Познаем Беларусь: сакральный смысл старинного белорусского обряда «Бразгун»

У светлай крыніцы вадзіца-жывіца

Жыхары Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці право­дзяць яго 13 ліпеня — на наступны дзень пасля ўшанавання памяці святых апосталаў Пятра і Паўла.

mogomc.by

Каля святой крыніцы, што ля вёскі Наркі Чэрыкаўскага раёна, штогод у сярэдзіне ліпеня збіраецца шмат лю­дзей. Найперш каб набраць гаючай вадзіцы з крынічкі, ачысціць душу. Чаму менавіта гэта крыніца стала галоўнай гераіняй свята Пятра і Паўла?

Па легендзе ў гэты дзень з-пад зямлі ўдарыў фантан, які пачаў бразгацець на ўсю ваколіцу (адсюль і назва абраду). Моцны струмень вады біў з-пад зямлі і падымаў да верхавін дрэў мноства дробных каменьчыкаў. Людзі, убачыўшы гэты цуд, пачалі хрысціцца ды дзякаваць святым Пятру і Паўлу. Верылі, што менавіта апосталы і паслалі ім гэты дар. З таго часу крыніца стала культавым месцам.

Крыніцу расшырылі, паставілі ля яе драўляны крыж, а праз некаторы час асвяцілі па хрысціянскім звычаі. З той пары і пачалі адзначаць свята Бразгун.

mogomc.by
Штогод людзі нясуць да крыніцы ікону святых Пятра і Паўла. На працягу некалькіх гадоў яна захоўваецца ў адной хаце, а потым перадаецца ў другую. Тая сям’я, якая захоўвае абраз, клапоціцца і пра крыніцу. Мясцовыя жыхары лічаць, што ікона аберагае вёску ад пажараў, бур і іншых няшчасцяў.

Кожны жыхар імкнецца на свята выйсці на вуліцу, пакланіцца іконе, пацалаваць яе, а потым прайсці пад ёй і папрасіць у заступнікаў Пятра і Паўла дабра для сябе і сваіх блізкіх. Затым усе гуртом ідуць за чатыры кіламетры да самой крыніцы. Наперадзе нясуць хлеб і соль, а таксама аброчную свечку вялікіх памераў. Яе напярэдадні Бразгуна жыхары вёскі Наркі робяць сваімі рукамі, шыюць новую «спаднічку».

Ля самой крыніцы святары слу­жаць малебен. У многіх вёсках у святочны дзень праводзяць фэсты. Усе намеры сялян накіраваны на тое, каб з дапамогай рытуалаў спрыяць будучаму ўра­джаю. З гэтай просьбай яны ў даўнія часы звярталіся з малітвамі і да апосталаў.

Дарэчы, Бразгун — не толькі крыніца, але і назва гуляння на паляне ля яе. Тут збіраюцца дзясяткі паломнікаў з розных рэгіёнаў краіны.

ДАРЭЧЫ

Абрад «Бразгун» і ўшанаванне абраза святых Пятра і Паўла ў Чэрыкаўскім раёне ў 2012 годзе былі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

АД ПРАДЗЕДАЎ

У многіх рэгіёнах адразу пасля Пятрова дня пачыналася жніво. З зерня новага ўраджаю пяклі свежы хлеб. Таксама пачыналі ка­паць першую бульбу.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter