У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа працуе выстава, прысвечаная Аляксандру Пушкіну

У святле таленту

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа працуе выстава, прысвечаная Аляксандру Пушкіну

Якуб Колас, як вядома, з вялікай павагай і захапленнем ставіўся да паэзіі Аляксандра Пушкіна, які істотна паўплываў і на светапогляд, і на тое, як склаўся паэтычны шлях Песняра. Колас узгадваў, што ў дзіцячыя гады ў ягонай пастушковай сумцы “лежал небольшой, изрядно потрёпанный томик пушкинской поэзии. Я мог прочесть наизусть от начала до конца “Полтаву”, “Братьев-разбойников”, “Цыган” и много лирических стихотворений”. Іншы раз ён сказаў: не было б пушкінскіх “Яўгенія Анегіна”, “Меднага конніка”, “Капітанскай дачкі”, казак пісьменніка, то не было б, магчыма, і коласаўскіх паэмаў “Новая зямля”, “Хата рыбака”, шматлікай лірыкі і прозы. Даніну павагі літаратурнаму настаўніку Якуб Колас аддаў у 1937 годзе, калі перастварыў па-беларуску паэму “Палтава”.

Пра тое, што лучыць творцаў, як у святле таленту Пушкіна ўзрастаў Якуб Колас, гаварылі на адкрыцці выставы “Пушкінскае гняздо” ў Вільнюсе ў кантэксце культуры ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў”. Яна зроблена на матэрыялах фондаў вільнюскага Літаратурнага музея А. С. Пушкіна і знаёміць наведнікаў з домам-сядзібай Маркучай (цэнтр памяці пра паэта ў горадзе), а фотаздымкі стогадовай даўніны паказваюць тагачасны ўклад жыцця, моду і звычкі жыхароў сядзібы. Ёсць на выставе і рэчы з фондаў Гістарычнага музея Беларусі.

Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter