У самым сэрцы краіны.

Пухаўшчына адметная не толькі сваім геаграфічным становішчам, яна багатая на дзіўныя мясціны, помнікі гісторыі і архітэктуры і рукатворныя цуды.

Пухаўшчына адметная не толькі сваім геаграфічным становішчам, яна багатая на дзіўныя мясціны, помнікі гісторыі і архітэктуры і рукатворныя цуды.

Пад аховай іконы

У вёсцы Блонь, якая з’яўляецца цэнтрам сельсавета і РСУП “Племянны завод “Індустрыя”, у 1826 годзе на месцы згарэўшага храма пабудавана драўляная Троіцкая царква, якая на працягу многіх гадоў была адзінай у раёне. Змайстраваная без адзінага цвіка, яна мае арыгінальнае архітэктурнае рашэнне і з’яўляецца помнікам архітэктуры ХІХ стагоддзя. Яна была закрыта ў 1935 годзе і расчыніла свае дзверы для прыхаджан толькі ў 1941 годзе.
Лічыцца, што царква ўцалела дзякуючы цудатворнай іконе Божай Маці Мар’інагорскай, якую вернікі прынеслі сюды пасля разбурэння Зачацьеўскага сабора ў Мар’інай Горцы. З Багародзіцай звязана і адно з тлумачэнняў назвы горада. Яна, па веры пухаўчан, з’яўляецца заступніцай краю.

Блонская славутасць

У Блоні часткова захаваўся і  сядзібна-паркавы ансамбль, які з’яўляецца помнікам архітэктуры сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Гісторыя маёнтка пачынаецца яшчэ да паўстання 1863 года. Ім валодалі Панінскія, Асоўскія. А ў 1868 годзе царскі ўрад канфіскаваў маёнтак і разам з вёскай Блонь перадаў расійскаму чыноўніку з Мінска Восіпу Бонч-Асмалоўскаму. Пасля 1879 года ўладальнікам сядзібы стаў яго адзіны сын Анатоль Бонч-Асмалоўскі, які быў выключаны з Пецярбургскага універсітэта і высланы ў маёнтак бацькі пад нагляд паліцыі за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.  Сядзіба сфарміравана з захаваннем матываў позняга класіцызму. Аднапавярховы прамавугольны будынак дома размешчаны ў невялікім парку, які раней цягнуўся ўздоўж ракі Цітаўка і займаў каля чатырох гектараў. Ён меў два ганкі з бакавога заходняга і паўднёвага фасадаў. Планіроўка анфіладная з цэнтральным вестыбюлем. У тарцах будынка размешчаны дзве вялікія залы.
Акрамя дома асноўнымі паркавымі акцэнтамі былі: з усходняга боку — альтанка ў выгіне ракі, з заходняга — млын, пабудаваны каля моста ў адводным канале. Побач з ім размешчаны будынак крухмальнага завода.
Цяпер у сядзібным доме размешчаны раённы краязнаўчы музей, у будынку былога крухмальнага завода — лесапільны і сталярны цэхі сельскагаспадарчага прадпрыемства. Млын, на жаль, не захаваўся.

“Загібелька лепш Парыжа”

Так напісаў Якуб Колас пад уражаннем маляўнічых мясцін Пухаўшчыны, дзе з
30-х гадоў і да канца сваіх дзён рэгулярна адпачываў. Народны паэт гасцяваў з сям’ёй у Загібельцы, а таксама іншых вёсках — Талька, Падбярэжжа, Вусце, Беразянка, Балачанка.
Прыгажосць і непаўторнасць гэтых мясцін, побыт сялян, іх духоўныя запатрабаванні цікавілі і натхнялі паэта. Паэма “Міхасёвы прыгоды”, вершы “Падбярэжжа”, “Вусце”, “Вусценскі груд”, “У родных мясцінах”, “На руінах прошласці”, “Зімой у Балачанцы” непасрэдна апісваюць іх. Зарах у Загібельцы праходзіць літаратурнае свята “Каласавіны”.

Незвычайнае месца

Ніводзін з раёнаў не можа пахваліцца такой адметнасцю. У Пухавіцкім раёне знаходзіцца геаграфічны цэнтр Беларусі. Ён вылічаны і вызначаны каля вёскі Антанова Навасёлкаўскага сельсавета. 31 мая 1996 года тут устаноўлены адпаведны геадэзічны знак.

Жывы музей

У музейны комплекс старажытных народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі” прывозяць самых дарагіх гасцей. У гэтых мясцінах у дзіўнай гармоніі мінулае зліваецца з сённяшнім днём. Тут першым госця сустракае ветраны млын, які сам з’яўляецца гісторыяй. Хлебапякарня вітае пахам хлеба, высушаных траў, пладоў і мілымі прадметамі быту са згубленай у часе бабулінай хаты. У карчме вам раскажуць аб гісторыі самагонаварэння, якое пачыналася з адкрыцця лячэбных якасцей гэтага зелля, і пачастуюць фірменным напоем і традыцыйнай закускай — хлебам і агурком з мёдам. Паўтара года таму на тэрыторыі музейнага комплексу адкрыты храм у гонар святога прарока Іаана Хрысціцеля, які не проста частка экскурсійнай праграмы. Тут праводзяцца богаслужэнні ў адпаведнасці з праваслаўнай царкоўнай традыцыяй.

На радзіме героя

У вёсцы Блужа нарадзіўся і пахаваны Герой Савецкага Саюза Мікалай Чэпік. Ужо 30 гадоў прайшло з таго дня, як ён загінуў пры выкананні баявога задання ў Афганістане. Цяжка паранены, Мікалай гранатай падарваў сябе разам з душманамі.  Яго імем названа Блужская сярэдняя школа, марское судна, прыгарадны электрапоезд. У роднай школе працуе музей героя. Нядаўна ля яго бюста адбылося значнае мерапрыемства — уручэнне блакітных берэтаў маладому папаўненню 5-й асобай брыгады спецыяльнага прызначэння.

Мар’іна Горка — светлая зорка

Звычайная сялянская хата, што на вуліцы Фрунзе ў Мар’інай Горцы, шануе памяць аб чароўных гуках скрыпкі, на якой іграў бацька Ігара Лучанка — Міхаіл Лукіч, і аб першых музычных спробах на акардэоне-чвэртцы і трафейным чорным фартэпіяна будучага кампазітара. Заслужаны дзеяч мастацтва Беларусі, народны артыст СССР, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Дзяржаўнай прэміі Беларусі, ганаровы грамадзянін горада Мар’іна Горка тут адкрыў для сябе тайну нот, тут чэрпае свае мелодыі, як самую смачную ваду з уласнага калодзежа. Ён пастаянна сюды вяртаецца, каб акунуцца ў свет цудоўных успамінаў, у творчую цішыню роднага кута, набрацца натхнення і адпачыць душой.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter