Хто ў гэтым годзе выказаў жаданне прадстаўляць краіну на Еўрабачанні?

У пошуках цёмных конiкаў

Нашы паклоннікі «Еўрабачання» дзеляцца на два лагеры: аптымісты і песімісты. Першыя пасля абвяшчэння вынікаў конкурсу гавораць: «Наступны раз будзе лепш!» Другія: «Мы так і думалі!» Але абодва бакі заўсёды аднолькава чакаюць нацыянальнага адбору, каб даведацца, хто хоча прадставіць нашу краіну на конкурсе на гэты раз. Заўтра гэта інтрыга часткова будзе раскрыта.

Віталь ВАРАНКО.
Фота Артура ПРУПАСА

Але ці будзе інтрыга? Вось у чым пытанне. Наша краіна ўдзельнічала ў гэтым конкурсе ўжо трынаццаць разоў. Ледзь не кожны год арганізатары імкнуліся знайсці больш-менш дасканалую сістэму адбору прадстаўніка. І кожны раз наступалі на адны і тыя ж граблі. Сёлета зноў новы паварот. Гледачам далі роўныя магчымасці для галасавання разам з журы, але апошняе слова застаецца за прафесіяналамі. Такое мы ўжо бачылі, таму гучнай гэтую навіну не назавеш. А вось пункт 8 Палажэння аб правядзенні нацыянальнага адбору на конкурс песні «Еўрабачанне-2017» заслугоўвае асаблівай увагі. Чытаем уважліва: «Да ўдзелу ў Праекце ў якасці выканаўцы песні дапускаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія на дату падачы заявы аб удзеле ў Праекце дасягнулі шаснаццаці гадоў». Іншымі словамі, ласкава запрашаем, грамадзяне замежнікі!

Navi.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

З аднаго боку, найлепшы вынік за ўсю гісторыю нашага ўдзелу ў «Еўрабачанні» — шостае месца Дзмітрыя Калдуна — быў атрыманы дзякуючы Філіпу Кіркораву. З другога — прадзюсар-замежнік — гэта адно, а артыст, які не мае ніякіх адносін да Беларусі, — зусім іншае. Але так лічаць не ўсе. Расія, Украіна, Латвія, Туркменістан, Нігерыя — як вам такая геаграфія? Жыхары менавіта гэтых краін выказалі жаданне паспаборнічаць у беларускім нацыянальным адборы. Вядома, у першую чаргу цікавіць, хто ж тыя расіяне, што падалі заяўкі? «Лістоў ад Сяргея Лазарава і Філіпа Кіркорава няма. Ад Максіма Фадзеева і спявачкі Наргіз, якіх так чакаюць усе нашы СМІ, таксама», — тоўстую кропку ў гэтай справе паставіла кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская. Іншыя прозвішчы прадстаўнікоў гэтай краіны гучнымі ніяк не назавеш, хутчэй наадварот. Хаця нельга выключаць, што сярод іх якраз і ёсць цёмны конік.


Атрымліваецца, што за пуцёўку ў Кіеў такі будуць змагацца беларусы? Спачатку, як падалося, чуткі пра магчымае з’яўленне ў конкурсе расійскай зоркі крыху напалохалі нашых артыстаў: заявак было катастрафічна мала. Але ў апошнія дні яны літаральна пасыпаліся. Нарэшце іх больш за шэсцьдзясят. Гэта крыху менш, чым было ў мінулым годзе. Пакуль рана гаварыць, наколькі якасна змяніўся склад удзельнікаў адбору, але відавочна, што ён стаў не такім бліскучым: зорак нашай эстрады можна пералічыць па пальцах. Віталь Варанко, Navi, Nuteki,  Napoli — магчыма, вы калі-небудзь і чулі гэтыя прозвішчы і назвы, тым больш што некаторыя ўжо не першы раз імкнуцца трапіць на гэты прэстыжны міжнародны конкурс. 

Словам, пакуль яшчэ мала што зразумела. Заўтра адборачная камісія назаве 10—15 удзельнікаў, якія і будуць спрачацца за адну пуцёўку на конкурс. Тады бліжэй прыгледзімся да музыкантаў і вызначымся са сваімі фаварытамі. Дзякуй богу, глядацкае галасаванне пакуль не адмянялі.

ДАРЭЧЫ

Украіна можа пазбавіцца права на правядзенне конкурсу «Еўрабачанне» ў 2017 годзе, калі не паспяшаецца з яго арганізацыяй. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі (НТРК) Украіны Аляксандр Харэбін. Як стала вядома, яшчэ ў пачатку кастрычніка Еўрапейскі вяшчальны саюз, які з`яўляецца арганізатарам конкурсу, паказаў НТРК чырвоную картку «з-за фактычнага зрыву падрыхтоўкі да конкурсу». Сярод прычын былі ўказаны «бюракратыя, недасканаласць заканадаўчых актаў і грэблівае стаўленне некаторых чыноўнікаў да конкурсу». Канчатковае рашэнне па пытанні аб тым, ці забараняць Украіне праводзіць конкурс, будзе прымацца на пасяджэнні Еўрапейскага вяшчальнага саюза     8 снежня. Цікавая інфармацыя: Украіна заклала ў бюджэт 15 мільёнаў еўра на правядзенне «Еўрабачання». Гэта, напрыклад, у тры разы менш, чым было выдаткавана на конкурс у Азербайджане ў 2012 годзе.

stepuro@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter