У плыні вобразаў і сэнсаў

Мастачка, керамістка і паэтэса Ірына Оркіна нарадзілася ў Мазыры, жыве ў Мюнхене, працуе ў Маскве, а “гліняныя” майстар-класы праводзіць па ўсім свеце
Мастачка, керамістка і паэтэса Ірына Оркіна нарадзілася ў Мазыры, жыве ў Мюнхене, працуе ў Маскве, а “гліняныя” майстар-класы праводзіць па ўсім свеце


Ірына Оркіна (стаіць за хлопчыкам) з землякамі на творчай сустрэчы ў Дзяржынску
Фота: Кацярына Мядзведская


Што такое “вершаграфіка”, пра жыццё на Далёкім Усходзе, “агонь і ваду” ў сваім жыцці яскрава, з гумарам расказвала Ірына Оркіна на творчай вечарыне ў Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Сустрэчу наладзіў пазаштатны аўтар “ГР”, стрыечны брат мастачкі Лявон Целеш: ён жыхар Дзяржынска, што кіламетраў за 30 ад Мінска. Казаў: “Прыязджайце — не пашкадуеце!”. Талент Ірыны і ў тым, што ўмее лёгка, з жартамі расказваць пра складаныя рэчы. Спавядае постмадэрнісцкі шлях у мастацтве: вершы піша філасофскія, у яе жывапісе і скульптуры шмат асацыятыўнасці. А ў жыцці гэта просты, вясёлы, пазітыўны і вельмі цікавы чалавек.

Ірына Арсенцьеўна родам з Мазыра, з гомельскага Палесся. І хоць у пяць гадоў яна з бацькамі пераехала ў Падмаскоўе, ды лічыць родным той горад, і Радзімай — Беларусь. Штогод бывае ў Мазыры, наведвае бацьку, якому ўжо за 90. На вечарыне з пяшчотай згадвала і дзядулю Васіля, які першым заўважыў таленты ўнучкі, называў яе жартоўна: “хітэктар”. У дзяцінстве шмат малявала, будавала “домікі” з запалак, палацы са снегу. Захапленні вялі ў прафесію: закончыла Абрамцаўскае мастацка-прамысловае вучылішча, сябар Саюза мастакоў Расіі, Міжнароднай асацыяцыі выяўленчага мастацтва.

Важны этап яе жыцця — Далёкі Усход. “Калі хлопец ці муж абяцае: з табой — хоць на край свету — асцерагайцеся, — папярэджвала Ірына дзяўчат у Дзяржынску. — Можна ж там і апынуцца, а потым муж вернецца, а вы — застаняцеся”. Па размеркаванні Ірына з мужам паехала ў Хабараўск, на Завод мастацкай керамікі. Працавала мастаком, пасля кіравала эксперыментальнай групай, стала галоўным мастаком Аб’яднання народных промыслаў Хабараўскага краю. “Хабараўская вобласць большая за Беларусь, — згадвае. — А я ездзіла ў экспедыцыі, наладжвала працу майстроў: вышывальшчыцы, разьбяры па дрэву, камені, косці. І пяшком хадзіла па тайзе, і на самалётах лятала, і на лодках плавала. Усяго хапала: і танула, і гарэла…”. Пасля тых вандровак, знаёмстваў з майстрамі-самародкамі, звышнапружанняў, прызнаецца Ірына, вельмі хораша працуецца. Вобразаў шмат, яны пераўтвараюцца ў скульптурныя кампазіцыі, словы складваюцца ў вершы, рукі — нібы самі сабой вядуць лініі на палатне…

“Сюжэты, вобразы для працы — заўсёды з жыцця, — гаворыць мастачка. — Нібы губка я ўпітваю тое, што бачу і чую. Пасля нараджаюцца ці то вершы, ці то карціны, ці то керамічныя вырабы”. Прац у мастачкі шмат, ідэй — яшчэ больш. Гэта майстрыха, падалося мне, здольная здзіўляць, у яе фантаны ідэй. Беларуска застаецца керамісткай, аднак у 90-я пачала пісаць вершы, цікавіцца графікай. Бывае, малюнак з гліны кладзецца на паперу, прымае паэтычнае афармленне. Яна гэта называе “вершаграфікай” і просіць: “Не шукайце ямбаў і харэяў — лавіце вобразы і сэнсы”. Яе вершы глыбокія, там у некалькіх радках — цэлы свет. Многія з паэтычных твораў Ірыны Оркінай ёсць у інтэрнэце, на www.stihi.ru і www.proza.ru. Ды ў любой творчасці яна прыхільніца вечных каштоўнасцяў: Кахання, Нараджэння, Прыгажосці. А працы яе цікавыя і знаўцам мастацтва, і аматарам. Карціны і скульптурныя кампазіцыі набываюць калекцыянеры з розных краін. Персанальныя выставы праходзілі ў музеях і карцінных галерэях Хабараўска, Уладзівастока, Находкі, Масквы, Санкт-Пецярбурга, а таксама ў Японіі, ЗША, Францыі.

Цяпер зямлячка рыхтуе выставу “касмічных” работ у Германіі, дзе жыве з другім мужам, там жа яе сын і дачка. А малюнку і кампазіцыі навучае студэнтаў у аlma mater — Абрамцаўскім мастацка-прамысловым каледжы імя В. Васняцова. І ў адной з прыватных школ Масквы вядзе “заняткі з глінай”. І ў розных краінах час ад часу праводзіць майстар-класы “Скульптура асацыяцый”, а для дзяцей — “Паліто, якое ідзе ў госці”. Пры тым вучыць людзей праяўляць эмоцыі, аддаваць негатыўную энергію гліне, а ўзамен атрымліваць радасць, упэўненасць, добры настрой. Перад паездкай у Беларусь майстар дзялілася сакрэтамі прафесіі з жыхарамі Якуцка, Паўднёва-Сахалінска. Увогуле ж дарыць радасць — яе жыццёвае крэда. 12 год дзякуючы Ірыне і створанай ёй творчай групе “Другі” ў Хабараўску праводзіўся Дзень ганчара. “На Далёкім Усходзе жыве шмат беларусаў, украінцаў, — згадала зямлячка. — Для ўсіх тамтэйшых славян мы і ладзілі свята, вучылі жадаючых працаваць за ганчарным кругам, дарылі вырабы з гліны”. Дзень ганчара праходзіў у розных гарадах краю. Людзі яго палюбілі, чакалі ды лічылі сапраўды народным. Калі Оркіна пераехала ў Маскву, свята на некаторы час знікла, а потым аднавілася, ладзіць яго Хабараўскі Дом культуры.

Ёсць у мазыранкі задумы, як стаць бліжэй да Бацькаўшчыны. Марыць правесці выставу ў Мінску, які  падаўся ёй прыгожым, сучасным і вельмі творчым. Да 30-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС Ірына хацела б зрабіць экспазіцыю сваіх фотаздымкаў з вёскі Цешкаў, роднай вёскі дзеда — гэта пацярпелы ад аварыі Нараўлянскі раён. “Фотаздымкі зроблены гадоў дзесяць таму, — гаворыць яна. — Сёлета хацелі з мужам зноў трапіць туды — не змаглі, бо наведванне тэрыторыі забаронена пасля сёлетніх пажараў у прылеглых да АЭС лясах Украіны. Так што здымкі ўжо “гістарычна-каштоўныя”. Вельмі хочацца Ірыне вывучыць беларускую мову: такой мілагучнай падалася яна этнічнай беларусцы. “Цуд! Цуд!”, — паўтараў яе муж Ханс, ходзячы па вячэрніх вуліцах Дзяржынска. “Цудоўна — значыць “чудесно”, — лёгка лавіла патаемныя сэнсы новых для яе, ды такіх родных словаў Ірына...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter