Пасляслоўе да нарады па актуальных пытаннях развіцця краіны

У рэчышчы канкрэтных дзеянняў

Пасляслоўе да нарады па актуальных пытаннях развіцця краіны


Галоўная лінія: карэннай ломкі пабудаванага не будзе. Толькі далейшае ўдасканаленне. Пры гэтым патрабаванні да Урада, кіраўнікоў рэгіёнаў, усіх органаў улады значна ўзрастаюць. Мэта — павышэнне дабрабыту людзей. І прагрэс у гэтым павінен быць прыкметны ўжо на працягу будучага года.


Малюнак Алега Карповіча

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ да выбараў сфарміраваў Урад для таго, каб грамадства бачыла, з кім ён будзе працаваць у выпадку выбрання. Некаторыя змены складу магчымыя, калі нехта не здолеў справай даказаць здольнасць кіраваць на даручаным участку. Але галоўнае — бачанне перспектывы. Пачынаецца новы пяцігадовы перыяд. Не проста ў храналагічным сэнсе, але ў прынцыпе новы. Неабходна глыбокае разуменне гэтага тэзіса кожнай адказнай асобай.

Прэзідэнт ставіць задачу:

— Кожны з кіраўнікоў галін улады і вышэйшых службовых асобаў — тыя, хто хоча працаваць у новым пяцігоддзі, — павінен даказаць сваю здоль­насць кіраваць. Асабліва гэта датычыцца Урада, Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Бяспекі, сілавых структур. Усіх галін улады. Па-старому працаваць будзе немагчыма, і не толькі таму, што гэтага ад нас патрабуе час, перш за ўсё гэтага буду патрабаваць я. Асаблівая ўвага нараўне з членамі Урада будзе нададзена губернатарам. Таму што самае галоўнае пытанне, ад якога зале­жыць суверэнітэт і бяспека нашай краіны, — гэта эканоміка. А эканомікай у краіне займаюцца Урад, губернатары і падначаленыя ім структуры.

Ад кіраўнікоў Прэзідэнт запатрабаваў прадастаўлення канкрэтных планаў сваіх дзеянняў. Гэтага чакаюць людзі. Яны падтрымалі дзеючую ўладу на выбарах і хочуць ведаць, як яна будзе працаваць, каб зрабіць жыццё лепшым. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу:

— У грамадстве назбіралася вялікая маса, я сказаў бы, крытычная маса чаканняў. І не задаволіць гэтыя чаканні мы не маем права.

Сёння самы лепшы час для эфектыўнай работы, звярнуў увагу Прэзідэнт. Праблема высокіх цэн на энерганосьбіты і сыравіну неактуальная. Яны танныя як ніколі. Астатняе — тэхналогіі, граматныя спецыялісты — у нас ёсць.

Шмат разваг у апошні час пра рэформы. Тут пазіцыя дзяржавы нязменная: ломкі існуючага не будзе. Толькі ўдасканаленне. Ніякіх рэзкіх непапулярных мер.

Асноўныя патрабаванні да кіраўнікоў усіх узроўняў вядомыя. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз пра іх нагадаў. На пярэднім плане — выканальніцкая дысцыпліна. Калі нейкія структуры маюць патрэбу ў аптымізацыі, гэта таксама павінна быць адлюстравана ў планах кіраванцаў. Тут рэсурс і для павышэння зарплат. Задача:

— Такога ўзроўню зарплат і грашовага забеспячэння, якія сёння ёсць у краіне, не павінна быць да канца будучага года. Гэта галоўная мэта работы.

Прэзідэнт адкрыта папярэдзіў удзельнікаў нарады: наперадзе вельмі цяжкая работа. Работа канкрэтная. Схавацца за некага не атрымаецца:

— Адкрываецца новая старонка ў развіцці нашай дзяржавы, і мы разам павінны яе адкрыць — сумленна, прынцыпова, годна і адказна. Наперадзе нас чакаюць надзвычай сур’ёзныя выпрабаванні. Неабходна забяспечыць не толькі далейшае развіццё, але і захаванне гэтай суверэннай незалежнай краіны, якую мы з вамі стварылі.

Уладзімір Хромаў

Па сутнасці акрэсленых задач


Давід Ротман, дырэктар цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў:

— Заява аб тым, што ў грамадстве назапашана маса спадзяванняў, якія трэба задаволіць, а людзі чакаюць змен да лепшага, вельмі актуальная. Але сітуацыя некрытычная, проста праблемы ёсць заўсёды, а любая стабільнасць прадугледжвае ўсё ж пэўныя змены ў нагу з часам. І Прэзідэнт абсалютна правільна сказаў, што пазітыўныя змены павінны адбывацца, здымаючы праблемныя сітуацыі, якія ўзнікаюць. У сувязі з гэтым вельмі важная і цалкам натуральная заява аб тым, што рэформы ў Беларусі будуць накіраваныя на ўдасканаленне існуючага, а не яго ломку.

Барыс Паньшын, прафесар эканамічнага факультэта БДУ:

— Сучасная эканоміка і цяперашняя дынаміка яе змен выстаўляюць асаблівыя патрабаванні да прафесіяналізму кадраў. Цяжка не пагадзіцца з Прэзідэнтам па гэтым пытанні, тым больш што на самай справе пакуль яшчэ сустракаюцца на кіраўніцкіх пасадах людзі, якія адкрыта недацягваюць. А кіраўніцкі корпус — асноўны праваднік дзяржаўнай палітыкі. Сёння жыццё прад’яўляе да чыноўнікаў павышаныя патрабаванні, невыпадкова гэтая дзейнасць называецца не проста работай, а службай, якая патрабуе самааддачы і самаахвярнасці. І ўвага да прафесіяналізму чыноўнікаў больш чым апраўдана: ужо вельмі вялікая сёння цана памылкі. Сусветны досвед паказвае: новае абсталяванне можа забяспечыць 20 працэнтаў поспеху, новая сыравіна — яшчэ столькі ж. А 60 працэнтаў поспеху закладзены ў менеджменце, гэта значыць у прафесіяналізме кіраванцаў.

Анатоль Аканцінаў, генеральны дырэктар Цэнтра стратэгічнага развіцця “Маркетынгавыя сістэмы”:

— Экспарт — гэта, па сутнасці, галоўная для нас рэч, дзякуючы якой краіна будзе жыць лепш. А тэзіс пра неабходнасць вырабляць як мага больш прадукцыі дазволю сабе развіць. Пытанне не толькі ў колькасці, але і ў якасці. Калі ў нас у сферы праграмнага забеспячэння створана гульня “Свет танкаў” — гэта якраз удалы прыклад не столькі колькасці, колькі якасці. І калі мы зробім упор, скажам, на турызм і пакажам прывабнасць краіны лепш, чым суседзі, — да нас паедуць, і гэта таксама будзе гаварыць пра якасць. У цэлым нам неабходны ўпор на прагрэсіўныя тэхналогіі — і ў вытворчасці, і ў пашырэнні прадукцыі на рынкі збыту. Калі гэта даецца няпроста, можна ўваходзіць у альянсы з іншымі краінамі па тым ці іншым напрамку. Карацей, трэба шукаць перавагі на стыку інтарэсаў розных краін. А меркай эфектыўнасці эканомікі сапраўды выступае менавіта экспарт.

Андрэй Русаковіч, палітолаг:

— Выканальніцкую дысцыпліну можна, без усякага перабольшання, назваць ключавым звяном развіцця. І справа не столькі ў высокім узроўні прыняцця і выканання рашэнняў, колькі ў нізавым звяне. У пытаннях палітычнага развіцця грамадства і краіны рашэнні прымаюцца, як правіла, шляхам кансэнсусу. А вось у рамках вытворчасці прысутнічае тэхналагічны працэс. І тут выканальніцкая дысцыпліна проста абавязана быць на належным узроўні. У адваротным выпадку такія арганізацыя, структура, фірма будуць папросту неканкурэнтаздольнымі. Гэта, зразумела, датычыцца і дзяржавы ў цэлым як суб’екта сусветнай эканомікі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter