У пастцы электрасмогу

Шаноўная рэдакцыя! Звяртаюся да вас як сталы падпiсчык вашай газеты. Пачула па радыё перадачу пра так званы электрасмог. Яна мяне моцна ўразiла i занепакоiла. Аказваецца, пагроз для нашага здароўя вельмi шмат нават у нашых уласных кватэрах. Мне падаецца, што гэтая праблема становiцца сёння ўсё больш актуальнай. I насамрэч, нашыя дамы лiтаральна перанасычаны ўсемагчымымi бытавымi электрапрыборамi. I iх колькасць усё ўзрастае. Гэта не толькi звыклыя тэлевiзары, халадзiльнiкi, радыёпрыёмнiкi, але i новае пакаленне — усемагчымыя кухонныя i радыёпрыборы, камп’ютэры. Многiя сёння трымаюць ледзь не на сэрцы — сотавыя тэлефоны... Ёсць i канкрэтная прычына для маёй заклапочанасцi — мой сын, якому 16 гадоў, проста “прырос” да свайго камп’ютэра i сотавага тэлефона. Мяркую, што многiм чытачам будзе цiкава прачытаць у вашай газеце грунтоўную, узважаную i дакладную iнфармацыю на гэтую тэму — напрыклад, меркаванне аўтарытэтнага i кампетэнтнага спецыялiста. З павагаю Святлана Мiгель

Прызнацца, гэты лiст закрануў i нас. Што нi кажы, а для нас, журналiстаў, якiя да манiтора таго ж камп’ютэра часам “пракаваныя” цэлымi днямi, а трубка сотавiка ледзь не прывязаная да нашага вуха, гэтая тэма таксама падалася актуальнай. Таму з лiстом Святланы Аляксееўны мы вырашылi звярнуцца да самага што нi на ёсць кампетэнтнага ў гэтай галiне спецыялiста ў нашай краiне, загадчыка кафедры радыяцыйнай медыцыны i экалогii Белдзяржмедунiверсiтэта доктара бiялагiчных навук, прафесара Аляксандра СТАЖАРАВА.
— Аляксандр Мiкалаевiч! Што гэта за навала такая — электрасмог? Рэальная небяспека цi чарговая дутая сенсацыя, прыдуманая нашым братам журналiстам?
— На жаль, электрасмог — даволi канкрэтная праблема, якая сёння ўсё больш датычыць практычна кожнага з нас. Сам тэрмiн паходзiць ад назвы з’явы, характэрнай для буйных гарадоў высокаразвiтых краiн з iнтэнсiўным аўтамабiльным рухам. Забруджванне атмасферы прыводзiць да фармiравання ядавiтай для чалавека дымкi, цi смогу. Электрасмог — гэта сукупнасць электрамагнiтных палёў, разнастайных частотаў, якiя ўздзейнiчаюць на чалавека пераважна ў закрытых памяшканнях. Прасцей кажучы, гэта электрамагнiтнае забруджванне кватэры, дома, офiса i гэтак далей.
Дыяпазон частотаў электрасмогу — ад 16,7 Гц (частата сеткi электратранспарту) да некалькiх ГГц (ГГц — 1 млрд. Гц): мiкрахвалевыя печы, сотавыя тэлефоны, радары. Але найбольш мы маем справу з частатой прамысловай сеткi — 50 Гц.
— I дзе мы найперш падвяргаемся ўздзеянню электрасмогу?
— Якраз у тым месцы, дзе лiчым сябе найбольш абароненымi — у сваёй уласнай спальнi, дзе праводзiм ад 6 да 10 гадзiн у суткi, практычна трэць свайго жыцця. Iмкнёмся як мага блiжэй размясцiць начнiк, тэлевiзар, радыётэлефон, радыёбудзiльнiк. Пад ложкам абавязкова ляжыць падаўжальнiк для сiлкавання якога-небудзь прыбора.
Так што мы добраахвотна абкружаем сябе крынiцамi электрасмогу. I самае iстотнае, што такi стан працягваецца гадамi i дзесяцiгоддзямi.
А навуковыя даныя, назапашаныя ў апошнiя гады, адназначна пацвярджаюць, што электрасмог шкодна ўздзей-нiчае на чалавека. I найперш на так званых электраадчувальных людзей (электраадчувальнасць — гэта, дарэчы, зусiм новы тэрмiн, знаёмы не кожнаму ўрачу), у якiх павышаная адчувальнасць да электрамагнiтных палёў. Паводле даных Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя, сёння ў свеце прыкладна 5% такiх людзей.
— I якiя канкрэтныя сiмптомы гэтага ўздзеяння?
— Найперш гэта парушэнне канцэнтрацыi ўвагi, галаўны боль, страта працаздольнасцi, пастаянная стомленасць, дрэнны, павярхоўны сон i гэтак далей... Прычым арганiзм рэагуе на электрасмог пераважна на той частаце, з якой мы найчасцей сутыкаемся, — 50 Гц.
Што цiкава, у жыхароў краiн Мiжземнамор’я электраадчувальнасць не сустракаецца. Такая паталогiя характэрна найчасцей для жыхароў Поўначы i сярэдняй паласы (у тым лiку i Беларусi).
— А сярод нас, няшчасных, хто найбольш пакутуе ад электрасмогу?
— Найбольш мы — мужчыны. Таксама метэазалежныя людзi, так званыя “совы”, тыя, хто перанёс раней пэўныя захворваннi або хворыя на алкагольную i нiкацiнавую залежнасць.
— А якiя прыборы найбольш небяспечныя?
— Гэта сотавыя i радыётэлефоны (асаблiва стандартаў GSM i DECT). I “вiнаватыя” ў тым лiчбавыя тэхналогii, якiя выкарыстаны ў гэтых прыборах. У iх фармiруецца нiзкачастотнае пульсуючае напружанне — 8, 100 i 217 Гц. Такiя частоты, асаблiва 8 Гц, супадаюць з электрычнай актыўнасцю кары галаўнога мозга чалавека. Рэзананс гэтых частотаў можа ўносiць знешнюю iнфармацыю ўнутр арганiзма, прыводзячы да парушэння функцыянавання яго сiстэм.
— Дык што, выходзiць, электрасмог усемагутны? Але ж не вяртацца нам у каменны век?
— Iснуе шмат спосабаў i прыёмаў для знiжэння ўздзеяння электрасмогу на чалавека. Прычым многiя з iх могуць уносiцца ўжо на стадыi праектавання. Напрыклад, на такой стадыi варта памятаць, што спальныя i жылыя пакоi павiнны размяшчацца як мага далей ад кухнi, ванных i рабочых пакояў. А самы просты (i эфектыўны!) спосаб знiжэння ўздзеяння электрасмогу — абарона адлегласцю. Чым далей ад нас размешчана яго крынiца — тым у большай бяспецы мы будзем. Пры аддаленнi на двайную адлегласць напружанасць поля знiжаецца ў 4 разы, на трайную — у 9 разоў, гэта так званая экспаненцыяльная залежнасць.
Ведаючы размеркаванне крынiц электрасмогу ў сваёй кватэры, можна правiльна расставiць мэблю. Каля спальнага месца трэба прыбраць усе лiшнiя электрапрыборы. Асцярожна трэба ставiцца да электраабагравальнiкаў i модных сёння “цёплых падлогаў”.
— I ўсё ж як быць з камп’ютэрамi i сотавымi тэлефонамi?
— Вялiкае значэнне тут мае слушны выбар такой тэхнiкi. Што датычыць камп’ютэра, то, раз мы ад яго адмовiцца не можам, праблема найперш у часе нашага знаходжання за манiторам. Важна не злоўжываць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter