У сялянскіх маляванках закадзіравана шчасце

НА ІНТЭРНЭТ-ФОРУМАХ яго папракаюць за тое, што разам з Белгазпрамбанкам «раскруціў» Хаіма Суціна (хто не ўспрымае такі жывапіс), а ў малых гарадах Беларусі з захапленнем слухаюць лекцыі прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, члена Беларускага саюза мастакоў і кандыдата мастацтвазнаўства Яўгена ШУНЕЙКІ і разглядваюць, а дакладней, разгадваюць закладзены сэнс у яго маляваных дыванах, якія ён стварае з кожнай новай нагодай. І ахвотна дорыць раённым галерэям: вось ужо другі год запар суполка перасоўнікаў-мастакоў ладзіць свае выставы ў рамках праекта «Выток Нёмана — выток духоўнасці», які нарадзіўся і стартаваў на Уздзеншчыне.

Ад Узды да самых да акраін ладзіць свае выставы суполка перасоўнікаў-мастакоў на чале з Яўгенам Шунейкам

НА ІНТЭРНЭТ-ФОРУМАХ яго папракаюць за тое, што разам з Белгазпрамбанкам «раскруціў» Хаіма Суціна (хто не ўспрымае такі жывапіс), а ў малых гарадах Беларусі з захапленнем слухаюць лекцыі прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, члена Беларускага саюза мастакоў і кандыдата мастацтвазнаўства Яўгена ШУНЕЙКІ і разглядваюць, а дакладней, разгадваюць закладзены сэнс у яго маляваных дыванах, якія ён стварае з кожнай новай нагодай. І ахвотна дорыць раённым галерэям: вось ужо другі год запар суполка перасоўнікаў-мастакоў ладзіць свае выставы ў рамках праекта «Выток Нёмана — выток духоўнасці», які нарадзіўся і стартаваў на Уздзеншчыне.

— Яўген Феліксавіч, што гэта за праект і чаму менавіта Уздзеншчына стала яго калыскай?

— Праект аб’ядноўвае дзеячаў культуры і навукі, усіх зацікаўленых у актыўнай прапагандзе гістарычных каштоўнасцей і сучасных дасягненняў як Уздзенскага, так і іншых раёнаў Беларусі. Зрэшты, кожны малы горад нашай краіны за дзесяцігоддзі незалежнасці вырас як патэнцыяльны цэнтр еўрапейскай культуры. Мясцовыя жыхары адрозніваюцца духоўным багаццем. Але нельга спадзявацца, што ўсё будзе вырашацца само сабой. Неабходна развіваць супрацоўніцтва, наладжваць дзелавыя і творчыя сувязі. Ініцыятыва ўздзенцаў у гэтым праекце невыпадковая. Верагодна, актыўнасць людзей, якія жывуць ля вытокаў вялікай ракі, у чымсьці абумоўлена і прыродным фактарам. Яны валодаюць неабходнымі якасцямі грамадскіх арганізатараў, маторыкай падарожнікаў і першаадкрывальнікаў. Варта прыгадаць, што адсюль выйшлі 11 акадэмікаў, 28 прафесараў і дактароў навук, 21 пісьменнік і 14 членаў Саюза мастакоў. Сюды сталічныя мастакі часта прыязджаюць на пленэры. У нашым асяроддзі і нарадзілася ідэя праводзіць перасоўныя мастацкія выставы, якія сталі каталізатарам творчага ўзаемадзеяння, рэгіянальнага культурнага абмену ідэй, адкрыцця новых імёнаў, шырокага знаёмства з майстрамі беларускага мастацтва. Адно патрабаванне да экспаніруемых твораў — яны павінны быць з яскрава выяўленай духоўнасцю, з жыццёвым пазітывізмам.

— А чаму Узду вы называеце Новым Барбізонам?

— Аналогія такая прыйшла ад таго, што як і Барбізон, месца палявых сесій французскіх мастакоў, недалёка ад Парыжу, так і Узда — ад нашай сталіцы. Там нас прымаюць вельмі гасцінна. Там добрая творчая атмасфера. Мясцовы жа музей — той цэнтр, які нас аб’ядноўвае, за што мы вельмі ўдзячныя дырэктару і прыгожай жанчыне Тамары Лухверчык.

— Вы называеце сябе перасоўнікамі, ці не занадта амбіцыйна?

— Так самі людзі назвалі нас у Пінску. Стартавалі мы з выставы ва Уздзе і ўжо аб’ехалі больш дзясятка гарадоў. Мяняецца склад мастакоў, якія бяруць удзел у выставах, аднак сама ідэя жыве. Нязломны энтузіяст — мастак і педагог з Узды Андрэй Лычкоўскі. Дзякуючы яму і яго брату Васілю выдаецца ўнікальны інтэрнэт-часопіс «Творчае жыццё», іх «ПраСветСтудыя» здымае фільмы пра выбітных асоб, і не толькі беларускіх. Менавіта Андрэй Лычкоўскі загарэўся ідэяй аб’ехаць усе гарады краіны і зрабіць там выставы, а таксама папоўніць фонды раённых музеяў. Да таго ж у Мінску цяжка знайсці нейкую стылістыку, пераканаць, што гэта штосьці важнае, а ў глыбінцы рэакцыя адназначная — шквал эмоцый. Скрозь сустракаешся з зычлівасцю, пазнаеш Беларусь.

Там чэрпаеш і новыя тэмы. Так, дырэктар Пухавіцкага раённага музея Аляксандр Прановіч распавёў цікавы факт з жыцця Лесі Украінкі, якая прыязджала ў Блонь да Бонч-Асмалоўскіх, у доме якіх зараз і знаходзіцца музейная экспазіцыя. Дык вось яна прасіла ў заможных гаспадароў сядзібы грошы на лячэнне свайго каханага Сяргея Мяржынскага, стваральніка сацыял-дэмакратычнай партыі, арганізатара першага з’езду РСДРП у Мінску. Гэты аповед мяне ўразіў, і я стварыў маляванку, прысвечаную ўкраінскай паэтцы.

Мне прыемна, што я магу падараваць людзям эстэтычнае свята. І ў нейкім сэнсе таксама праяўляю салідарнасць з вандроўнымі традыцыямі Язэпа Драздовіча, Алены Кіш, якія малявалі дываны для хатняга ўжытку, а я — для грамадскага, для шчасця цэлага раёна.

— Яўген Феліксавіч, чаму маляванкі, праіснаваўшы ў народным, пераважна сялянскім асяроддзі такі нядоўгі час, атрымалі другое жыццё ў сучаснасці ўжо як творы прафесійных мастакоў? Што ў іх кранае менавіта вас?

— Яны падкупляюць шчырасцю і метафарычнай свабодай самавыяўлення мастакоў-самавукаў, якую хочацца перанесці і на сваё палатно. Нягледзячы на наіўныя формы адлюстравання, у іх шмат закадзіравана каштоўнага, пазітыўнага, і людзі не столькі рэагуюць (і рэагавалі тады) на дакладнасць выканання, як больш на сімволіку, вясёлкавыя колеры спецыфічных кампазіцый. Я прааналізаваў структуру, сімволіку гэтых твораў, паспрабаваўшы зразумець, што абазначаюць кветкі, вазончыкі, жывёлы, птушкі. Маё гіпатэтычнае меркаванне, што гэта закадзіраванае шчасце, зыходзячы з якога і расшыфраваў пасылы народных мастакоў: ружы — багацце, дабрабыт, галінкі  з мноствам кветак — шматдзетнасць, шмат шчаслівых падзей. Наогул у гэтых адлюстраваннях — паняцці, якія патрэбныя людзям. Таму зразумела, чаму такое мастацтва лёгка ўспрымалася ў народзе. Яно і ўплывала на ўладальнікаў дываноў, праграмуючы на добрае жыццё.

А ў трагічным мінулым стагоддзі яго так не хапала. Гэта быў такі аазіс шчасця і спакою.

— Алену Кіш, дзяўчыну са шматдзетнай беднай сям’і на Случчыне, якая вандравала па вёсках і за начлег ды правіянт выконвала заказы жыхароў, не разумелі аднавяскоўцы, нават лічылі яе вар’яткай, а яна ўсё хадзіла па хатах і малявала. Што ёю, на ваш погляд, рухала?

— Так, для яе той занятак быў заробкам. Аднак гісторыя яе ў чымсьці незвычайнага жыцця пацвярджае, што маляванне стала і духоўнай патрэбай.

У тым і ёсць багацце народнай душы. Па сённяшні дзень Драздовіч і Кіш з’яўляюцца вяршынямі, якім даследчыкі не знайшлі роўных. Ініцыятыву падхапілі сучасныя прафесійныя мастакі, прычым маладыя. Ідэйна і я быў падрыхтаваны, каб нешта самаму зрабіць. Але Алесь Марачкін, Віктар Маркавец пачалі выкарыстоўваць прыёмы мастакоў канца XIX — пачатку XX стагоддзя — кампазіцыі ў акаймоўцы кветак і раслін. І я абраў іншы падыход. Якраз пад рукамі аказалася джынсовая тканіна. Заўважыў, што яна не прапускае фарбу, якая добра трымаецца на паверхні. Гадоў пяць таму ладзілася выстава «Арт-бульба», і я вырашыў зрабіць маляванку «Каралева бульбасховішчаў» з іншым бардзюрам, чым у традыцыйных творах. Замест кветак намаляваў бульбяныя вусы-парасткі, а ў цэнтры, нібы нейкае боства — бульбіна. ЮНЕСКА якраз адзначала Год бульбы. Таму дыван павінен быў знайсці на выставе сваё месца.

— Чым для вас блізкім аказаўся спявак Чэслаў Нэмэн, творчы псеўданім якога ўзяты ад назвы вялікай ракі?

— Маё пакаленне вырасла на яго песнях, у якіх ён спалучаў высокую паэзію і сучасную музыку. Гэта ж легенда Гродзеншчыны. Перад фестывалем у яго гонар мне і прапанавалі намаляваць вялікага спевака. Я сказаў, што не паспею напісаць жывапісны твор. А вось дыван атрымоўваецца хутка. Памяняў кампазіцыю, яна не прамавугольная, а вертыкальная. Нэмэн стаіць на фоне бязмежнай прасторы. Відаць, падару музею ў Васілішках.

— А што падарыце слуцкаму музею, радзіме Алене Кіш?

— Пакуль не даехаў. Калі мы са сваім праектам накіруемся ў Слуцк, то я зраблю нават дзве работы. Першая, безумоўна, будзе прысвечана ткачам знакамітых паясоў. Я ўжо ўяўляю, як іх можна адлюстраваць на дыване. Ну і Алене Кіш само сабой. Бо, як ні дзіўна, у скульптуры, у графіцы, жывапісе ёсць прысвячэнні гэтай мастачцы з народа, а вось маляванкі, напэўна, няма. Нядаўна прысвяціў твор Лесі Украінцы — у 1893 годзе выйшаў першы яе зборнік «На крылах песень». Ігару Лучанку, Міхасю Раманюку. Апошняя вісіць у Крычаўскім музеі. Мая задача — асветніцкая.

— Як рэагуюць на дываны простыя гледачы? Што наогул успрымаюць у глыбінцы?

— У мяне такое ўражанне, што падабаецца ўсё. Толькі не паталогія, не пачварнасць. Відаць, наглядзеліся ў кіно і на тэлебачанні. А ўсё астатняе — рэалістычнае, фармальнае, эксперыментальнае — іх цікавіць і захапляе. Раз з Мінску, то гэта добра. Такі высокі ўзровень даверу. У Пінску па тэлебачанні нас абвясцілі як знакавых мастакоў Беларусі. Колькі я працую ў сталіцы, мяне ніхто так не называў. Бо знакавы — значыць прызнаны ў грамадстве, папулярны. Што пра сябе сказаць не магу. А хто вышэй знакавага? Культавы, якога прызнае ўвесь свет. І маляваныя дываны прывабліваюць гледачоў. Калі браць дзве культуры — амерыканскую і нашу, то ў іх нацыянальны від мастацтва так і называецца — папулярнае мастацтва: гэта розныя калажы, эмблемы, фотаздымкі, пераведзеныя ў друк. Такая сучасная форма — плакатная, арыентаваная на папулярныя рэчы. Адным словам — поп-арт. А беларускае мастацтва ў многім архаічнае, з багатымі традыцыямі. І таму маляванка якраз кладзецца на духоўную тканку і выклікае давер у гледача. Калі чалавек убачыў яго, то запамінае. Гэта да таго ж прапаганда станоўчых пазітыўных ідэй, якія нам блізкія па духу. І працаваць лёгка: цёмны фон мае асаблівасць, што не ўсё трэба маляваць, а, наадварот, захаваць як мага больш некранутай плошчы, каб палатно дыхала. Дыван можна стварыць за адзін дзень.

— Але ж колькі дагэтуль трэба выношваць ідэю?

— Зразумела, тэму трэба перажыць. Калі прыступаеш да работы і не ведаеш, што хочаш сказаць, то такі твор не мае ні энергіі, ні ўдачы. Можна проста змарнаваць фарбы, тканіну і час.

Існуе нават англамоўны тэрмін гэтай плыні беларускага мастацтва, па якім нас ведаюць за мяжой, — «belarusian decorated carpets». І ўсё дзякуючы таму, што выйшла кніжка пра маляваныя дываны, багатая калекцыя якіх сабрана ў Заслаўскім музеі-запаведніку. Я быў яе рэцэнзентам. Дырэктар Мікола Бараноўскі «прабіў» яе выданне. Замежныя турысты, наведваючы наш горад-легенду, купляюць яе ў якасці сувеніра, бо яна танная і добра выкананая. Так і разышлася па ўсім свеце, зрабіўшы папулярызацыю  гэтага  мастацтва. А ў 2003 годзе мы рабілі выставу ў Францыі, у Клермон-Феране, і Віктар Маркавец намаляваў дыван для нашай мадэрновай экспазіцыі, зрабіўшы рэпліку на карціну Манэ «Сняданак на траве», дзе з французскімі мамзэлямі сярод бярозак пасадзіў беларускіх партызанаў. Яна вісела сярод розных мадэрнісцкіх кампазіцый. Мы лічылі, што французы падкія на інтымную тэматыку, і таму шмат прадставілі эротыкі. І я, назіраючы за паводзінамі наведвальнікаў, заўважыў, што ніякай увагі на тую эротыку яны не звярталі, а вакол дывана «роіліся», нібы пчолы. Яны пазнавалі Манэ, аднак не маглі зразумець, хто ж там намаляваны побач з жанчынамі і якія ў іх адносіны. Так што інтрыгу Віктар Маркавец пасеяў. Хаця трохі разбэшчаную заходнюю публіку цяжка чымсьці здзівіць. Маляваны ж дыван паклаў усіх на лапаткі. І я думаю, што і на біенале ў Венецыі такія творы будуць добра ўспрымацца і могуць выклікаць у экспертаў сучаснага мастацтва эстэтычны шок.

— Яўген Феліксавіч, ведаю, што ва Узду разам з вамі прыязджаў і французскі мастак Эжэн Шушу.

— Мы нават не верым, ці ён сапраўдны, ці нейкі містычны, бо з’ўляецца знянацку і гэтак жа нечакана знікае. Кажа, што яго далёкі продак быў выратаваны пад Бярэзінай: ён замярзаў, а дабрачынная Марыся Дабрадзейчык яго адагрэла і адправіла назад у Францыю. Таму ён прыязджае і малюе нашых жанчын, якіх лічыць вельмі прыгожымі і духоўна чыстымі. Такімі нескажонымі натурамі. Добрых, мяккіх, сямейных вельмі не хапае ў свеце. Ён працуе ў традыцыі эпохі Рэнесанса хуткага аднамаментнага малюнку. Нарадзілася яна пры двары, калі малявалі дзетак арыстакратаў. Вядома, што Марыя Медзічы па алоўкавых накідах магла вызначыць стан здароўя і настрою сваіх дзяцей. Настолькі яны былі дакументальнымі і па-мастацку выразнымі. Эжэн Шушу таксама можа перадаць духоўны настрой і багацце, а потым дорыць малюнкі.

Магчыма, калі-небудзь з Эжэнам Шушу мы наладзім выставу маляванак у Парыжы, і французская прэса назаве нас культавымі. Гэта не сон, а мары, якія дапамагаюць дамагчыся высокай мэты.

Алена КЛІМОВІЧ, «СГ»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter