Палярнікі 10-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі акунуліся ў Вадохрышча ў палонку прэснаводнага возера прама ў Антарктыдзе

У палонцы Паўднёвага полюса

Начальнік экспедыцыі Аляксей Гайдашоў, інжынер-радыёметрыст Максім Гарбацэвіч, майстар па эксплуатацыі і рамонце машын і механізмаў Артур Івашка, урач Дзмітрый Каўко, інжынер-механік Аляксей Захватаў, інжынер-геафізік Павел Шаблыка, майстар па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў Уладзімір Несцяровіч — усе яны акунуліся па тры разы згодна з вадохрышчанскай традыцыяй. Для траіх членаў палярнай экспедыцыі — Дзмітрыя Каўко, Уладзіміра Несцяровіча і Артура Івашка гэта было яшчэ і «баявое хрышчэнне». Па традыцыі, акунанне ў Антарктыдзе — гэта пасвячэнне ў палярнікі. Дарэчы, 19 студзеня тэмпература паветра ў іх там была -7...-8 градусаў, а тэмпература вады +2.

На фота злева направа: Аляксей ЗАХВАТАЎ, Дзмітрый КАЎКО, Павел ШАБЛЫКА, Артур ІВАШКА, Уладзімір НЕСЦЯРОВІЧ, Максім ГАРБАЦЭВІЧ, Аляксей ГАЙДАШОЎ.

Удзельнікі экспедыцыі ўзялі з сабой сцяг «Белгарт» — Беларускай федэрацыі гартавання і спартыўнага зімовага плавання і пасля акунання разгарнулі яго для памятнага фота. Такім чынам яны падтрымалі і павіншавалі ўдзельнікаў чэмпіянату краіны па спартыўным зімовым плаванні і III этапу Кубка свету па зімовым плаванні, які завяршыўся ў выхадныя ў Мінску. Да таго ж ёсць што святкаваць: дырэктар Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў Ігар Пільшчыкаў разам са сваёй жонкай і дачкой заваявалі дзесяць медалёў — чатыры залатыя, тры сярэбраныя, тры бронзавыя.

— Пасля таго як «новенькія» палярнікі акунуліся, начальнік 10-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў уручыў ім значкі «Белгарт» — такім чынам, усе яны сталі не толькі палярнікамі, але і маржамі, — дадаў Ігар Пільшчыкаў.

alinakasel@gmail.com

Фота з архіва герояў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter