Старт чарговай уборачнай кампаніі на Магілёўшчыне быў дадзены на мінулым тыдні. Першымі сезон традыцыйна адкрылі паўднёвыя раёны: Кіраўскі, Глускі, Бабруйскі. Услед за імі эстафету паэтапна прынялі іншыя. Азімыя, адзначаюць аграрыі, паспяхова перажылі бясснежную зіму, так што віды на ўраджай — самыя аптымістычныя. Але падзеі апярэджваць не спяшаюцца і канчатковымі падлікамі плануюць заняцца ўжо па завяршэнні гарачай пары. А пакуль, падкрэсліваюць, галоўная задача — захаваць вырашчаны ўраджай да апошняга зярнятка. Якія крокі для гэтага робяць хлебаробы? Наколькі гарачымі сталі будні вяскоўцаў, якія сёння на перадавой жніва? Шукаць адказы на гэтыя і іншыя пытанні адпраўляемся ў Чавускі раён.

Пакуль не ляжа раса
Сорак з лішнім кіламетраў ад Магілёва да Чавус плюс дваццаць ад райцэнтра да аграгарадка Дужаўка, яшчэ крыху да вёскі Пароеўка — і вось яно, пшанічнае поле. Жоўтыя каласы ледзь варушацца на лёгкім ветры, спрабуючы ўвабраць у сябе новыя прамяні цёплага ліпеньскага сонца. Хоць патрэбы ў гэтым ужо няма: культура цалкам выспела і гатовая да ўборкі. Экіпаж Анатоля Варанцова і Дзмітрыя Янчанкі ААТ «Дужаўка» працу распачаў з самай раніцы. Хай летні дзень і доўгі, але ж і кожная хвіліна дарагая. Перапынак сабе дазволілі толькі на пару хвілін, таму размова — пра самае галоўнае. Гэта значыць пра хлеб.

Анатоль Аляксандравіч удакладняе, што для яго гэта далёка не першая ўборачная. Як чалавек дасведчаны, ён ведае: арганізацыя працоўнага дня і стан тэхнікі ў жніво — галоўныя складальнікі. Таму працоўныя змены экіпажа а шостай раніцы пачынаюцца з «тэхрэвізіі» і чысткі камбайна «Палессе». Часу на гэтую аперацыю сыходзіць ні многа ні мала дзве гадзіны:
— Калі непасрэдна прыступаць да ўборкі, падказвае сама прырода — як правіла, тады, калі сыдзе раса.
Анатоль Варанцоў не аднойчы станавіўся лідарам уборачнай як у сваёй гаспадарцы, так і ў раёне. Сярод лепшых у гаспадарцы механізатар быў і па выніках мінулых пасяўной і касавіцы. У яго памочніка Дзмітрыя Янчанкі працоўны стаж меншы, чым у камандзіра, але стаўленне да справы такое ж сур’ёзнае. Аб’ядноўваюць камбайнераў жаданне трымаць высокую планку якасці і тэмпу працы і імкненне завяршыць жніво ў самыя кароткія тэрміны.
Для сябе і на продаж
Выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Дужаўка» Мікалай Кубрыкаў нагадвае вялікую ісціну:
— Ход уборачнай шмат у чым залежыць ад надвор’я. У дождж, зразумелая справа, камбайн у поле не адправіш. Так што сочым за прагнозамі не дзеля забавы, а для справы.

Усяго на палі сельгаспрадпрыемства выйшла пяць камбайнаў. Сабраць трэба будзе 1600 гектараў збожжавых. Самы вялікі палетак (звыш шасцісот гектараў) займае жыта. Напалову менш плошчы пшаніцы, таксама каласуюць і авёс з ячменем. Мікалай Кубрыкаў не хавае: планы на збожжа новага ўраджаю вялікія.
— Перш за ўсё, зразумела, выканаем заданне па дзяржзаказе і створым насенны фонд. Разлічваем засыпаць неабходны аб’ём ячменю, аўса, зернебабовых на фураж — так, каб хапіла, і нават з запасам. Статак буйной рагатай жывёлы ў нас вялікі, 3500 галоў, а шчыльнасць пагалоўя на гектар сельгасугоддзяў — адна з самых высокіх у раёне. Таму для нас вельмі важна зрабіць таннейшым рацыён, а гэта рэальна тады, калі важкая частка кармавой базы нарыхтавана ўласнымі сіламі.
Мяркуючы па ўсім, ураджай абяцае быць вышэй за леташні. А гэта значыць, што збожжавых не толькі хопіць для патрэб гаспадаркі, але і на продаж застанецца. Атрыманыя такім чынам грошы дазволяць падняць планку дабрабыту сельгаспрадпрыемства і яго работнікаў. Дарэчы, заробкі ў сезон у «Дужаўцы» вышэй сярэдняга. У перыяд корманарыхтовак, скажам, вадзіцелі ў месяц зараблялі ў сярэднім па 1500 рублёў, механізатары — каля 2000.
Паабедаў — і зноў за штурвал
Але даюцца грошы нялёгка — для гэтага трэба нямала папрацаваць, прычым без выхадных і нармавання працоўнага дня. Гэта могуць пацвердзіць і часовыя работнікі, за кошт якіх калектыў гаспадаркі прырастае на час уборачнай. У іх ліку — настаўнік са Слаўгарада, які падчас адпачынку ўжо не ў першы раз садзіцца за штурвал камбайна сельгаспрадпрыемства. Мікалай Кубрыкаў мяркуе, што прыкладам для пераймання можа служыць маладзёжны экіпаж Мікалая Прывалава і Дзяніса Рысянкова. Кіраўнік таксама задаволены працай вадзіцеля Аляксандра Гарбянкова і многіх іншых.
У сезон гаспадарка традыцыйна ўзяла на сябе абавязкі па арганізацыі харчавання работнікаў палёў. У «Дужаўцы» камбайнеры абедаюць і вячэраюць у сталовай. «Разбежка ў раллі невялікая, літаральна ў радыусе некалькіх кіламетраў, так што дабрацца сюды нескладана, шмат часу гэта не займае», — затое ў людзей, лічыць Мікалай Кубрыкаў, ёсць магчымасць паўнавартасна паесці і нават крыху перадыхнуць.
Каб потым, папоўніўшы сілы, зноў вярнуцца на рабочыя месцы. Дарэчы, даплата за абед для хлебаробаў сімвалічная, а вячэра і ўвогуле бясплатная.
Намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Чавускага райвыканкама Пётр Колеснеў расказаў, што жніво выбарачна распачалі ўсе адзінаццаць гаспадарак раёна:
— У цэлым вільготнасць пакуль яшчэ занадта вялікая, і перш чым пачынаць уборку на якім-небудзь з участкаў, даводзіцца ацэньваць там стан глебы.
Асноўную стаўку аграрыі раёна ў гэтым сезоне зрабілі на азімыя збожжавыя — імі засеяна больш за палову плошчаў. І не пралічыліся. «Нам удалося добра падкарміць збожжавыя культуры, і яны ўвайшлі ў поўную сілу», — адзначыў Пётр Колеснеў, а цяпер, па яго словах, усё нацэлена на іх уборку. На палях раёна задзейнічана 62 камбайны.
З азімымі не пралічыліся
Начальнік аддзела інтэнсіфікацыі раслінаводства камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Лілія Гулінская адзначыла, што ў сярэднім ураджайнасць збожжавых на самых першых палях сёлета каля 31,4 цэнтнера з гектара, што на 5 вышэй, чым пры старце жніва год таму. Пасевы збожжавых культур складаюць 336,4 тысячы гектара, і гэта таксама больш, чым летась, таму каравай павінен быць вялікім.— Азімыя нас не расчаравалі, за зіму страт няма, — паведаміла спецыяліст.
Недахоп вільгаці (з-за адсутнасці зімовага снегу) дапамаглі кампенсаваць вясновыя і летнія дажджы. Зрэшты, і аграрыі вобласці нямала зрабілі для таго каб віды на ўраджай былі аптымістычнымі. У прыватнасці, з улікам змененых кліматычных умоў летась была сур’ёзна перагледжана структура пасяўных плошчаў. Пад больш ураджайныя азімыя было аддадзена каля 60 працэнтаў у структуры збожжавага палетка. Да прыкладу, пасевы азімага жыта павялічыліся ў паўтара раза. Больш пасеяна грэчкі, кукурузы на зерне.
Да ўборкі збожжавых хлебаробы вобласці падрыхтаваліся грунтоўна, перш за ўсё тэхнічна. Парк камбайнаў на Магілёўшчыне складае больш за 1000 адзінак. У гэтым сезоне ён папоўніўся яшчэ 130 машынамі, якія былі выдзелены аграрыям рэгіёна па лізінгу. Забяспечаны хлебаробы і гаручым. Аграрыі разлічваюць сёлетняе жніво завяршыць у самыя кароткія тэрміны. Па папярэдніх падліках, сабранага ўраджаю павінна хапіць на тое, каб выканаць дзяржпастаўкі, стварыць добры запас насення і забяспечыць жывёлагадоўлю паўнавартасным зернефуражом. А на лішках — някепска зарабіць.
