Супляменнікі з Даўгаўпілса стварылі адметны падарунак для горада

У падарунак — “Беларускі абярэг”

Супляменнікі з Даўгаўпілса стварылі адметны падарунак для горада


На пачатку чэрвеня ў рэдакцыйнай пошце з’явілася пісьмо ад Жанны Раманоўскай, кіраўніцы Цэнтра беларускай культуры з Даўгаўпілса. Яна пісала, што знаходзіцца пад моцным уражаннем ад “Полацкіх сустрэч”, на якіх пабывала, сустракалася там з вядомымі пісьменікамі: Алесь Савіцкі, Навум Гальпяровіч, Зіновій Прыгодзіч, Алесь Жыгуноў. Даслала і фотаздымак “Беларускага абярэга” разам з тымі, хто цікавую ідэю беларусаў падтрымаў, дапамагаў увасабляць. “Дарэчы, ідэя абярэга на юбілей горада была ўзята ў майго роднага Полацка”, — удакладніла Жанна.


Актывісты беларускай суполкі прынеслі абярэг у Даўгаўпілскую гарадскую думу

Ды хто ідэю, аднак, прынёс у Даўгаўпілс? Атрымліваем адказ: “Акцыю прапанавала правесці я: была на вялікім свяце, калі Полацк адзначаў 1145-годзе. Тады яго вялікі абярэг рабілі людзі з 10 краін, у тым ліку і з Латвіі. І лапікі, зробленыя майстрыхамі з нашай суполкі “Уздым”, таксама ў яго ўвайшлі. Так што ідэя “прыехала” са мною з Полацка. Яе падтрымалі члены “Уздыму”, іншыя жыхары Даўгаўпілса: нават тыя, хто не мае дачынення да Беларусі. Працавалі над ім 49 чалавек, падрыхтавалі больш за 150 кавалачкаў, і не ўсе ўвайшлі ў “канчатковую версію”. Далей зямлячка расказала, што найцяжэй было сабраць лапікі разам. Хоць усе яны былі памерам 10х10 см, ды па фактуры нітак і тканіны, па стылі працы і колерах — усе розныя. І тут дапамаглі парады Валянціны Абушкевіч. Яна прапанавала спачатку кавалачкі сшыць у квадраты па 9 штук, потым кожны з іх нашывалі на сінцепон, затым збіралі ў палосы, іх — у адзінае пано, якое ўмацавалі падшэўкай. На апошнім тыдні акцыі кожны дзень супрацоўніц ЦБК Ірыны Якушонок і Алены Ермалаевай пачынаўся з рукадзелля: яны майстравалі абярэг. Ім дапамагалі валанцёры “Уздыму” Крысціна і Анастасія — нашывалі квадраты на сінцепон. А фінальную зборку рабіла — сшывала палосы ды ўмацоўвала іх на падшэўку — прафесійная швачка Марыя Памецька, яна ж спявачка гурта “Купалінка”. Для адваротнага боку коўдры было абрана ільняное палатно малінавага колеру.

Крыху пазней Жанна Раманоўская даслала і прэс-рэліз, падрыхтаваны ёй для СМІ: цікавасць да абярэга, які беларусы Даўгаўпілса падарылі гораду да 740-гадовага юбілею, аказалася вялікаю. Мы, дарэчы, пісалі ўжо, што сёлета 3 чэрвеня ў Даўгаўпілскай гарадской думе пад час святкавання юбілею горада супрацоўнікі Цэнтра беларускай культуры і сябры культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” урачыста перадалі падарунак гораду: коўдру (лоскутное одеяло па-руску) ручной працы “Беларускі абярэг”. Гэтым прыгожым учынкам завяршыліся Дні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе.

Звернем увагу на падрабязнасці праекта. Народную акцыю “Падорым любімаму гораду беларускі абярэг!” Цэнтр беларускай культуры абвясціў у студзені.

Натхніла ж яго актывістаў на справу свята ў Полацку, а ў стварэнні абярэга для яго ўдзельнічалі і беларускі Даўгаўпілса: Валянціна Абушкевіч, Таццяна Бучэль, Ганна Бештыня ды іншыя. Іхнія вязаныя і вышываныя квілты ёсць у полацкім абярэгу. Жанна Раманаўская заўважае: “Полацкі абярэг” цяпер знакаміты, ён захоўваецца ў музеі і да кожнага юбілею прырастае. Наша акцыя — пробны крок, не гэткая маштабная, але і ў яе ёсць усе шанцы мець працяг і стаць міжнароднай. Людзей аб’ядналі добрыя ідэя і справа”.


Дар ад беларусаў Даўгаўпілса прымае Яніс Дукшынскі

Заклік пашыць лапікавы абярэг Даўгаўпілсу падтрымалі амаль паўсотні жанчын. Яны прыносілі ў Цэнтр беларускай культуры свае вязаныя, тканыя, вышываныя, плеценыя аўтарскія лапікі для абярэга. Валянціна Пятроўна Абушкевіч, вядомая лекарка і майстрыха, звязала на спіцах элемент нацыянальнага беларускага ўзору, кручком — сімвалічную беларускую хатку і аформіла яе ў выглядзе аплікацыі. Удзельніца танцавальнага гурта “Лянок” Нона Міхайлава, чыя малая радзіма ў Мёрскім раёне Віцебшчыны, у бібліятэцы ЦБК знайшла кнігі пра беларускія нацыянальныя ўзоры, і яе мама звязала на спіцах 13 лапікаў для абярэга: па колькасці танцораў гурта. Паэтка Людміла Вілюма, родам з Магілёўшчыны, любіць вязаць на спіцах і прынесла найбольш рукатворных фрагментаў для коўдры-абярэга.

Неяк Беларускі дом прымаў паважаных гасцей з Рыгі, дэпутатаў Сейма Інгуну Судрабу і Сілву Шымфу. Палітыкі знаёміліся з дзейнасцю беларускай дыяспары ў Даўгаўпілсе і былі ўражаны, наколькі вялікая і шматбаковая праца па захаванні нацыянальнай культуры вядзецца там. Высветлілася, што Інгуна — рукадзельніца. Пазней яна даслала два рукатворы, звязаныя кручком, у беларускі абярэг, з манаграмай IS. А жанчыны з вядомай у Даўгаўпілсе беларускай сям’і Бучэль вышылі на лапіках ільнянога палатна беларускі сцяг, кветку васілька і слова “Уздым”. Пенсіянерка Аляксандра Бартуль родам з Яраслаўскай вобласці Расіі, але заўсёды марыла жыць у Даўгаўпілсе, прыехала будаваць завод хімічнага валакна. У Цэнтр беларускай культуры яна прынесла свой рукатвор і, пабачыўшы амаль сабраную коўдру, прапанавала абавязкова размясціць на ёй лічбу 740. А дзе дата — там і назва горада. За адзін вечар Жанна Раманоўская звязала цэнтральны лапік: слова “Даўгаўпілс” на беларускай мове і юбілейная дата побач. І да яго ўжо прышывалі лапікі са сцягамі Беларусі ды Латвіі, аплікацыі з контурамі памежжа абедзвюх краін, беларускай хаткай, нацыянальнымі арнаментамі…

На дароўнай грамаце “Беларускага абярэга”, які разам з ім уручылі беларусы гораду, напісана: “Хай часцінка нашага цяпла, дабра і любові засцерагае старажытны Даўгаўпілс”. Там жа названы ўсе ўдзельнікі творчай акцыі. Лапікавы абярэг з граматай пад гукі беларускай народнай песні беларусы ўрачыста перадалі першаму намесніку старшыні Даўгаўпілскай гарадской думы Янісу Дукшынскаму. Рукатвор быў выстаўлены на ўсеагульны агляд разам з іншымі падарункамі гораду на юбілей.

Нумар у PDF

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter