У святле рампы

На Міншчыне ў гэтыя дні пройдуць два буйныя творчыя фестывалі

З 30 лістапада па 2 снежня на Міншчыне пройдуць два буйныя творчыя фестывалі.

Бярэзіншчына прыме традыцыйны, ужо восьмы, абласны фестываль народных тэатраў «Бярэзінская рампа». Шэсць аматарскіх калектываў пакажуць лепшае, чым узбагацілі за апошні час свой рэпертуар. Прыхільнікі тэатральнага мастацтва ўбачаць пастаноўкі такіх ужо добра знаёмых майстроў сцэны, як заслужаны аматарскі калектыў Беларусі драматычны тэатр «Відарыс» з Барысава, Слуцкі народны тэатр драмы і камедыі імя Уладзіслава Галубка, народны тэатр Палаца культуры ААТ «БелАЗ» з Жодзіна, а таксама народны тэатральны калектыў «Алые паруса» з Салігорска, народны тэатр «Метамарфозы» з Маладзечна. І вядома ж, калектыў гаспадароў фестывалю. Госцем будзе народны тэатр Івацэвіцкага гарадскога Дома культуры Брэсцкай вобласці. Гледачы ўбачаць пастаноўкі па п’есах Максіма Горкага, Георгія Марчука, Сяргея Кавалёва і іншых.

У гэтыя ж дні V Міжнародны музычны фестываль «Масква—Салігорск-Транзіт» зробіць прыпынкі ў гарадах Салігорск, Любань і Мінск, які ў гэтым годзе далучыўся да праекту. У канцэртнай праграме бяруць удзел 50 музыкантаў — лаўрэатаў усерасійскіх і міжнародных конкурсаў. А таксама ўпершыню на беларускай сцэне выступіць васьмігадовая піяністка з Японіі.

Некалі гэты музычны праект нарадзіўся з дзіцячага джазавага конкурсу «Jazz-time» і зараз з’яўляецца яго спадарожнікам. За гады свайго існавання ён набыў вялікую папулярнасць, а разам з ёй і статус фестывалю. Яго адметнасць не толькі ў сумесных выступленнях беларускіх і расійскіх выканаўцаў, але і ў тым, што яны ўдзельнічаюць у майстар-класах, дзе дзеляцца сакрэтамі свайго майстэрства. Да таго ж удзельнікі выступаюць на сцэнах дзіцячых школ і каледжаў мастацтваў, а на канцэрты і майстар-класы прыязджаюць слухачы з Мінскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей.

Да юбілейнай сустрэчы ўпраўленне культуры Мінскага облвыканкама падрыхтавала спецыяльныя дыпломы «За высокі прафесіяналізм і шматгадовую дзейнасць па развіцці і ўмацаванні міжнародных культурных сувязяў».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter