Минск
+17 oC
USD: 2.04
EUR: 2.26

«Ракутевское лето» Максима Богдановича

У Ракуцёўшчыну да Максіма

28 ліпеня па старой добрай 35-гадовай традыцыі паэтычны фестываль «Ракуцёўскае лета-2019» пад Маладзечна сабраў прыхільнікаў роднай культуры, паэзіі і проста аматараў адпачынку на свежым паветры. Сотні людзей розных пакаленняў адчуваюць атмасферу месца, якое больш за стагоддзе таму стала лепшай старонкай у штодзённіку жыцця Багдановіча. Так пра гэта пісаў сам паэт. На свята з Санкт-Пецярбурга прыехала Маргарыта Пярова — нашчадак роду Лычкоўскіх, дзе гасцяваў Максім, а таксама нашчадкі класіка і яго сяброў — Антона і Івана Луцкевічаў.

Каравай Маргарыце Пяровай — нашчадку сям’і Лычкоўскіх, дзе гасцяваў Максім.

Вярнуўшыся ў 1911 годзе з Яраслаўля на радзіму, 19-гадовы Максім Багдановіч два месяцы правёў у шляхцічаў Лычкоўскіх каля Краснага Сяла. Прыезд Багдановіча на Ракуцёўшчыну стаў першым дарослым знаёмствам з Беларуссю. Акружаны з усіх бакоў глухімі барамі, забыты, здавалася б, самім Богам, гэты маёнтак стаў для маладога паэта сімвалам роднага краю. Кранала душу тут усё: і беларуская мова, і ўклад жыцця. Была тут і жанчына, маладая пляменніца гаспадыні, усмешка якой дарыла хвораму і вельмі адзінокаму Максіму надзею на доўгае жыццё. Ён адчуваў тут сябе шчаслівым. Свежае паветра, прагулкі, гасціннасць гаспадароў — усё ішло на карысць, тут радасна і глыбока дыхалася хвораму на сухоты паэту, шмат і лёгка стваралася.

Менавіта на Ракуцёўшчыне адбыўся творчы ўзлёт Максіма. Тут за кароткі час ён напісаў свае лепшыя творы — цыклы вершаў «Старая Беларусь» і «Места», паэмы «Вераніка» і «У вёсцы». Пасля ракуцёўскага лета крытыкі назавуць Багдановіча песняром чыстай прыгажосці, а яго паэзію — царствам зачараваных люстэрак. 

Ужо 25 гадоў як на Ракуцёўшчыне створаны музей Максіма Багдановіча «Фальварак Ракуцёўшчына». Тут на свае вочы можна ўбачыць дом гаспадара, што ласкава прымаў паэта з берагоў Волгі, зазірнуць у гумно і наталіць смагу з крыніцы «жывой вады», пра якую некалі напісаў Максім:

«У родным краі ёсць крынiца жывой вады. 
Там толькi я змагу пазбыцца сваёй нуды»…

Вольга Дашкоўская — унучатая пляменніца Багдановіча.

Экспанаты ў музеі пераважна знаёмяць з жыццём былога гаспадара Вацлава Лычкоўскага — роднага дзядзькі Антона і Івана Луцкевічаў, распавядаюць пра Эмілію Шабуню і яе маленькую дачку Яніну, якія былі побач з Максімам два летнія месяцы і пакінулі ўспаміны пра маладога паэта. Час ідзе хутка, і першыя наведвальнікі музейнага комплексу таксама сталі сведкамі гісторыі.

Праграма фэсту, як заўсёды, адзначылася яркасцю і насычанасцю. Не прывык працаваць інакш галоўны арганізатар свята — дзяржаўны музей Максіма Багдановіча, яго супрацоўнікі Міхась Бараноўскі, Валянціна Кароткіна і іншыя. З самага ранку і да позняга вечара тут заняткаў хапала. На літаратурна-музычнай імпрэзе выступалі беларускія паэты Віктар Кажура, Бажэна Мацюк, Валерый Максімовіч, Марыя Кобец, спевакі Ігар Палынскі, Алесь Камоцкі, Раман Яраш, гурты «Гарадскі вал», «Балцкі субстрат» і іншыя.

Ракуцёўскае лета Багдановіча параўноўваюць з Болдзінскай восенню Пушкіна. Смерць маці і расстанне з Беларуссю для паэта былі самымі трывожнымі ранамі, менавіта таму прыезд на Ракуцёўшчыну — найпрыемнейшы час. А творчы плён толькі даказвае, як на чалавека ўплывае яго радзіма.

basikirskaya@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
5
Загрузка...