У сквер схадзіць, часопіс пачытаць

На лета магілёўская бібліятэка пераедзе ў Камсамольскі сквер

На лета магілёўская Цэнтральная гарадская бібліятэка імя К. Маркса пераязджае ў Камсамольскі сквер.

З 13 чэрвеня кожны чацвер і пятніцу з 11.00 да 16.00 тут будуць выстаўляць вялікі чырвоны парасон, а пад ім — стол для чытання. З прэсай таксама можна будзе пасядзець ля фантана і на лавачках, што размешчаны побач. Пагартаць наведвальнікам прапануюць шэраг разнастайных часопісаў. Будзе тут устаноўлены і стэлаж для буккросінгу.

Акрамя таго, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Алена Астапава расказала, што пры жаданні ў скверы людзі змогуць запісацца ў бібліятэку. Дарэчы, у мінулым годзе гэтай магчымасцю скарысталася больш за 300 чалавек.

Працаваць «чытанка» пад адкрытым небам будзе да 23 жніўня. Выключэнне складуць хіба што дні, калі на дварэ будзе ліць моцны дождж. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter