У «Сугуччы сэрцаў»

Выдавецкі дом «Звязда» выпусціў новую серыю «Сугучча сэрцаў»

Перакладамі твораў пісьменнікаў іншых краін узбагачаецца беларуская літаратура

Новая серыя кніг «Сугучча сэрцаў», у якой сабраны лепшыя ўзоры паэзіі і прозы краін СНД, створанай пасля 1991 года, выпушчана Выдавецкім домам «Звязда». Як распавёў дырэктар — галоўны рэдактар установы Алесь Карлюкевіч, серыя аб’ядноўвае 11 зборнікаў, кожны з якіх складаецца з дзвюх частак: сучасная беларуская літаратура і нацыянальная літаратура той ці іншай краіны СНД у перакладзе на рускую мову. Варта адзначыць, што беларуская літаратура прадстаўлена аўтарамі розных пакаленняў, у тым ліку і такімі прызнанымі класікамі, як Васіль Быкаў, Іван Чыгрынаў, Іван Шамякін, Янка Брыль.

Праца над серыяй ішла на працягу бягучага года, кожны зборнік рыхтаваўся з удзелам нацыянальных саюзаў пісь-меннікаў краін СНД. Як падкрэсліў Алесь Карлюкевіч, гэтыя кнігі не толькі беларускай «выпечкі», яны створаны міжнароднай пісьменніцкай супольнасцю.

Выпуск новай серыі стаў адной з галоўных тэм круглага стала, прысвечанага сучаснаму міжнароднаму літаратурнаму супрацоўніцтву на прасторы Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Паводле слоў аднаго з яго ўдзельнікаў загадчыка выдавецкага сектара Міністэрства культуры і турызму Азербай-джана Чынгіза Аліаглу, сабраны ў серыю цудоўны букет твораў пісьменнікаў брацкіх рэспублік радуе яго і як інтэлігента, і як паэта.

— Беларускімі сябрамі зроблена вялікая праца, за што ім вялікае дзякуй. Чым больш беларускае слова будзе ўваходзіць у азербайджанскую прастору думкі і наадварот, тым больш і лепш будуць нашы народы ведаць адзін аднаго, тым больш будуць духоўна звязаны. Але не толькі беларусы і азербайджанцы, а ўсе, хто бу-дзе трымаць у руках гэтыя кнігі, будуць духоўна ўзбагачацца, — сказаў Чынгіз Аліаглу.

Вынікам даўняга існуючага духоўнага моста паміж народамі Беларусі і Казахстана назваў стварэнне новай серыі яшчэ адзін удзельнік пася-джэння намеснік старшыні Камітэта інфармацыі і архіваў Міністэрства культуры і інфармацыі Рэспублікі Казахстан Арыстанбек Нурмаханаў.

Як заўважыў у час размовы ўкладальнік серыі «Сугучча сэрцаў» галоўны рэдактар часопіса «Нёман» Алесь Бадак, немагчыма не ведаць, што адбываецца ў суседніх літаратурах, што друкуецца, якія ёсць яркія аўтары. Не перакладаючы творы нашых суседзяў, мы збядняем не іх, а сябе, таму дзякуючы праекту «Сугучча сэрцаў» беларуская літаратура толькі ўзбагацілася, справядліва лічыць вядомы паэт.

Кнігі серыі ўжо прэзентаваліся на выстаўках у Расіі, Украіне, Германіі, Азербайджане і ўсюды нязменна выклікалі цікавасць, прычым не толькі прафесіянальных літаратараў і кнігалюбаў, але і звычайных чытачоў.

Дарэчы, адзінаццаць змястоўных зборнікаў маюць і вельмі прыгожае мастацкае афармленне. На вокладцы кожнага — выявы фрагментаў слуцкіх паясоў у спалучэнні з нацыянальным арнаментам кожнай краіны, творы якой прадстаўлены ў томе.

Серыя «Сугучча сэрцаў» стане зыходнай кропкай для ажыццяўлення новых літаратурных праектаў. У прыватнасці, у наступным годзе пачнецца выпуск серыі дзіцячых кніг аўтараў краін СНД. Плануецца, што першая з іх бу-дзе прадстаўлена ўжо ў лютым на чарговай Мінскай міжнароднай выстаўцы-кірмашы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter