«У радаводзе Коласа больш за 380 чалавек!..»
19.07.2012 17:42:08
У Коласа працаваў сакратаром Максім Лужанін, якому паэт расказваў розныя гісторыі пра сваё жыццё, але не даваў іх запісваць.
(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 12 ліпеня).
Дык вось, аднойчы выдаўся негрыбны год. Але Колас і Лужанін паехалі ў лес. Хадзілі-хадзілі, разышліся ў розныя бакі. Лужанін нічога не знайшоў, але сустрэў мясцовую бабульку, якая несла ў кошыку штук сем баравічкоў. І купіў у яе грыбы. А Колас знайшоў толькі тры баравікі. Калі сустрэліся, Лужанін пачаў падсмейвацца: «Канстанцін Міхайлавіч, я болей назбіраў грыбоў!» Колас доўга чмыхаў носам, круціў вусамі, потым сказаў: «Прызнавайся, Максім, ты, мабыць, купіў у некага баравікі?!» Угадаў! Лужаніну прыйшлося прызнацца.
— А ці прыходзілі да Коласа, калі ён прыязджаў на малую радзіму, людзі з просьбамі?
— Прыходзілі. Коласа проста завальвалі лістамі і просьбамі. Ён працаваў у Акадэміі навук, займаў пасаду віцэ-прэзідэнта, дык ні разу не атрымаў там заробак! Колас прыходзіў да касіркі і казаў: «Вось табе спіс адрасоў. Вазьмі сабе на кішэнныя выдаткі за клопаты і пашлі па гэтых адрасах грошы». Частка тых паштовых пераводаў ёсць і ў нашым музеі ў Смольні, цэлая скрыначка стаіць у Мінску. Ва ўсе куткі Беларусі, адкуль прасілі людзі дапамогі, адсылаў грошы. А звярталіся да яго па розных пытаннях. І хоць ён быў чалавек ашчадны, не любіў вельмі раскідвацца грашыма направа і налева, але дапамагаў заўсёды.
Быў такі цікавы выпадак. Селянін з Магілёўшчыны, зусім чужы чалавек, які ніколі не сустракаўся з Коласам, але ведаў пра яго дабрыню, напісаў ліст: «Канстанцін Міхайлавіч, на вас адна надзея! Узяў я ў калгасе каня з возам, і паехалі мы з жонкай на рынак у Магілёў. Конь нейкім чынам адвязаўся, хацеў піць, палез з кручы ў Дняпро і ўтапіўся. Цяпер калгас спаганяе сем тысяч або — турма. А ў мяне дзеці малыя. І Колас паслаў грошы, напісаў: «Пабагацееш — як-небудзь аддасі».
— Ці часта ўзгадвалі Коласа ў вашай сям’і?
— Часта. Па розных падставах і пытаннях. Бывала, мы ездзілі ў Мінск, начавалі ў доме Коласа. Прымалі нас добра. Колас падыдзе да нас, дзяцей, папытаецца, як нашы справы, як вучымся. Жонкі ўжо яго не было. У Якуба Коласа жыла ў пасляваенны час яго сястра Міхаліна. Колас не любіў «изысков» у ежы. Аднойчы сыны нанялі яму нейкую знакамітую кухарку. Тая як пачала яму гатаваць розныя французскія стравы, то Колас сказаў: «Табе, дзяўчына, трэба працаваць у добрым рэстаране, а не ў мяне». І выпісаў з Мікалаеўшчыны Міхаліну. Тая яму гатавала тое, што ён любіў з дзяцінства, чым маці некалі частавала: верашчаку, бліны, мачанку, бульбу, сялянскую каўбасу. Простую страву.
— Ці прывозіў Колас дзецям падарункі, калі прыязджаў у госці?
— Так. Хаця, якія там асабліва падарункі! Цукеркі, пячэнне. Затое дзеду даваў грошай. Помню, што майму бацьку падараваў радыёпрыёмнік «Радзіма», на вялікіх такіх батарэях. Ужо было весялей, можна паслухаць навіны.
— А ці доўга генеалагічнае дрэва складалі?
— На працягу многіх гадоў. Пляменнік Коласа, сын Міхаліны, Уладзімір Іванавіч Міцкевіч многа ўклаў працы. Вельмі доўгі час ён быў дырэктарам нашага філіяла музея. Спачатку Уладзімір Іванавіч працаваў настаўнікам у Мікалаеўшчынскай школе, там стварыў музей, яшчэ не было тады музея ў Смольні. А збіраць матэрыялы пачаў даўно: розныя ўспаміны родзічаў, знаёмых, тых, хто бачыўся з Коласам. І складаў радавод. Дапаўнялі яго і я, і мая жонка — Соф’я Пятроўна. Але Уладзімір Іванавіч больш за ўсіх папрацаваў. Добра ведаў сваіх землякоў. Мы ж, унукі, — маладзейшыя, менш ведалі.
— Юрый Міхайлавіч, а як Якуб Колас пазнаёміўся са сваёй жонкай?
— У Пінску, калі пачаў там працаваць настаўнікам. Была такая чыгуначная Слабодка, дзе ў жаночай школе выкладала Марыя Дзмітрыеўна Каменская. Пазнаёміліся па працы, былі ж калегі. Калі Марыя Дзмітрыеўна прыязджала сюды, вельмі спадабалася ўсім сваякам Коласа. Была гасцінная, добрая. У Мікалаеўшчыны яна была толькі адзін раз. Калі хадзілі жаць, яна дапамагала…
— Вы былі родзічам Коласа, а ў школе неяк выдзяляліся?
— Не. Я ніколі нідзе не падкрэсліваў, і цяпер не падкрэсліваю, нават экскурсантам не кажу, што я сваяк Коласа.
— А ці бываў у вашай школе народны паэт?
— Калі яна будавалася, ён, вядома, цікавіўся гэтым будаўніцтвам. Потым яму не было калі.
— А якім вам запомніўся Колас, якой была яго знешнасць?
— Ён быў каржакаваты, каранасты. З вялікім носам, з вусамі. Таўсматы, як я яго памятаю. Рухавы. Любіў закінуць вуду — лавіць рыбу. Помню, я яму паказваў, дзе накапаць чарвякоў. Бо ў сухое лета іх цяжка знайсці. А я ведаў месца. У нас на дрывотні, пад трэскамі, былі чарвякі. Накапаем іх з Коласам, пасядзім на беразе Нёмана. Знакаміты сваяк пакупаецца… Вядома, рыба лавілася слаба, бо займацца ёй не было асабліва калі. Трэба ж месца знайсці добрае, прынадзіць рыбу. Пасядзець доўга. А доўга — не было часу. Так, некалькі плотачак зловім.
— Пра што размаўлялі?
— Пра ўсё. Колас распытваў, як я вучуся, як жывецца, што думаю далей рабіць. Я ўжо шмат яго твораў ведаў, на памяць чытаў. Яму, вядома, падабалася.
— Дзвесце ж рублёў зарабілі ад Коласа, калі былі зусім маленькім!
— Але толькі яны марна прапалі. Маці мне купіла новыя чаравікі, бо босыя летам бегалі. Жылі на хутары небагата. Вядома, пасляваенныя гады. І з дзедам Юзікам і бабай Любай мы паехалі на рынак. Там дарослыя мяне пакінулі на возе, а самі пайшлі глядзець, што там, дзе і як робіцца. А мне новыя чаравікі вельмі мулялі, непрывычна з імі. Я ўсё круціў іх, сцягаў. І тут прыйшла цыганка. Хітрая яна. Дала мне цукерак — нейкіх разлезлых падушачак у салдацкім кацялку. А чаравікі зняла. Калі дзед з бабай вярнуліся, аказалася, што я прадаў Коласаў падарунак за камяк цукерак! Мне тады было ўсяго чатыры гады. Вядома, не разумеў, што зрабіў...
Соф’я Пятроўна — жонка Юрыя Міхайлавіча — таксама працуе ў філіяле Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа — «Мікалаеўшчына».
— Соф’я Пятроўна, а вы памятаеце Якуба Коласа?
— Сама я — мясцовая, з Мікалаеўшчыны. Калі першы раз убачыла Коласа, ужо хадзіла ў школу. Але была яшчэ малая. Мне сёмы гадок ішоў. А гісторыя атрымалася цікавая. У мяне была сяброўка Зінка. І ў той дзень мы з ёй пасвілі кароў. Бачым: ідзе чалавек сталага ўзросту, таўставаты, з кіёчкам. Зіна мне кажа: «Ці каменьчыкам пападзем яму ў жывот? Ну што, патрапім? Не патрапім?» (смяецца). Тады мода была каменьчыкамі па хвалях кідаць. А я: «Не, не трэба, а то кійком як агрэе». І давай мы ўцякаць. Вось і першае знаёмства было.
— А як даведаліся, што гэта быў Колас?
— Пасля людзі сказалі. Ён мне на ўсё жыцце запомніўся. Колас і на фотаздымках такі, якім я яго бачыла: у яго быў шэры плашч і капялюш. Але галаўны ўбор скінуў і стаяў на высокім беразе Нёмана, глядзеў удалячынь. Магчыма, верш свой чытаў, магчыма, месца выбіраў пад дачу…
У Мікалаеўшчыне жывуць і іншыя сваячкі Якуба Коласа. Сустрэліся мы з Марыяй Мікалаеўнай Міцкевіч — маці Юрыя Міхайлавіча і пляменніцай Коласа па мужу, Уладзіміру Іванавічу, — Яўгеніяй Мікалаеўнай Міцкевіч і яе дачкой Галінай Уладзіміраўнай.
Марыя Мікалаеўна сядзела на лавачцы ля сваёй хаты, якой ужо сто гадоў. І з задавальненнем, як заўсёды, расказвала мне пра Коласа:
— Я — жонка Юзікавага сына Міхаіла. Помню, Колас прыехаў, а мой муж быў арыштаваны. Ён настаўнічаў у пачатковай школе і быў за беларускую мову. Яго забралі ў турму… Засталася я з малым на руках. Асудзілі мужа на пяць гадоў. Пяць гадоў далі Варкуты, там ён захварэў туберкулёзам касці. І Колас даставаў пеніцылін, а то б муж памёр… Колас прыязджаў сюды, але мала ў нас спатыкаўся. Дапамагаў мне. Ездзіла і я да Коласа, калі муж сядзеў. Колас скажа сакратарцы: «Завядзіце яе ў магазін, хай яна, што хоча, бярэ». Ён за ўсё плаціў. А што я буду браць у краме? Прадукты. Адпраўляла пасылкі мужу ў турму. І Колас мне грошы даваў...
Ой, які харошы быў Колас! Колькі ён дапамагаў людзям! Наша Мікалаеўшчына ў саракавым годзе ж уся згарэла. Нават неслі пакойніка, і той згарэў. А чаму так моцна гарэла? У кожнага ў хаце было па кублу сала. А паколькі дахі саламяныя, а тое сала ляціць з хаты, якая гарыць, і... бух у другі дах. Адразу новая хата гарыць.
…Пасля пажару Колас прыехаў, зрабілі праект вёскі. Ён самую лепшую зямлю аддаў, каб будаваліся. Колас быў добры-добры…
Яўгенія Мікалаеўна Міцкевіч і яе дачка Галіна Уладзіміраўна таксама любяць расказаць пра знакамітага сваяка. Яўгенія Мікалаеўна нават піша ўспаміны, вядзе дзённік шмат гадоў. Чытае на памяць творы Коласа, стварае лялечныя экспазіцыі па матывах «Новай зямлі».
— Як згарэла вёска, я адзін раз зайшла на пошту, і як раз прыйшло дзесяць пераводаў у Мікалаеўшчыну ад Коласа! І не толькі сваякам, але і чужым людзям, хто прасіў дапамогі… Памятаю, што першы раз убачыла Якуба Коласа пасля пажару. Уся вёска шумела: «Колас прыехаў!» І сабралася людзей-людзей. А Колас быў невялікага росту, дык яго паставілі на зэдлік. На сустрэчы з сялянамі ён толькі сказаў: «Я як пісьменнік магу пісаць многа. А вот гаварыць не атрымліваецца ў мяне так хораша, па-вершаванаму. А па-простаму, па-мікалаеўскі скажу». Не любіў ён прамовы казаць. Колас тады паабяцаў, што вёску адбудуе. Спачуваў сялянам, што здарылася такая бяда: «Будзем жыць і будзем што-небудзь прыдумваць!»
А я тады была яшчэ дзяўчынай, паненкай, як у нас казалі…
Да мяне ў дом Колас прыязджаў многа разоў. І ён падарыў мне шаўковую карычневую сукенку ў белыя гарохі. І кофтачку такую сіненькую. То я была на дзясятым небе ад шчасця! Колас сказаў: «Насі і будзь такая добрая, як мая Маруся!» І Колас папрасіў Уладзіміра Іванавіча, майго мужа: «Паколькі ты ў школе працуеш, то арганізуй дзяцей, каб чым-небудзь абсадзіць могілкі». І мы абсадзілі. Вось такія былі справы...
Маці Коласа — Ганна Юр’еўна — была маладая вельмі прыгожая. І яна такую песню спявала: «Гыля, гыля, гусі шары… Ці ў моры вы не наплаваліся…»
А то яшчэ помню, калі вучыўся ў інстытуце мой сын Коля, дык я ехала цягніком у Мінск. І не бачыла, што ў ім і дзядзька Юзік. І калі сышла з цягніка ў сталіцы, пайшла да цёткі Лены — сястры Коласа. Бо заўсёды ім везла малачко ці тваражок… А Колас дома ў рэшаце чысціў грэчку, якая была нейкая вельмі буйная. Мне даў паўлітровую баначку той грэчкі, каб мы развялі, а брату Юзіку даў трохі болей. У нас і поля мала было, а ў Юзіка многа… Паколькі ў Мінску ў Коласа жыла наша маці, мая свякроў, то я заходзіла да іх. Мне вельмі было цікава, як яны жывуць. У Коласа пакойчык невялікі і нідзе ніякага абразка не было, толькі на стале стаялі ў стакане валошкі. А так адно ляжалі кніжкі, сшыткі. Ён любіў менавіта лугавыя кветкі…
Колас часта да нас прыязджаў. Асабліва летам, і ў нас начаваў. Дык ледзь світае, ён ужо бяжыць на Нёман купацца. Вось за гэтым сталом пілі чай. У яго ўсё клопат быў аб агароджы могілак, аб школе, аб вёсцы — як разбудаваць. Усё дзяліўся думкамі на гэты конт, пытаўся парадаў. Людзі прыходзілі да яго, калі прыязджаў. Чаму ж не? Размаўлялі. Кожны пра сваё гаварыў, пра жыццё-быццё.
Колас падараваў мужу Яўгеніі Мікалаеўны «Новую зямлю» з аўтографам: «Пляменніку Валодзю на памяць ад дзядзькі Якуба Коласа, 1946 год». І паколькі ў Мікалаеўшчыне пасля пажару дзеці вучыліся па хатах, дык трохі страпалі той падарунак. Але і сёння родзічы Коласа захоўваюць тую «Новую зямлю». Ёсць тут і іншыя рэліквіі — фотаздымкі: як цягнулі машыну Коласа, што загразла, калі той прыехаў па гліну, каб падлячыцца; як Колас ад’яджае з вёскі і іншыя. Здымаў сам Уладзімір Іванавіч.
Галіна Уладзіміраўна дапоўніла ўспаміны:
— Запомніўся мне такі эпізод. Прыходзіць Колас і вітаецца, а я была ў рукавіцах. Нехта сказаў, што так нельга, трэба зняць рукавіцы. Я так і зрабіла. Ён узяў маю руку ў сваю і кажа: «О, якія доўгія пальцы! Будзе музыканткай». Купілі мне скрыпку, акардэон. Але не атрымалася. Стала я стаматолагам...
Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»
Фота аўтара