У песні — юбілей

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі працуе выстава, прысвечаная творчасці паэта-песенніка Адама Русака і 80-годдзю песні “Бывайце здаровы!”
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі працуе выстава, прысвечаная творчасці паэта-песенніка Адама Русака і 80-годдзю песні “Бывайце здаровы!”

Выстава ў зале нотных і аўдыёвізуальных дакументаў — як знак глыбокай павагі землякоў Адаму Русаку, вядомаму ўраджэнцу Капыльскага раёна. Знакамітым на прасторах Савецкага Саюза яго зрабіў шлягер “Бывайце здаровы!”, які цяпер спяваюць па ўсім свеце. Часам і з новымі варыянтамі тэкстаў — але з той жа магутнаю ідэяй беларускай добразычлівасці, гасціннасці, прыязнасці. Вядомая ўжо не аднаму пакаленню супляменнікаў, сярод беларускіх песень яна, пэўна, адна з самых папулярных. Спачатку яе палюбілі ў Беларусі. Потым тэкст быў пераведзены на рускую, украінскую, армянскую, польскую, літоўскую, латышскую ды іншыя мовы. І сёння “Бывайце здаровы!” — гэта як візітная картка песеннага мастацтва Беларусі. Яна ёсць і ў рэпертуары вакальных гуртоў, хораў у суполках беларускага замежжа. 

Яшчэ ў 1940-м у Маскве на Дэкадзе беларускага мастацтва ўся зала бурна апладзіравала хору, які выканаў песню. Яна ўсім прыйшлася да душы. І шмат хто тады палічыў: твор — народны, і выконвалі песню ў розных варыяцыях і на сцэне, і на франтах Вялікай Айчыннай. Аднак цяпер добра вядома: напісалі яе Адам Русак і кампазітар Ісаак Любан: 23 сакавіка споўнілася 110 гадоў з дня яго нараджэння. Песня, напісаная ў 1936 годзе, прынесла аўтарам усесаюзную, а цяпер і сусветную вядомасць.

У экспазіцыі выставы — ілюстрацыі, выданні пра творчую дзейнасць беларускага паэта і музыканта: зборнікі вершаў, творы для дзяцей, ноты з музычнымі творамі на яго вершы. 

Іван Іванаў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter