У рытме ча-ча

Алёна Ланская атрымала пуцёўку ў фінал «Еўрабачання-2013»

Алёна Ланская з песняй «Салеа» атрымала пуцёўку ў фінал «Еўрабачання-2013»

Прадстаўніца Беларусі на Міжнародным конкурсе «Еўрабачанне-2013» Алёна Ланская выйшла ў фінал песеннага спаборніцтва і стала адной з дзесяці ўдзельнікаў першага паўфінала, якія атрымалі права выступіць у асноўным туры прэстыжнага шоу.

Алёна далучылася да даволі моцнай кампаніі сапернікаў. Разам з ёй у фінал прайшлі выканаўцы з Расіі, Украіны, Даніі і Нідэрландаў, якіх лічаць фаварытамі сёлетняга конкурсу, а таксама прадстаўнікі Малдовы, Літвы, Ірландыі, Эстоніі і Бельгіі. Па-за фіналам засталіся артысты з Аўстрыі, Славеніі, Харватыі, Чарнагорыі, Кіпра і Сербіі.

За дзесяцігадовую гісторыю ўдзелу нашай краіны ў «Еўрабачанні» сёлетні выхад Беларусі ў фінал трэці па ліку. Раней гэта ўдавалася зрабіць Дзмітрыю Калдуну ў 2007 годзе і групе «3+2» у 2010-м.

Нагадаем, поспех Алёне Ланской прынесла конкурсная песня «Solayoh» («Салеа»), напісаная еўрапейскімі аўтарамі Маркам Паэлінкам і Марцінам Кінгам, у якой гаворыцца пра абстрактную планету шчасця Салеа, дзе няма шэрых будняў і ўсё прасякнута энергіяй любові і натхнення, дзе жывуць добрыя і шчырыя людзі, якія вераць у цуды. У час выступлення на сцэне шведскай Мальмё-арэны разам са спявачкай знаходзіліся два танцоры і тры бэк-вакалісты з Германіі, Славеніі, Сербіі і ЮАР. У нумары беларускай удзельніцы былі задзейнічаны святлодыёдныя барабаны, вогненныя пушкі і феерверк. А сама Алёна выйшла да публікі з вялікага бліскучага дыска-шара ў сукенцы, якая зіхацела 70 тысячамі крысталаў Swarovski, і такі здолела пакарыць еўрапейскую публіку сваёй «гарачай» песняй з запамінальным «ча-ча».

— Гэта проста не перадаць словамі. Я імкнулася да гэтага на працягу 10 гадоў! Для мяне гэта велізарная падзея, якую я пакуль не магу асэнсаваць, — адказала Алёна Ланская на пытанне карэспандэнта БЕЛТА наконт сваіх пачуццяў адразу пасля звесткі пра выхад Беларусі ў фінал.

Разам з тым спявачка падкрэсліла, што гэта прамежкавая перамога, пасля якой не варта расслабляцца, бо галоўнае спаборніцтва наперадзе.

Дарэчы, паводле слоў беларускай выканаўцы, не выключана, што ў фінале яе конкурсны нумар можа крыху змяніцца.

— Са мной працуе вельмі крэатыўная каманда, і я не магу сцвярджаць, што нумар будзе адзін да аднага падобны на паўфінальны, — адзначыла Алёна. На яе думку, ёсць моманты ў выступленні, якія трэба яшчэ дапрацоўваць.

Фінальнае шоу «Еўрабачання-2013» адбудзецца 18 мая. Сёння ўвечары ў час другога паўфінальнага адбору вызначацца яшчэ дзесяць яго ўдзельнікаў. Спаборнічаць на гэты раз будуць выканаўцы з Латвіі, Сан-Марына, Македоніі, Азербайджана, Фінляндыі, Мальты, Балгарыі, Исландыі, Грэцыі, Ізраіля, Арменіі, Венгрыі, Нарвегіі, Албаніі, Грузіі, Швейцарыі і Румыніі.

Прамую трансляцыю пакажуць тэлеканалы «Беларусь 1» і «Беларусь 24».

На здымку: Алёна ЛАНСКАЯ на сцэне «Еўрабачання».

Фота: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter