У пошуках «фішкі»

Беларусь рыхтуецца да вылучэння Мінска на званне сусветнай кніжнай сталіцы
Беларусь рыхтуецца да вылучэння Мінска на званне сусветнай кніжнай сталіцы

Мінск мае намер прэтэндаваць на званне сусветнай кніжнай сталіцы 2017 года. Ёсць для гэтага выдатная нагода — у 2017-м будзе адзначацца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Адлік — ад першай беларускай кнігі «Псалтыр», якую выпусціў Францыск Скарына ў Празе. Адбылося гэта 6 жніўня 1517 года.



У Беларусі сёння кнізе і чытанню надаецца вя¬лікая ўвага на дзяржаўным узроўні. Леташні год па ініцыятыве кіраўніка нашай краіны быў абвешчаны Годам кнігі. Адна з распачатых у час яго добрых традыцый — правядзенне Каляднага дабрачыннага балю кнігі. Ёсць чым ганарыцца айчынным кнігавыдаўцам. Яркімі праектамі сталі выпускі факсі¬мільных копій шэрагу помнікаў нацыянальнай кніжнай культуры. У лютым у Мінску пачнецца ўжо 21-я па ліку Міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш — адна з самых буйных у СНД, а ў верасні традыцыйнае свята Дня беларускага пісьменства адбудзецца ў Заслаўі.

Словам, ёсць нагода і падставы, каб заявіць пра сябе на ўвесь свет і падаць заяўку на атрыманне высокага звання. Пра тое, што ў гэтай сувязі робіцца, ішла размова за круглым сталом, арганізаваным штотыднёвікам «Літаратура і мастацтва».

Міжведамасная рабочая група, у склад якой увайшлі прадстаўнікі міністэрстваў культуры, інфармацыі, замежных спраў і Нацыянальнай бібліятэкі, працуе ўжо. На пачатку будучага года яна ў другі раз збярэцца, каб абмеркаваць мерапрыемствы, якія маглі б быць уключаны ў намінацыйнае дасье для прадстаўлення ў ЮНЕСКА. Згодна з пра¬віламі, накіраваць матэрыялы трэба папярэдне, за два гады. Апошні тэрмін — красавік 2014 года, так што часу застаецца няшмат.

Паводле слоў галоўнага спецыяліста Упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Наталлі Задзяркоўскай, тыя прапановы, што ўжо ёсць, даволі цікавыя, але неабходна, каб у праекце ўдзельнічаў не толькі горад-прэтэндэнт на званне, але і рэгіёны, чым большая іх актыўнасць, тым лепш. Далучацца могуць усе зацікаўленыя, прапановы не абмяжоўваюцца, і сярод іх добра было б знайсці такую «фішку», каб заяўка ад Беларусі прыцягвала ўвагу, адрознівалася ад іншых і была пераканаўчай.

Трэба адзначыць, што задаволіць патрабаванні ЮНЕСКА — справа складаная. Адбор ідзе скрупулёзны і грунтоўны. Напрыклад, на званне кніжнай сталіцы 2014 года прэтэндаваў Вільнюс — вельмі моцны кніжны цэнтр, але не прайшоў, як і многія іншыя гарады свету.
Асноўны крытэрый адбору — праграма развіцця чытання, сучаснай культуры кнігі, папулярызацыі чытання ў розных групах грамадства. На думку намесніка дырэктара па навуковай і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Алеся Сушы, вялікія дасягненні ў гэтай справе ў нашай краіне ёсць і з боку бібліятэчнай грамадскасці, і кнігавыдавецкіх устаноў, і кнігагандлёвых цэнтраў. Таксама можна казаць пра шматлікія дасягненні ў навуковай і сацыякультурнай дзейнасці ў плане прапаганды кнігі.

Паводле слоў намесніка старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуша Стружэцкага, для атрымання статусу кніжнай сталіцы свету ў нас дастаткова прадпасылак і гэта — плюс, але разам з тым неабходна рэалізаваць і цэлы комплекс мерапрыемстваў, якія будуць улічвацца пры прыняцці рашэння. Для гэтага патрэбны намаганні і ўдзел не толькі асобных ведамстваў, але і ўсіх зацікаўленых, працэс павінен ісці больш актыўна.

— Паспяхова рэалізаваны гэты праект можа быць толькі пры цесным супрацоўніцтве дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый і шырокай грамадскасці. Гэта справа ўсёй краіны. Мне давялося ўдзельнічаць у мерапрыемствах з нагоды надання летась статусу кніжнай сталіцы свету Ерэвану. Гэта была вельмі яркая па¬дзея для ўсіх гасцей, але найперш — для ўсіх жыхароў Арменіі. Гэта было нацыянальнае свята, якое аб’яднала нацыю не толькі ў краіне, але і армян ва ўсім свеце. Дарэчы, яны вельмі актыўна прымалі ўдзел у праекце. Гэта было свята сяброўства, яднання, пачуцця сваёй нацыянальнай годнасці. Вось, на мой погляд, тая звышмэта, якая павінна ставіцца пры рэалізацыі гэтага праекта, — сказаў Тадэвуш Стружэцкі.

Ірына СВІРКО, «Р»

Даведка «Р»

Званне кніжнай сталіцы свету штогод прысуджае аргкамітэт Міжнароднай асацыяцыі выдаўцоў, Міжнароднай федэрацыі кнігагандляроў і Міжнароднай федэрацыі бібліятэчных асацыяцый пад эгідай ЮНЕСКА. Ён выбірае горад, у якім праходзіць мноства адпаведных мерапрыемстваў, уключаючы акцыі, выставы і канферэнцыі.

Першай кніжнай сталіцай свету ў 2001 годзе стаў Мадрыд. Ганаровага звання таксама былі ўдастоены Турын, Александрыя, Дэлі, Манрэаль, Багата, Амстэрдам, Бейрут, Любляна, Буэнас-Айрэс, Ерэван, Бангкок.

Калаж Мiкалая ГIРГЕЛЯ, «Р»
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter