У сваiм краi, як у раi

Гэты дзіўны куток Беларусі валодае асаблівай магіяй прыцягнення. Адпавядаюць унікальнай прыродзе, захоўваць якую дапамагае Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, цудоўныя людзі, якія тут жывуць, імкнуцца зберагчы сваю самабытную культуру, традыцыі, абрады, рамёствы. Накіраваны на гэта і Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”, які раз у два гады праводзіцца ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна. У мінулую суботу тут адбыўся ўжо пяты па ліку форум.


Традыцыйныя ўдзельнікі фестывалю — творчыя калектывы і майстры з 8 раёнаў Гомельшчыны (Мазырскага, Нараўлянскага, Петрыкаўскага, Хойніцкага, Жыткавіцкага, Ельскага, Калінкавіцкага, Лельчыцкага) і 3 раёнаў Брэстчыны (Столінскага, Лунінецкага і Пінскага). Гэтыя куточкі аб’ядноўвае Палессе, аднак кожны з іх па-свойму асаблівы і непаўторны. Дэлегацыі раёнаў прадстаўляюць унікальныя падворкі, якія распавядаюць пра канкрэтную вёску з незвычайнай назвай. На адзін дзень яны аб’ядноўваюцца ў адну Палескую вобласць пад лозунгам “У сваiм краi, як у раi”. У Год малой радзімы ён гучыць асабліва актуальна. Акцэнт на гэтым зрабіў у сваім прывітанні ўдзельнікам і гасцям форума і Аляксандр Лукашэнка: “Упэўнены, што ў Год малой радзімы каларыт фестывальных мерапрыемстваў нагадае вам пра ўласныя карані і вытокі, пра месца, дзе вы нарадзіліся, выраслі, дзе засталася часцінка вашай душы”. Прэзідэнт адзначыў, што гэты творчы форум з’яўляецца адной з крыніц захавання і развіцця назапашаных традыцый беларускага народа. “За шматвяковую гісторыю нашы продкі пакінулі нам багатую і самабытную культурную спадчыну. Але і сёння мы працягваем напаўняць яе матэрыяльным і духоўным зместам “, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Фестываль шырыцца і развіваецца. Лічбы кажуць самі за сябе. Калі ў першым форуме прымала ўдзел каля 6 тысяч гасцей, то ў другім ужо ў 3 разы больш. А ў гэтым годзе на “Кліч Палесся” адгукнуліся больш за 1,7 тысячы артыстаў і каля 20 тысяч гледачоў. З задавальненнем прыязджаюць сюды госці з усёй Беларусі, а таксама з Расіі, Украіны, Польшчы, Латвіі і іншых краін.

Акрамя падворкаў, якія расцягнуліся на 3 кіламетры, і іншых традыцыйных мерапрыемстваў, на фестывалі з’явіліся цікавыя навінкі. Напрыклад, выступленне батлеечных тэатраў — яны зарадзіліся ў гэтых краях яшчэ ў пачатку XVI стагоддзя. Прычым можна было не толькі паглядзець прадстаўленні, але і паўдзельнічаць у іх. А яшчэ ўсе жадаючыя маглі навучыцца старадаўнім беларускім танцам, паўдзельнічаць у майстар-класе па вырабе лялек, акунуцца ў атмасферу народных гульняў і забаў.

Папоўніліся і шэрагі ганаровых палешукоў — імі сталі кіраўнік заслужанага народнага ансамбля “Выцінанка” Столінскага Дома культуры Пётр Астапчук і байдарачнік, алімпійскі чэмпіён, сяміразовы чэмпіён свету Раман Петрушэнка. А ў конкурсе “Палеская прыгажуня — 2018” перамагла Юлія Герасіменка з Петрыкава. Журы нялёгка было зрабіць выбар — на Палессі столькі прыгажунь! Тут умеюць ад усёй душы і працаваць, і весяліцца, і частаваць гасцей.

kuklov@sb.by

Фото БЕЛТА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter