Паездка на выставу “СМI ў Беларусi 2015” стала для мяне цудоўным спатканнем з Радзiмай

У светлым храме прыхажанка...

Паездка на выставу “СМI ў Беларусi 2015” стала для мяне цудоўным спатканнем з Радзiмай


За апошнiя гады гэта — самы светлы, непаўторны i хвалюючы тыдзень майго жыцця. Колькі эмоцый! Сем дзён жыла, дыхала, хадзiла (адчуванне ж — быццам лётала!), смяялася i плакала слязьмi радасцi разам з маёю роднай Беларуссю. Захаплялася ёю ўсёй душой, бы смакавала кожную кропельку яе водару, і ўсмешкай вiтала сваiх землякоў. Хацелася кожнага стрэчнага спынiць i кожнаму сказаць:  я — з Латвii, але, як i вы, беларуска я. Тут я — СВАЯ.


Журналістка Валянціна Грыбоўская падаравала Леаніду Гуляку кнігі, прывезеныя з Ліепаі

Якое гэта было шчасце: амаль тыдзень адчуваць сябе ТУТЭЙШАЙ. Менавiта так: не беларускай  замежжа, а СВАЁЙ — дзяўчынай з самабытнай Клеччыны. З якiм гонарам я адчувала сябе мясцовай! Дзяўчынай з вёсачкi Бабаевiчы, з цудоўнай сям’i хлебароба Дзмiтрыя Iванавiча Кульбакi: яго паважалі калiсьцi ў Шчэпiчах як старшыню сельсавета, а пазней — у калгасе “Памяць Ленiна”, на дзяржаўным племзаводзе “Чырвоная зорка” таго ж Клецкага раёна Міншчыны. У вясковай хаце пад Клецкам, дарэчы, i сёння захоўваецца сярэбраны медаль  з Масквы, з Выставы дасягненняў народнай гаспадаркi СССР (ВДНГ) за вырашчаны яго брыгадай высокi ўраджай. Шкада, заехаць пад родны Клецк мне на гэты раз не ўдалося.

Дзе памяць — iдэалогiя

Прыгажун Мiнск вярнуў мяне ва ўзнёслае студэнцкае юнацтва. Вялiкi дзякуй Упаўнаважанаму па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў і супрацоўнікам яго апарату: цікава была складзена праграма нашага гасцявання ў Беларусі. Была ў ёй і сустрэча ў Інстытуце журналiстыкi  БДУ, я пабачылася з нашымi  былымi выкладчыкамi! З радасцю прыняла ў дарунак кнiгу, якая выйшла летась i прысвечана 70-годдзю факультэта журналiстыкi  БДУ. Там, у лiку выпукнiкоў 1978 года, ёсць i маё прозвiшча: КУЛЬБАКО Валентина Дмитриевна. У сэрца запалі словы майго выкладчыка, доктара гiстарычных навук  прафесара Алега Слукi: “Для нас, беларусаў, памяць пра Вялiкую вайну — гэта iдэалогiя. Галоўнае для Беларусi — не дапусцiць вайны новае”.  І так прыемна было мне падараваць музею Інстытута журалiстыкi кнiгу “О войне и мире” (“Спасибо за жизнь!”), якая выдадзена ў Лiепаi i расказвае пра справы мясцовага таварыства ветэранаў вайны i працы па захаваннi памяцi пра подзвiг савецкага салдата. А ў Латвii, дзе на ўзроўні дзяржавы цяпер іншае стаўленне да гісторыі, праводзiць гэту святую работу значна цяжэй. Але ўдаецца, дзякуючы перш за ўсё самiм ветэранам. I я шчаслiвая, што ў кнiзе ёсць i мае замалёўкi, артыкулы пра лiепайчан-ветэранаў, пра тэму памяцi ў жыццi Беларускай суполкi Лiепаi “Мара”.

Рада я, што змагла прывезцi на Бацькаўшчыну і сваю кнiгу “Он был солдатом” (“Страницы из жизни легендарного комдива генерал-майора Николая Дедаева”. Гэты афіцэр, нагадаю, кiраваў абаронай Ліепаі ў першыя днi вайны. Наш горад называюць, дарэчы, балтыйскiм Брэстам: ён першым у Латвii прыняў удар фашыстаў. Для мяне яшчэ таму такая важная ваенная тэма, што я — беларуска. Калі наведвалі Дзяржаўны музей гісторыі Вялiкай Айчыннай вайны ў новым будынку на праспекце Пераможцаў, калі хадзілі па ваенна-гістарычным комплексе “Лiнiя Сталiна” па Мінскам — для мяне гэта было і ўзрушэннем, нават шокам, і гонарам. Думала: так увекавечыць памяць пра жудасны час, перажыты нашым народам (а мільёнамі жыхароў Беларусі так і не перажыты…) могуць толькi беларусы. Нiзкi паклон вам за вернасць гісторыі, дарагiя мае землякi! Згадкі пра тыя Храмы Памяцi будуць у новых маiх артыкулах пра Вялiкую вайну i тое, як яе помняць у нашай Беларусi. Нiзкi паклон вам i за тое, што помнiце наказ продкаў: калi людзi забываюць пра вайну — пачынаецца новая. Сiл вам у гэтай пачэснай i нялёгкай справе!

З сертыфiкатам ад Радзiмы

Прызнаюся: сёлетнюю паездку на выставу “СМI ў Беларусi” — а паездка стала магчымай дзякуючы запрашэнню Амбасады Беларусі ў Латвii — чакала я ўсе 16 гадоў iснавання суполкi “Мара”. Чаму гэта для мяне важна? У ліку iншых беларусаў замежжа з нашай групы я атрымала сертыфiкат, якi сведчыць: прайшла навучанне на семiнары ў аб’ёме 34 вучэбныя гадзiны. А ён неабходны мне цяпер кожныя тры гады — каб засведчыць маё жаданне павышаць квалiфiкацыю i тым самым утрымацца на працоўным месцы ў школе. Сёння лiепайская 12-я сярэдняя школа  — адзiнае маё афiцыйнае месца працы: кiраўнiк прэс-клуба “Oкно”. Ёсць яшчэ грамадская праца ў “Мары” i послушание (па-беларуску, відаць: послух) у Лiепайскай царкве вялiкага благавернага Аляксандра Неўскага: я рэдактар прыходскай газеты “Доброе слово”, што выходзiць раз на месяц. Яшчэ і ў газету Латвiйскай праваслаўнай царквы “Виноградная лоза” пiшу пра жыццё вернiкаў Лiепаi. Таму з вялiкай надзеяй і цікавасцю iшла ў Мінску ў “Народную газету” на сустрэчу з калегамі-журналiстамi. У іх цудоўныя ўмовы для працы! Па-добраму пазайдросцiла iх магчымасцi аператыўна рэагаваць на важнейшыя ў жыццi падзеi. I трохi пашкадавала, што нiкога не зацiкавiла мая прапанова: мець свайго карэспандэнта за мяжой. А можа ёсць сэнс дзяржаўным рэспублiканскiм газетам Беларусi атрымлiваць цiкавую iнформацыю з Латвii, з Лiепаi з першых вуснаў? Агучваю яшчэ раз сваё пытанне і спадзяюся на зацiкаўлены водгук калег. Мне вельмi хочацца аддзячыць Радзiме за добрую адукацыю, якую ў Беларусі атрымала. Вельмi хочацца быць карыснаю і ёй, а не толькi ў Латвii.

Дазволь тваёй заступнiцаю быць!

Цудоўнай была для нас i паездка ў гарадок Заслаўе — сустрэлiся са старажытнай Беларуссю. Парадавала, як працуе горад з турыстамi. Дарэчы, Лiепая сёлета прыярытэтным напрамкам турыстычнай дзейнасцi выбрала менавiта Беларусь. Будзе пра што i мне расказаць будучым гасцям Беларусi з Лiепаi.

Карысную iнфармацыю атрымалi ад Упаўнаважанага па справах рэлiгій i нацыянальнасцяў Гулякi Леанiда. Ён заўсёды шчыра прымае землякоў. Дарэчы, сам, як і я, родам з Клецкага раёна: з вёскі Межная Слабада. Мне прыемна было падараваць там яшчэ адну кнiжку з Лiепаi — зборнiк работ таленавітых людзей з горада пад лiпамi. У iм і мой аповед “По святым местам Белой Руси” — пра паломнiцтва лiепайчан. Дарэчы, паездку ладзілі па маёй просьбе, яна  стала для мяне адкрыццём святой Беларусi.

У думках вяртаюся на зямлю бацькоў. Задумваюся: што для мяне “Мара”? Знаходжу адказ: гэта даніна павагі і любові да Бацькаўшчыны, якой хачу аддзячыць. Настрой душы сугучны радкам паэткі Соф’і Шах, якая ў санэтах звяртаецца да Радзiмы: “Дазволь тваёй заступнiцаю быць,/ мой цiхамiрны, мой цярплiвы краю, —/ хаця адну магчымасць толькi маю:/ цябе да неймавернасцi любiць…” Для мяне “Мара” — як у храме служба, і я ў тым светлым храме прыхажанка. Не заўсёды магу далучыцца да спраў “Мары” па сямейных абставiнах, а душа мая — заўсёды там. Хачу аддзячыць бацькам, якiя выхавалi мяне такою: з жывым сумленнем, прынцыповаю, здольнаю цанiць сапраўдных сяброў, прасiць прабачэння i самой прабачаць. Усе мы, на жаль, можам памыляцца. Усе мы людзі, ды важна разумець: любая наша выпраўленая памылка ёсць прыступка для духоўнага росту.

І яшчэ для мяне “Мара” — гэта магчымасць аддзячыць Бацькаўшчыне за цудоўную адукацыю. Сёння, праўда, я не так запатрабавана ў выданнях, як раней, ды і сям’я патрабуе клопатаў. Але ж прафесiйна расказваю пра справы “Мары” i стараюся рабiць гэта з душой — паглядзіце ў інтэрнэце:
www.nashaliepaja/ организации/ Мара. А кожная паездка на выставу “СМI  ў Беларусi” становiцца для мяне яшчэ адным крокам да Беларусі,  памятаеце ў класіка: “О, як далёка нам яшчэ Беларусі”... Таму выказваю шчырую падзяку першаму сакратару  Пасольства Аляксандру Сушкевiчу за цудоўны падарунак: сустрэчу з Радзiмай. Цяпер мне ёсць шмат пра што расказваць у латвiйскіх СМI.

Фотаздымак: Іван Ждановіч
Валянцiна Грыбоўская, член Беларускай суполкi Лiепаi “Мара”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter