У рамансе водгукi кахання

Экіпаж імчаў па снежнай віхурнай дарозе. Зіма ў Літве, як звычайна, была суровай. Але закаханых сагравалі любоў і надзея на шчасце. Іначай ці наважыўся б няхай сабе і знакаміты, але не радавіты музыкант скрасці княгіню з роду Радзівілаў, замужнюю жанчыну, жонку брата магната Караля Радзівіла Соф’ю. Ды і Соф’я разумела, чым ёй пагражае гнеў вяльможных суродзічаў, практычна адзінаўласных гаспадароў тагачаснай Беларусі. Але ж каханне аказалася мацнейшым за страх. А пані, відаць, была не з баязлівых.
Экіпаж імчаў да мяжы. А ўслед пагоня родзічаў. Уцекачоў злавілі на граніцы з Прусіяй. Захавалася пісьмо Караля Радзівіла да Станіслава Аўгуста Панятоўскага, прыведзенае ў нарысе мастацтвазнаўцы, даследчыка гісторыі беларускай музыкі ХVIII стагоддзя Вольгі Дадзіёмавай. Разгневаны Кароль Радзівіл піша Панятоўскаму, што “17 студзеня княжна падкаморына літоўская, мая братавая, якая была пад апекай усёй сям’і, звязаўшыся з адным клавіцымбалістам па прозвішчы Душэк, выехала з ім адсюль, забраўшы з сабой усе каштоўнасці. Князь падкаморы, мой брат, гнаўся за імі, але, нягледзячы на хуткасць і пільнасць, ледзь дагнаў іх за прускай мяжою...” Уцякачка з усімі радзівілаўскімі каштоўнасцямі, калі меркаваць па пісьме, для родзічаў не менш важная, чым сама Соф’я, была вернута ў радзівілаўскі палац. Зразумела, што Душэку (Дусіку) дарогу ў Нясвіж, дзе прайшоў шчаслівы, поўны рамантыкі год, трэба было забыць. Але яшчэ доўга будзе гучаць у музыцы кампазітара рэха таго няздзейсненага кахання. Што азначаў у лёсе таленавітага чэха Нясвіж, а яго музыка ў культуры нашай краіны? Як гэта сталася, Нясвіж і яго ўладальнікі збіралі вакол сябе ўсё таленавітае, што было ў тагачаснай Еўропе. Нездарма ж Нясвіж называлі маленькім Парыжам. Да таго часу, як Ян Ладзіслаў Дусік (Душэк) быў запрошаны ў Нясвіж, ён стаў ужо вядомым і паважаным музыкантам. Гастраляваў у Еўропе, быў прыняты ў многіх арыстакратычных дамах. Яго кар’ера ішла ўгару. Дарэчы, яна не спынілася і пасля авантурных прыгод у Нясвіжы. Ён канцэртуе як піяніст у Берліне, Празе, Мілане, Пецярбургу, працуе як прыдворны музыкант у Францыі. Тут ён і памёр у 1812 годзе. Аб творчасці Дусіка Вольга Дадзіёмава піша, што ён праславіўся як выдатны выканаўца, які фактычна адкрыў новую старонку ў гісторыі фартэпіяннага мастацтва. Ён першы пачаў па-новаму ставіць фартэпіяна, бокам да слухачоў. Гэта спрыяла хуткаму пераходу ад камерна-салоннага да публічнага выканальніцтва. Захаваліся шматлікія водгукі аб выканальніцкім майстэрстве Дусіка. “Тонкасць пачуцця і захапляльная выразнасць”, якія вызначалі яго ігру, відаць, і пакарылі сэрца яснавяльможнай пані Соф’і, якая і сама была нядрэннай музыканткай... На IX фестывалі “Музы Нясвіжа” прагучаў шэраг твораў Яна Ладзіслава Дусіка ў пералажэнні для камерных калектываў Дзяржаўнага канцэртнага аркестра. Прагучаў у праграме і раманс... Соф’і Радзівіл. Шмат год прайшло з пары, якая разлучыла Соф’ю і Яна Ладзіслава, але ў рамансе чуваць водгукі таго пачуцця і светлы сум па мінулых днях кахання.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter