Минск
+24 oC
USD: 2.06
EUR: 2.28

Самы высокі чалавек у свеце абраны галоўным брэндам Віцебскага раёна

У поўны рост на хутары Касцюкі

Карэспандэнт «СГ» пабываў на малой радзіме прыдзвінскага Гулівера Фёдара Махнова, які з’явіўся на свет 140 гадоў таму

САМАЯ інтрыгуючая  культурная падзея  гэтага года ў Віцебскім раёне — арыгінальны фестываль «Волаты Прыдзвіння». Ён пройдзе ўпершыню ў Старым Сяле. Непадалёк, у вёсцы Касцюкі, нарадзіўся чалавек-легенда Фёдар МАХНОЎ. У канцы XIX – пачатку ХХ стагоддзя прыдзвінскі Гулівер стаў сусветнай сенсацыяй. З волатам шукалі знаёмства магутныя і ўплывовыя людзі таго часу. Яго лёс мог бы стаць сюжэтам неверагоднай стужкі. Да гэтага часу гісторыя велікана авеяна легендамі, містыфікацыямі і  загадкамі.

Феномен вясковага хлапчука


Нядаўна выйшла ў свет цікавае выданне «Легенда пра велікана з вёскі Касцюкі». Аўтар — самы аўтарытэтны даследчык жыцця гэтага чалавека, вядомы ў Віцебскім раёне краязнаўца  Маргарыта Юшкевіч. З гэтай нагоды накіраваўся на малую радзіму велікана. Калісьці Маргарыта Дзмітрыеўна ўзначальвала Старасельскую школу, а сёння займаецца музейнай справай. Феномен Фёдара Махнова вывучала 40 гадоў, вяла перапіску з  яго роднымі,  архівістамі Санкт-Пецярбурга, Еўропы і нават Злучаных Штатаў.

Маргарыта Юшкевіч схіляецца да версіі большасці даследчыкаў, што анамалія росту выклікана парушэннем функцыі гіпофізу:

— Фёдар Махноў з’явіўся на свет  буйным немаўляткам. Яго маці памерла пры родах. Хлопчыка ўзялі на выхаванне бабуля з дзядулем. У першыя гады жыцця ён нічым не вылучаўся сярод іншых дзяцей, аднак пасля сямі гадоў стаў хутка расці. Калі яму споўнілася 10, бацька забраў хлопчаня ў сваю новую сям’ю, і ўжо к 12 гадам той вымахаў за 2 метры. Сяляне з усёй акругі дзівіліся цуду чалавечай прыроды: дзеля забавы вяскоўцаў падлетак круціў у вузлы жалезныя пруты і распраўляў падковы. Пры гэтым старасельскі волат працягваў анамальна прыбаўляць у росце.

Здзівіў Папу і Рузвельта

Фізічная загана стала для беднага сялянскага хлопчыка адначасова шчаслівым  квітком у свет славы і багацця і вялікай трагедыяй. У 1892 годзе на гарадскім кірмашы адбылася лёсавызначальная  сустрэча  Фёдара з уладальнікам берлінскага цырка Ота Біліндэрам, які ў Віцебску быў на гастролях. Прагматычны немец пераканаў бацьку юнака, што яго сын зможа зарабіць шмат грошай і дапамагаць сям’і, калі далучыцца да цыркавой трупы. Так чатырнаццацігадовы   беларускі Гулівер апынуўся ў Еўропе. І на кожным выступленні яго чакаў аншлаг. Ота прыкіпеў душой да рахманага і сціплага асілка і замяніў яму бацьку. За 9 гадоў гастрольнага жыцця  Фёдар  стаў заможным чалавекам.

Калі велікану споўнілася 25, вярнуўся на малую радзіму, набыў маёнтак і стаў багатым землеўладальнікам. Стварыў сям’ю. Спадарожніцай волата пагадзілася стаць сельская настаўніца Ефрасіння Лебедзева. Канкрэтна рост жонкі Махнова ніхто не ведае. Па ўспамінах іх дзяцей, Ефрасіння была вышэй за 180 сантыметраў. Першай у маладой сям’і на свет з’явілася дачка Марыя, а праз год — сын Мікалай. Каб папоўніць сямейны бюджэт, Махновы вырашылі накіравацца ў сусветнае турнэ.  У кожнай з краін, дзе выступаў велікан, цікавасць да яго была фенаменальнай. Фёдар Махноў з’яўляўся на перадавіцах  самых аўтарытэтных выданняў. У Італіі яго сям’ю прымаў  Папа Рымскі Пій V.  Падчас аўдыенцыі пантыфік залюбаваўся прыгажуняй дачкой Марыяй, зняў з сябе і падарыў дзяўчынцы нацельны  залаты крыжык. Сямейную рэліквію прыйшлося абмяняць на хлеб у час Вялікай Айчыннай вайны, пра што сваякі потым доўга шкадавалі.

Краязнаўца Маргарыта ЮШКЕВІЧ

У 1906 годзе Фёдар Андрэевіч  перасёк Атлантыку, каб пабываць на прыёме ў прэзідэнта ЗША Тэадора Рузвельта. У Новым Свеце волат на дэманстрацыі свайго росту зарабіў вялікі капітал і вярнуўся ў свой маёнтак.

У Віцебскім раёне вяскоўцы паважалі знакамітасць  за дабрыню, чуласць. Той мог падарыць суседу карову. Махнова на той час можна лічыць прагрэсіўным гаспадаром-наватарам. Ён заказваў з Нямеччыны новую сельгастэхніку. Спрабаваў разводзіць коней, але хвароба не дала шырока разгарнуцца. У 1911 годзе ў сям’і з’явіліся на свет блізняты Радзівон і Гаўрыіл. Аднак праз паўгода пасля іх нараджэння на 35-м годзе жыцця самы высокі чалавек планеты памёр ад цяжкай хваробы ног. У апошнія гады ён не мог самастойна хадзіць, уладанні аб’язджаў у запрэжанай павозцы.

У 1934 годзе Мінскі медыцынскі інстытут зацікавіўся шкілетам велікана. Тады студэнтам установы быў адзін з яго сыноў. Кіраўніцтва звярнулася да ўдавы з просьбай прадаць для вывучэння астанкі мужа за 5 тысяч рублёў. Яна згадзілася. Падчас вайны артэфакт знік, і месца яго знаходжання да гэтага часу не ўстаноўлена.

Беларус ці амерыканец?

Да гэтага часу сярод даследчыкаў няма адзінага меркавання наконт дакладнага росту Фёдара Махнова. У Маргарыты Юшкевіч свая пазіцыя:

—  Наш герой быў глыбока няшчасным чалавекам, ён усё жыццё пакутаваў ад сваёй заганы: меў непрапарцыянальна доўгія ногі, а галава была як у звычайнага чалавека. Менавіта таму насіў аб’ёмныя капелюшы. Саромеўся распранацца нават перад дактарамі і вучонымі, не даваў сябе дасканальна абследаваць, таму мы не маем адназначнага адказу аб яго сапраўдным росце. Пры заключэнні першага кантракта на працу ў Берлінскім цырку ў 1894 годзе ён быў  254 сантыметры. На пецярбургскіх   афішах выступленняў велікана адзначаўся рост — 268 сантыметраў. Гэтыя даныя былі выкарыстаны пры вырабе васковай фігуры знакамітага асілка. У той жа час  польскі антраполаг прафесар Лушан запэўніваў, што рост  Махнова складаў 285 сантыметраў.  Сваякі велікана прытрымліваюцца гэтай  версіі, але ніякіх афіцыйных дакументаў для пацверджання няма. Амерыканцы лічаць, што самым высокім чалавекам у свеце быў іх суайчыннік Роберт Уодлоў з ростам 272 сантыметры, які жыў пасля смерці Махнова. Менавіта ён занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Лічу, што самыя аб’ектыўныя даныя — гэта вынік вымярэння ў 1906 годзе ў Пецярбургу: 268 сантыметраў. Шкада, што яны зніклі са справы Махнова  ў Цэнтральным гістарычным архіве Санкт-Пецярбурга.

Фёдар МАХНОЎ на прыёме ў Берліне

Культурны брэнд Віцебскага раёна

Цікавасць да постаці велікана не згасае і ў абласным цэнтры. Шмат год мясцовая газета на Дзень горада праводзіць конкурс, прысвечаны памяці Махнова, сярод самых высокіх віцяблян. На апошнім свяце перамогу атрымаў  малады чалавек з ростам 2 метры 13 сантыметраў. Толькі ў сталіцы “Славянскага базару”, як і на малой радзіме волата, помніка ў яго поўны рост пакуль няма. Усё, што захавалася ад тых часоў на хутары Касцюкі, — рэшткі млына, дзе калісьці парабкам зарабляў на хлеб няшчасны хлопчык, які пражыў кароткае, але яркае жыццё. У Касцюках ёсць магіла і сціплы помнік. Яе добраўпарадкаваннем займаюцца мясцовыя краязнаўцы і школьнікі.

Фёдар МАХНОЎ у Еўропе

Па задумцы раённай улады, вобраз волата павінен стаць адмысловым і вядомым  брэндам рэгіёна, над стварэннем якога  работнікі культуры і адукацыі працуюць не першы год. Да юбілею Фёдара Махнова, які з размахам плануюць правесці ў чэрвені, у Старым Сяле адкрыюць арт-пляцоўку «Парк веліканаў». Усе работы павінны быць звязаныя з тэмай вялікіх людзей або канкрэтна з вобразам прыдзвінскага Гулівера. Аргкамітэт фестывалю, створаны пры раённым Цэнтры культуры і творчасці,  праз мясцовыя СМІ кінуў кліч пра тое, што ў конкурсе арт-аб’ектаў могуць прыняць удзел усе жадаючыя. Лепшыя эскізы будуць увасоблены ў жыццё і знойдуць сваё месца ў  музеі пад адкрытым небам. Арганізатары  ўсіх карт раскрываць не сталі, але запэўнілі, што гасцей чакае шмат сюрпрызаў: конкурсы, квесты, інтэрактыўныя пляцоўкі, экскурсіі на Веліканаў хутар, парад мясцовых Гулівераў. У перспектыве плануюць таксама адкрыць музей, які будзе ўяўляць рэтраспектыву ўнутранай абстаноўкі дома Фёдара Махнова.

Прыдзвінскі велікан  варты таго, каб стаць культурным брэндам Віцебскага раёна і тым самым узбудзіць дадатковую ўвагу турыстаў да гісторыі краю. Ці наканавана «Волатам Прыдзвіння» выйсці за межы раённага свята і стаць такой яркай візітоўкай краю, як раскручаныя Вішнёвы фэст у Глыбокім ці опен-эйр «Віва-Браслаў», пакажа час. Унікальная фішка, здаецца, знойдзена.  І хочацца спадзявацца, што арганізатарам хопіць творчага запалу і сродкаў здзейсніць акрэсленыя планы. Тым больш чакаць засталося нядоўга.

andryxxxz@gmail.com

Фота аўтара і з архіваў Маргарыты ЮШКЕВІЧ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
2.93
Загрузка...