У пяты раз на сібірскай зямлі прайшоў міжнародны фестываль беларускай культуры “Радзіма мая — Беларусь”

У Томску — па-беларуску

У пяты раз на сібірскай зямлі прайшоў міжнародны фестываль беларускай культуры “Радзіма мая — Беларусь”

tomsk.pngРодныя людзі з розных куткоў Расіі, Казахстана, Беларусі збіраліся ў Томску, які называюць сэрцам Сібіры. І мне пашчасціла там гасцяваць. Гурты з Томска, Омска, Новасібірска, Іркуцка паказвалі самабытную культуру беларускага народа. Наша дэлегацыя, з Казахстана, была невялікая, сустрэлі нас у Томску як родных. Як вядома, Томскі цэнтр беларускай культуры ўзначальвае Любоў Адаскевіч. Яна — энтузіястка, вялікая працаўніца, вельмі шмат робіць для пашырэння беларускіх традыцый на Томскай зямлі. Пра такіх кажуць яшчэ: шчырая беларуска.

У першы дзень фэсту арганіза­тары падрыхтавалі для нас насычаную праграму: былі рэпетыцыі ў Тэатры драмы, паездка ў беларускую вёску — там яшчэ жывуць беларускія перасяленцы, якія ехалі падымаць цаліну, і іх нашчадкі. На канцэрт у гонар юбілею вёскі сабраліся ўсе мясцовай жыхары. А калі мы вярнуліся ў горад, нам наладзілі цікавую экскурсію па яго гістарычных мясцінах.

Другі дзень для мяне пачаўся рана: запрошаны быў у ліку іншых беларусаў у прамы эфір на мясцовае радыё. Аказваецца, жыхарам Томска вельмі падабаецца беларуская культура, і былі пра тое жывыя тэлефанаванні з розных месцаў пад час эфіру. І пасля заканчэння размовы ўдзельнікам фэсту, яго арганізатарам на радыё, у студыю пасыпалася шмат званкоў: з удзячнасцю, з пажаданнямі “далейшага творчага росту”. Потым мы паехалі ў горад Асіна: ён святкаваў у той дзень свой ​​дзень нараджэння. Кранула тое, што, не ведаючы нас, жыхары падыходзілі і віншавалі са святам, якое аб’яднала ўсіх. Святочны канцэрт ладзіўся ў гарадскім парку, там сабраліся жыхары і госці. А нас чакаў сюрпрыз: падзячныя лісты кіраўніка адміністрацыі горада Асіна ўсім удзельнікам канцэрта.

Увечары ў Тэатры драмы быў заключны гала-канцэрт удзельнікаў фэсту. Лепшыя гурты паказалі песні, танцы, музычныя нумары: праграма насычаная, вельмі яркая. А потым на сцэну выйшаў легендарны Дзяржаўны беларускі ансамбль “Песняры”. Зала разам з артыстамі спявала “Белавежскую пушчу”, “Алесю”, “Завіруху”, “Молодость мая — Белоруссия”. Я ж меў гонар паднесці кветкі ад удзельнікаў і гасцей фэсту артыстам. Удалося нават пагутарыць з удзельнікамі ансамбля, якія падаліся мне людзьмі, што любяць Бацькаўшчыну, свой народ, паважаюць беларускія традыцыі. Я падарыў спевакам здымак “Песняроў” з актывістамі паўладарскай суполкі — гэта калі яны прыязджалі да нас у Казахстан.

І былі крэатыўныя вя­чоркі ў “Беларускай хаце”. Там усе ўдзельнікі маглі падзяліцца ўра­жаннямі, пакаштаваць беларускія стравы. Мы падарылі дружнай бяседзе казахскую песню, а яшчэ раздавалі шакаладкі ды буклеты з расповедам пра наш Беларускі цэнтр. За дні фэсту мне ўдалося пазнаёміцца з актывістамі беларускіх дыяспар з розных гарадоў, у іх ліку Алёна Прокіна, Ірына Рабулец, Любоў Пушкарова, Людміла Трэніна, артысты гурта “Белыя Росы” з Томска, Алег Рудакоў з Іркуцка, ансамбль “Сібірскія ўзоры” з Новасібірска... Увогуле ж для мяне Томскі фэст стаў часцінкай Беларусі ў вялікай расійскай Сібіры.

Максім Кашаміраў, лідар моладзевага аб’яднання Паўладарскага культурнага цэнтра “Беларусь”, Казахстан

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter