Белорусский государственный музей народной архитектуры и быта приглашает завтра на фестиваль «Купальскае кола»

У пошуках папараць-кветкі

Купалле — адно з самых любімых народных свят у беларусаў

Старадаўняе народнае свята Купалле звязана з летнім сонцастаяннем, калі дасягаюць найвышэйшага росквіту жыватворчыя сілы зямлі. З цягам часу Купалле стала прымяркоўвацца да дня Іаана Хрысціцеля і атрымала яшчэ адну назву — Іван Купала.


Свята авеяна легендамі і міфамі. Паводле народных павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы, а ў поўнач зацвітае папараць-кветка — хто яе знойдзе, атрымае здольнасць бачыць схаваныя ў зямлі скарбы і разумець мову жывёл. Акрамя гэтага, Купалле лічыцца часам разгулу змрочных сіл прыроды. Нашы продкі верылі, што ў гэты дзень ведзьмы і ведзьмары імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце і іншым чынам нашкодзіць чалавеку. На Купалле збіралі зёлкі (згодна з народнымі павер’ямі, яны набывалі ў гэты дзень асаблівую моц), варажылі, распальвалі вогнішча, куды кідалі старыя непатрэбныя рэчы, спявалі песні.


Па юліянскім календары Купалле адзначаецца ў ноч на 24 чэрвеня, па грыгарыянскім — на 7 ліпеня. А ў наш час масава святкуецца, як правіла, у бліжэйшыя да гэтых дат выхадныя. Да прыкладу, заўтра аматараў традыцый і якаснай музыкі запрашаюць на open air фестываль «Купальскае кола» ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, што знаходзіцца пад Мінскам. Пры падтрымцы Студэнцкага этнаграфічнага таварыства будзе арганізавана рэканструкцыя аўтэнтычнага Купалля. Госці музея змогуць палюбавацца купальскім вогнішчам, прыняць удзел у традыцыйных гульнях, наведаць рамесны кірмаш, паслухаць выступленні гуртоў ZNICH & RUTVICA, PRAGNAVIТ, RELIKT, Goryn, Guda, Dymna Lotva. «Купальскія ўік-энды» арганізоўвае 27 чэрвеня і 4 ліпеня парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула» ў Стаўбцоўскім раёне. Гасцям абяцаюць купальскія выпрабаванні і гульні, майстар-класы па сярэдневяковых танцах і пляценні купальскіх вянкоў. Свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна плануецца правесці 11—12 ліпеня. Яго кульмінацыяй стане гала-канцэрт «Мая Александрыя», на якім выступяць лепшыя айчынныя артысты. 

mila@sb.by

Фота etna.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter