Клас беларускай мовы і літаратуры адкрыўся ў амерыканскай школе

У Сакрамэнта — па-беларуску

У школе Community Outreach Academy ў прыгарадзе сталіцы штата Каліфорнія горада Сакрамэнта ў зоне кампактнага пражывання славянскай дыяспары, адкрыўся клас беларускай мовы і літаратуры. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.

У школе каля 1 300 вучняў ад 5 да 12 гадоў, у большасці сваёй гэта — дзеці славянскіх імігрантаў, у тым ліку выхадцаў з Беларусі. Штогод колькасць беларускіх дзяцей у школе павялічваецца. Па словах дырэктара навучальнай установы, ураджэнкі Беларусі, Ларысы Ганчар, многія бацькі зацікаўлены, каб іх дзеці ведалі родную мову.

Ідэя адкрыцця класа ўзнікла, калі ў студзені беларуская дэлегацыя, якая знаходзілася ў Каліфорніі, наведала школу. Пасля ўжо амерыканскія госці пабывалі ў беларускім Гродне і заключылі дамову аб супрацоўніцтве з гарадской школай №32. Тады пад час круглага стала беларускія і амерыканскія педагогі абмяняліся вопытам, падзяліліся сучаснымі метадамі выкладання беларускай мовы. Дамовіліся: такое супрацоўніцтва стане пастаянным. У перспектыве ж - абмен вучнямі і выкладчыкамі школ, рэалізацыя сумесных адукацыйных праектаў. Адкрыццё беларускага класа ў Сакрамэнта стала магчымым пры садзеянні МЗС Беларусі, пасольства ў ЗША і Гродзенскага гарвыканкама. Школе перададзены і неабходныя вучэбна-метадычныя матэрыялы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter