У светлых промнях кахання

Шмат фатаграфій з сямейнага альбома, цёплых душэўных успамінаў, цікавых гісторый у біяграфічнай кнізе Вікторыі Мурашкене, прысвечанай мужу Лявону Мурашку — вядомаму опернаму спеваку і першаму кіраўніку Згуртавання беларускіх грамадскіх аб’яднанняў ЛітвыПамятаю, з якой радасцю сустракаў нас Лявон Адамавіч на Свяце беларускай песні ў Вільнюсе. Тады, у 2006 годзе, у дзясяты раз фестываль збіраў беларусаў з усёй Літвы. Удзельнікі прыязджалі і з-за мяжы, а галоўнае — з любімай яго Беларусі. Для артыстаў у Лявона Адамавіча заўжды знаходзіліся патрэбныя словы, каб падтрымаць, падбадзёрыць перад выступленнем. А для гасцей — невялічкія сюрпрызы. І сёння на кніжнай паліцы ў мяне стаіць сімвалічны напамін пра гэтага незвычайнага чалавека — прыгожае бурштынавае дрэва. “На шчасце”, — казаў Лявон Адамавіч.
В. Мурашкене (злева) пад час прэзентацыі кнігі пра мужаШмат фатаграфій з сямейнага альбома, цёплых душэўных успамінаў, цікавых гісторый у біяграфічнай кнізе Вікторыі Мурашкене, прысвечанай мужу Лявону Мурашку — вядомаму опернаму спеваку і першаму кіраўніку Згуртавання беларускіх грамадскіх аб’яднанняў Літвы
Памятаю, з якой радасцю сустракаў нас Лявон Адамавіч на Свяце беларускай песні ў Вільнюсе. Тады, у 2006 годзе, у дзясяты раз фестываль збіраў беларусаў з усёй Літвы. Удзельнікі прыязджалі і з-за мяжы, а галоўнае — з любімай яго Беларусі. Для артыстаў у Лявона Адамавіча заўжды знаходзіліся патрэбныя словы, каб падтрымаць, падбадзёрыць перад выступленнем. А для гасцей — невялічкія сюрпрызы. І сёння на кніжнай паліцы ў мяне стаіць сімвалічны напамін пра гэтага незвычайнага чалавека — прыгожае бурштынавае дрэва. “На шчасце”, — казаў Лявон Адамавіч.
Пад час нашых сустрэч з Лявонам Мурашкам у розныя гады заўсёды побач з ім была жонка Вікторыя. Уражвалі яе спакой і ўпэўненасць, а таксама пашана і клопат, якімі яна акружала мужа: бы імкнулася абараніць яго ад хваляванняў і трывог. Здавалася, яны разумеюць адзін аднаго не толькі з паўслова, але і з паўпозірка...
Відаць, такім і павінна быць каханне — спакойным, амаль непрыкметным, аднак глыбокім і моцным. Тры гады таму Лявона Мурашкі не стала. Вікторыя ж па-ранейшаму наведвае галоўны праваслаўны храм Літвы ў Свята-Духавым манастыры, дзе яе муж шмат год быў рэгентам хору. Сустракаецца з вядомымі літоўскімі спевакамі, вучнямі Лявона Адамавіча, сябрамі-беларусамі. Нядаўна ж, пад час кніжнай выставы ў Вільнюсе, прайшла прэзентацыя кнігі Вікторыі Мурашкене “Не магу цябе не кахаць”, прысвечанай Лявону Мурашку. Вельмі проста, цёпла, па-свойску расказвае аўтар пра пачуцці і сямейныя клопаты, працу мужа і яго поспехі, а таксама пра галоўную справу жыцця — яднанне літоўскіх беларусаў, захаванне беларускасці ў гэтай краіне. Вядома ж, менавіта намаганнямі Лявона Мурашкі было ўтворана Згуртаванне беларускіх грамадскіх аб’яднанняў Літвы, у якое ўваходзілі 17 суполак з усёй краіны. З 1997 года ён жа быў нязменным кіраўніком гэтай арганізацыі.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын пад час прэзентацыі кнігі гаварыў, што Лявон Мурашка застанецца ў памяці беларусаў Літвы як чалавек, які зрабіў вялікі ўклад у справу іх згуртавання, і ўсім сэрцам перажываў за тое, каб захоўваліся нацыянальныя гістарычныя каштоўнасці, культурная спадчына.
Лявон Адамавіч заўсёды размаўляў па-беларуску, вельмі хацеў, каб родная мова шырэй ужывалася ў Літве. Заўсёды нераўнадушна ставіўся да жыцця Віленскай гімназіі імя Францыска Скарыны. Яго намаганнямі там быў створаны Беларускі літаратурна-мастацкі музей. Гэта дзякуючы Лявону Мурашку ў Літве сталі штогод праводзіцца фестывалі беларускай песні. І цяпер ладзяцца мерапрыемствы па ўшанаванні памяці вядомых суайчыннікаў, святы беларускага гістарычнага і народнага календароў.
Між іншым, Лявон Мурашка — ураджэнец вёскі Сіняўка Клецкага раёна Міншчыны. У свой час быў салістам Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Літвы, шмат гастраляваў па ўсіх рэспубліках былога Савецкага Саюза. Наш суайчыннік выступаў у многіх краінах свету. Аднак заўсёды захоўваў духоўную повязь з Радзімай.

Кацярына Мядзведская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter