У Рызе гавораць па-беларуску

З сярэдзіны студзеня да 1 красавіка латвійскія школы прымаюць дакументы ад бацькоў будучых першакласнікаў. Чакаюць вучняў і ў Рыжскай Беларускай асноўнай школе. З гэтай нагоды — некалькі пытанняў да дырэктара школы Ганны Іванэ.
З сярэдзіны студзеня да 1 красавіка латвійскія школы прымаюць дакументы ад бацькоў будучых першакласнікаў. Чакаюць вучняў і ў Рыжскай Беларускай асноўнай школе. З гэтай нагоды — некалькі пытанняў да дырэктара школы Ганны Іванэ.

— Ці ёсць нейкія патрабаванні да будучых вучняў? Ці трэба ім, скажам, здаваць прыёмныя экзамены?

— Такая праверка не дазваляецца законам. Таму калі дзіцяці прыйшоў час ісці ў школу — у адпаведнасці з законам “Аб агульнай адукацыі” ў першы клас залічваюцца дзеці, якім сёлета споўнілася сем гадоў — калі ласка, чакаем!

— А калі дзіця не ведае ніводнага беларускага слова?

— Якраз для гэтага і існуе школа, каб навучыць дзяцей беларускай мове. І не толькі беларускай, але і латышскай, рускай, англійскай. Добра, калі будучы першакласнік займаўся ў падрыхтоўчай групе. Тут для будучых нашых вучняў наладжаны заняткі па беларускай мове, знаёмяцца яны і з латышскай і англійскай мовамі, якія ў школе выкладаюцца ўжо з першага класа.

— А як наконт этнічнай прыналежнасці вучняў?

— У нашай школе вучацца не толькі “пашпартныя беларусы”, але і дзеці іншых нацыянальнасцяў. У кагосьці бабуля – беларуска, а ўнучка — руская, але бацькі выбралі беларускую школу. Шмат дзяцей са змешаных сем’яў. Галоўны крытэрый — цікавасць да беларускай культуры, мовы, традыцый.

— Для жыхароў Рыгі ёсць пэўнае абмежаванне выбару школы па месцы жыхарства?

— Школаў нацыянальных меншасцяў (Рыжская Беларуская асноўная школа — адна з іх) гэтае абмежаванне не датычыцца. Гэта дзяржаўная навучальная ўстанова. Навучанне ў школе бясплатнае. У нас працуе моцны педагагічны калектыў, усе настаўнікі — спецыялісты з вышэйшай адукацыяй. Школа паспяхова прайшла дзяржаўную акрэдытацыю на максімальна магчымы па латвійскім заканадаўстве тэрмін — шэсць гадоў. Да таго ж мы раім бацькам будучых першакласнікаў спяшацца: сёлета жадаючых аддаць сваё дзіця менавіта ў нашу школу нямала. Дарэчы, у лютым у школе праводзіцца Дзень адчыненых дзвярэй.

Даведка ГР

Першы выпуск Рыжскай Беларускай асноўнай школы адбыўся ў 2003 годзе. Яна з’явілася ў многім дзякуючы ініцыятыве Вячаслава Целеша, былога дырэктара школы. Цяпер ён – кавалер найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды Латвіі: ордэна Трох Зорак. На святы ў школу прыходзяць прадстаўнікі Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, Саюза беларусаў Латвіі, Латвійскага фонда беларускай культуры “Бацькаўшчына” імя Кастуся Езавітава.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter