В Ракове открыли школу искусств

У Ракаве адкрылі школу мастацтваў

Не кожны аграгарадок можа пахваліцца міжнароднымі навуковымі чытаннямі, выданнем сваёй газеты і адкрытым конкурсам фартэпіяннай музыкі
НЕ КОЖНЫ аграгарадок можа пахваліцца міжнароднымі навуковымі чытаннямі, выданнем сваёй газеты і адкрытым конкурсам фартэпіяннай музыкі. А вось жыхары Ракава, што на Валожыншчыне, маюць магчымасць пабачыць і пачуць і знакамітых навукоўцаў, і таленавітых юных выканаўцаў. 

Дзве першыя падзеі адбыліся на гэтым тыдні дзякуючы слынным землякам, а музычны фестываль імя Міхаіла Грушвіцкага, на якім, дарэчы, праводзіцца і агляд кампазітарскага майстэрства, арганізаваны дзіцячай школай мастацтваў сумесна з райвыканкамам. За тры гады на ім пабывалі юныя таленты з Мінска, Магілёва, Віцебска, Оршы, Маладзечна, Салігорска і іншых мясцін. Прысваенне фестывалю-конкурсу імя мясцовага кампазітара, які ствараў у ХІХ стагоддзі, звязана з імкненнем папулярызаваць менавіта беларускіх творцаў, яно надало фартэпіяннаму фэсту адметную разыначку.

Добра вядомы на Міншчыне народны ансамбль інструментальнай музыкі «Арс Лонга», які складаецца з выкладчыкаў школы. Калектыў часта запрашаюць на гастролі ў Расію, Латвію, Літву, Эстонію, Польшчу.

Аднак у культурна-асветніцкай сталіцы краю, як можна па праву называць гэтае старажытнае мястэчка, слаўнае многімі знакамітымі землякамі, ганчарнымі традыцыямі, дзіцячая школа мастацтваў доўгі час тулілася ў невялікім і неўладкаваным будынку. Тады пад новы храм музаў вырашылі аддаць кантору былога саўгаса «Ракаўскі», аднак рэканструкцыя зацягнулася. І вось да 550-гадовага юбілею Ракава перабудова завершана.

На свяце аграгарадка ўрачыстае адкрыццё новай школы мастацтваў стала цэнтральнай падзеяй. А яе выхаванцы — галоўнымі артыстамі. Любоў да ракаўскай зямлі маладое пакаленне выказала ў канцэрце «На аблоках дзяцінства».

На капітальны рамонт будынка з бюджэту выдаткавана каля трох мільярдаў рублёў. Спонсары дапамаглі набыць мэблю. Цяпер тут з’явілася магчымасць адкрыць клас выяўленчага мастацтва, пашырыць клас скрыпкі. Плануюць закупіць новыя інструменты. Усяго ў школе ў гэтым навучальным годзе будзе займацца 99 вучняў.

Алена КЛІМОВІЧ, «СГ»
Фото cherikovnews.by
klimovich@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter