У палоне магіі кіно

У мінулыя выхадныя Мінск накрыла «Лістападам». Больш за 160 фільмаў розных жанраў будуць паказаны ў яго конкурсных і пазаконкурсных праграмах
У мінулыя выхадныя Мінск накрыла «Лістападам». Больш за 160 фільмаў розных жанраў будуць паказаны ў яго конкурсных і пазаконкурсных праграмах. З нагоды адкрыцця кінафестывалю яго ўдзельнікаў і гасцей павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

У мінулыя выхадныя Мінск накрыла «Лістападам»
У час адкрыцця кінафоруму. Фота Віталя ГІЛЯ

Трэцяе дзесяцігоддзе сваёй гісторыі «Лістапад» пачынае як аўтарытэтны форум, чыя высокая місія захавання маральных і эстэтычных ідэалаў кінематографа, падтрымкі наватарскіх пошукаў сучасных рэжысёраў знаходзіць водгук ва ўсім свеце, гаворыцца ў віншаванні. «Лістапад» і ў далейшым будзе служыць справе развіцця кіно як мастацтва, накіраванага на духоўнае ўзвышэнне чалавека, а таксама ўмацаванню дружбы і культурнага супрацоўніцтва паміж народамі, выказаў упэўненасць Прэзідэнт.

Прывітанне кіраўніка нашай дзяржавы ў ходзе ўрачыстай цырымоніі адкрыцця форуму ў кінатэатры «Масква» зачытаў намеснік Прэм’ер-міністра Анатоль Тозік. 

Па традыцыі ў першы дзень фестывалю стала вядома імя ўладальніка спецыяльнага прыза Прэзідэнта «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве». Сёлета ім стаў вядомы савецкі і расійскі кінарэжысёр, акцёр, сцэнарыст, грамадскі дзеяч Станіслаў Гаварухін.

Расiйскi рэжысёр Cтанiслаў ГАВАРУХIН.
Расiйскi рэжысёр Cтанiслаў ГАВАРУХIН. Фота Вiталя ГIЛЯ

Прысуджэнне такой высокай узнагароды, прызнаўся Станіслаў Сяргеевіч, для яго вялікі гонар, але і нечаканасць. Сёлетняму запрашэнню ён вельмі абрадаваўся, але пра тое, што стане ўладальні­кам ганаровага прыза, даведаўся толь­кі па прыездзе. У апошнія гады прысутнічаць на фестывалі рэжысёру не даводзілася. Раней жа на «Лістападзе» народны артыст Расіі бываў неаднойчы, пры­чым сярод шматлікіх творчых здабыткаў майстра — чатыры галоўныя ўзна­гароды, атрыманыя ў розныя гады. 

У пазаконкурснай праграме сёлетняга фестывалю рэжысёр прад­ставіў сваю новую стужку Weekend — чорна-белы нуар у стылістыцы 1960-х. Гэта — экранізацыя рамана французскага пісьменніка Калефа Наэля «Ліфт на эшафот», але дзеянне з Парыжа сярэдзіны XX стагоддзя перанесена ў сучасную Маскву.

У Доме кіно прайшоў канцэртпрэзентацыя дзейнасці Дзярж­фільмафонду Расіі. Сёння яго калекцыя налічвае каля 700 тысяч карцін, стужкі ўдзельнічаюць у рэтраспектыўных паказах шэрага міжнародных кінафорумаў, у тым ліку Венецыянскага, Берлінскага, Маскоўскага, у Токіа. Цяпер яны стануць бліжэй і да нашага гледача, прычым на бясплатнай аснове — падпісана пагадненне аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве з Дзяржфільмафондам. Дзякуючы яму сёлета ў праграме «Лістапада» адбылася ўнікальная рэтраспек­тыва — паказ дзвюх класічных стужак, знятых на беларускай кінастудыі ў 1928 і 1930 гадах: «Саша» Аляксандры Хахловай і «У вялікім горадзе» Марка Данскога і Міхаіла Авербаха.

Народны артыст Расіі Аляксей ПЯТРЭНКА.
Народны артыст Расіі Аляксей ПЯТРЭНКА.

Госць «Лістапада» актрыса Святлана СВЯТЛІЧНАЯ.
Госць «Лістапада» актрыса Святлана СВЯТЛІЧНАЯ.

На канцэрце-прэзентацыі Дзярж­фільмафонду наведвальнікі віталі вядомых расійскіх артыстаў. Зала пад кіраўніцтвам акцёра Цімафея Фёдарава выконвала песні з вядомых савецкіх фільмаў, спявала і танцавала Наталля Громушкіна, урывак з гогалеўскага «Тараса Бульбы» чытаў народны артыст Расіі Аляксей Пятрэнка. А зорка фільмаў «Брыльянтавая рука» і «Кухарка» Святлана Святлічная падарыла гледачам знакаміты ма­налог Таццяны Ларынай з «Яўге­нія Анегіна»: «Поверьте, я тогда моложе, я лучше, кажется, была…».

Як расказала актрыса, гэта яе любімы маналог, за яго выкананне яна нават была адзначана памятным медалём у гонар Аляксандра Пушкіна. 

Воклічамі «брава» сустрэлі яе выступленне і фестывальныя гле­да­чы, а расчуленая актрыса прыгадала, як расплакалася, калі ўпер­шыню пачула ў свой адрас такія словы. Гэта было пасля спектак­ля «Д`яблы» паводле Дастаеўскага ў маскоўскім Тэатры кінаакцёра, яна іграла разам з мужам Ула­дзімірам Івашовым. Нечакана для актрысы, да таго часу ўжо вядомай як «невінаватая я», рэжысёр пастаноўкі настаяў, каб яна выконвала ролю Мар’і Цімафееўны. І работа атрымалася выдатнай. Да гэтага часу актрыса лічыць яе лепшай у сваім асабістым і творчым жыцці. 

Адным з першых у фестывальнай праграме майстар-класаў прыняў удзел расійскі рэжысёр і пісьменнік Міхаіл Сягал. Кінагледачы «Лістапада» памя­таюць яго дэбютную стужку Franz+­Polina па матывах аповесці «Нямы» Алеся Адамовіча, яна ўдзельнічала ў конкурсе ў 2006-м. Сёння гісторыя кахання беларускай дзяўчыны з акупіраванай вёскі і нямецкага салдата ўжо аб’ездзіла паўсвету і атрымала прызнанне на многіх міжнародных кінафорумах. Сёлета ў асноўным конкурсе ігравых фільмаў малады рэжысёр прадстаўляе карціну «Кіно пра Аляксеева», галоўную ролю ў якой пасля доўгага перапынку выканаў знакаміты акцёр Аляксандр Збруеў.

Удзельнікаў асноўнага конкурсу ігравога кіно рассудзіць рэжысёр Валерый ТАДАРОЎСКІ.
Удзельнікаў асноўнага конкурсу ігравога кіно рассудзіць рэжысёр Валерый ТАДАРОЎСКІ.

Усяго на галоўныя прызавыя адзнакі «Лістапада» прэтэндуюць 12 стужак розных краін. Наша прадстаўлена ў конкурсе фільмам «Я не вярнуся», створаным у садружнасці з кінематаграфістамі Расіі, Фінляндыі, Эстоніі і Казахстана. Конкурс яшчэ не за­кон­чаны, яго вынікі падвя­дуць бліжэй да закрыцця фе­стывалю. Міжнароднае журы сёлета ўзна­чальвае расійскі прадзюсар, сцэ­нарыст і рэжысёр Валерый Тадароўскі, аўтар фільмаў «Палюбоўнік», «Падмаскоўныя ве­чары», «Стылягі», «Ціскі», пра­дзю­сарскіх работ у карціне «Географ глобус прапіў», культавым тэлесерыяле «Брыгада», шматсе­рыйнай экранізацыі рамана Мі­хаіла Булгакава «Майстар і Маргарыта», 12-серыйным фільме «Адліга».

Творы Валерыя Тадароўскага неаднаразова ўдзельнічалі ў кон­курсе «Лістапада», прычым зна­каміты фільм «Краіна глухіх» быў адзначаны галоўным фестывальным прызам. 

Зразумела, свае ўражанні ад стужак бягучага конкурсу старшыня журы пакуль не каменціруе, а толькі дзеліцца чаканнямі, гаворыць, што спадзяецца паглядзець добрае кіно і адзначыць «Золатам Лістапада» годны фільм.

Усяго ў паказах шасці фестывальных конкурсаў удзельнічае каля 80 работ — ігравых, дакументальных, анімацыйных.

«Лістапад» працягваецца.

Ірына СВІРКО

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter