Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Па старадаўняй традыцыі продкаў беларусы ў Іркуцкай вобласці гукалі Вясну

У святаў — родная душа

Традыцыйнае народнае свята Гуканне Вясны прыжылося ў Сібіры. Яно апісана і ў календары, прыгожа выдадзеным сёлета Беларускім гуртом “Крывічы”, які рэдакцыі ў дарунак даслаў Алег Рудакоў ды яго сябры.“Гуканне Вясны — адзін з самых важных і неабходных абрадаў, — піша ён, аўтар-складальнік календара. — Бо й цяпер нават гарадскі жыхар з радасцю чакае прыход Вясны. Што ж казаць пра сялян! Ім своечасовае пацяпленне было жыццёва неабходным. Прычым заўсёды ж хочацца, каб Вясна прыходзіла паступова, зладжана, каб не было вялікіх разбуральных паводак, і каб зямля наталялася ўдосталь вільгаццю, рыхтавалася да сяўбы”.

Дзяўчаты і маладзіцы граннем на свістульках-акрынах заклікаюць Вясну.
фото: Алеся стасевіч

Пра тое ж, дзе і як гукалі сёлета Вясну беларусы Іркуцка, я даведалася з старонкі “Крывічаў” у Фэйсбуку. Прайшло свята ў вёсцы Каразей Куйтунскага раёна. І для таго, каб Вясна-прыгажуня хутчэй уступіла ў свае прыродныя правы, супляменнікі правялі адпаведны абрад. Як вядома, актывісты клуба ўжо больш за 20 гадоў вывучаюць старадаўнія традыцыі беларусаў, адраджаюць ды ўзнаўляюць іх. Сёлета ж яны выехалі на 370 кіламетраў ад Іркуцка: у каларытную вёску, заснаваную беларускімі перасяленцамі на пачатку ХХ стагоддзя, у час Сталыпінскай рэформы 1902—1912 гадоў. Вёска й сёння вялікая: паўтары тысячы жыхароў. Ёсць у ёй клуб, школа, фермерскія гаспадаркі, свая пякарня.

Як заўсёды, абрад распачалі спевамі. Вядома: клікаць Вясну могуць толькі дзяўчаты й маладыя жанчыны, бо менавіта яны ўвасабляюць абуджэнне Прыроды, Нараджэнне новага жыцця. Яны ж, паводле народнай традыцыі, з’яўляюцца падапечнымі Лады — багіні Вясны. І, кажуць, толькі ж іх звонкія галасы можа пачуць Лада й прачнуцца. Тады вось і наступіць нарэшце Вясна.

“Крывічанкі” ў традыцыйных строях спявалі “гукальныя” песні, вадзілі карагоды, закапвалі гаршчочак з кашай у зямлю: на добры ўраджай. Пасля запускалі ў неба “птушак”, свісталі як “салавейкі” ў свістулькі-акарынкі, смажылі яечню: гэта сімвалічны вобраз Белага Свету з Сонцам у ім.

Калі ж рытуальныя дзеі завяршылі, да гуляння далучыліся й хлопцы. Усе разам, госці з Іркуцка ды каразейцы, гулялі ў вясновыя гульні, спальвалі пудзіла Зімы, асабістыя старыя рэчы, танцавалі ды весяліліся.

Рытуальнае печыва ў руках сібірачак з беларускай вёскі Каразей
фота: Алеся стасевіч

У Календары народных святаў Беларускага клуба “Крывічы”, што цяпер вісіць над маім рабочым сталом, апісаны таксама іншыя традыцыі ды абрады. Так, на старонцы студзеня чытаем пра Каляды, у лютым — пра Грамніцы. Гартаючы каляндар, можна больш даведацца пра Камаедзіцу, Купалле, Дажынкі, Багач, Дзяды, Жаніцьбу Цярэшкі. “Традыцыйныя святы — душа беларускага народа, — адзначае Алег Рудакоў. — На святы беларусы надаюць шмат увагі яднанню з Прыродай, гарманічным стасункам у сям’і, з суседзямі, а таксама правядзенню абрадавых дзеяў, пад час якіх аднаўляецца-ўсталёўваецца лад як з Зямлёю-карміцелькай, так і з усімі прыроднымі стыхіямі”.

Каляндар да таго ж добра ілюстраваны. Дух, атмасферу кожнага са святаў, абрадаў перадаюць і фотаздымкі. Пададзена таксама інфармацыя пра дзейнасць клуба “Крывічы”, анонс будучых спраў і мерапрыемстваў. Вось у маі ўжо ў чацвёрты раз пройдзе Міжнародны фестываль “Беларускі кірмаш”, які збірае беларускія гурты з усёй Іркуцкай вобласці: ад вёскі Чарчэт, што ў Тайшэцкім раёне, да горада Слюдзянка на паўднёвым узбярэжжы Байкала. Дарэчы, на фэсце чакаюць і музыкаў з Беларусі! У ліпені ж актывісты “Крывічаў” будуць ладзіць этнападарожжы па беларускіх вёсках вобласці. А ў жніўні запланаваны гастролі па Сібіры і, магчыма, у Беларусь.

Яечня — сімвал белага свету і Сонца ў ім
фота: Алеся стасевіч

“Пры клубе “Крывічы” працуе Ансамбль аўтэнтычнай песні, створаны секцыі па беларускіх побытавых танцах, рамёствах, навукова-этнаграфічных даследаваннях, вывучэнні ды правядзенні беларускіх абрадаў, — удакладняе Алег Рудакоў. — Нашы напрацоўкі ўнікальныя і вельмі цікавыя для сібіракоў. Але і ў Беларусі выступленні “Крывічаў” заўсёды праходзяць з аншлагам: мы прадстаўляем беларускія традыцыі, што захаваліся ў Сібіры”.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 13 (3565), чацвер, 5 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter