У спадчыны — агульныя карані

Польскі бок рыхтуе для перадачы на захаванне ў беларускія музеі 48 лічбавых копій партрэтаў з галерэі Радзівілаў
Польскі бок рыхтуе для перадачы на захаванне ў беларускія музеі 48 лічбавых копій партрэтаў з галерэі Радзівілаў.

Гаворка ідзе пра копіі партрэтаў з галерэі Радзівілаў, перададзеных Беларуссю Польшчы ў 1954 годзе. У сваю чаргу, беларускі бок дазволіў фотаздымку партрэтаў Радзівілаў, якія захоўваюцца ў беларускіх музеях.

Па словах намесніка кіраўніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігара Чарняўскага, праблема захавання спадчыны магнацкага роду Радзівілаў праходзіць праз усю дзейнасць Беларуска-польскай кансультацыйнай камісіі па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. У полі зроку камісіі знаходзяцца актуальныя праблемы захавання агульных для беларусаў і палякаў помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры. Сёння Беларусь і Польшча супрацоўнічаюць у справе аднаўлення помнікаў Нясвіжа і Міра, славутасцяў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, інвентарызацыі аб’ектаў сакральнай архітэктуры, рэстаўрацыі асобных гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Сярод іх варта сёння назваць іканастас былога Гродзенскага езуіцкага касцёла — помніка архітэктуры барока пачатку XVII стагоддзя і фрэсак у Гальшанскім касцёле, узведзеным у XVI–XVIII стагоддзях у стылі барока. У Нясвіжскім касцёле Божага цела неабходна заняцца аднаўленнем даху, крыпты і фрэсак.

“Дзякуючы камісіі ажыццяўляецца сталае супрацоўніцтва многіх устаноў культуры, у тым ліку архіваў, музеяў і бібліятэк”, — адзначыў І.Чарняўскі.

Беларуска-польская кансультацыйная камісія па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны як інструмент рэалізацыі супрацоўніцтва ў галіне культуры была створана ў 1993 годзе.

Міхась Гаршкоў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter