016 годзе будуць падве­дзены вынікі чацвёртай “чарнобыльскай” праграмы. Бюджэт — больш за 1,3 мільярда расійскіх рублёў. Падчас выкананняў гэтай праграмы аказана адрасная меддапамога звыш 8000 ліквідатарам наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Станіслаў Галкоўскі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter