У Нясвiжы, а не ў Парыжы. Адкрываецца сёння музычны фэст, якому можа пазайздросцiць любая еўрапейская дзяржава

Пра феномен беларускага фестывалю камернай музыкІ “Музы Нясвiжа” загаварылi даўно. I не толькi музыказнаўцы, якiя адзначаюць яго высокi прафесiяналiзм, густ, вытанчанасць у падборы твораў для праграм i унiкальнасць амаль усiх гэтых самых праграм. Гiсторыкi, псiхолагi i нават палiтыкi называюць, кожны свае, фенаменальныя якасцi гэтага фэсту. Адны падкрэслiваюць тую акалiчнасць, што абудзiлася гiстарычная памяць тутэйшых жыхароў. Iншыя — што фестываль выхаваў новае пакаленне маладых несвiжан, якое цягнецца да прыгожага. I, нарэшце, “Музы Нясвiжа”, якiя сёлета злятаюцца ў старажытны горад у дзесяты раз, ёсць якраз тое, што можа быць прылiчана да нацыянальнай гордасцi.  
Дзесяць гадоў таму мастацкiм генiем народнага артыста Беларусi Мiхаiла Фiнберга пры гарачай падтрымцы тагачаснага старшынi Нясвiжскага райвыканкама, а зараз вiцэ-прэм’ера Уладзiмiра Дражына нарадзiўся фестываль “Музы Нясвiжа”. Яму было наканавана стаць не толькi галоўным музычным святам у гэтым старажытным горадзе, але i заснавальнiкам новай з’явы ў культурным жыццi Беларусi — шэрагу фестываляў у малых гарадах краiны, якiя знаёмяць з усiм спектрам камернай музыкi — ад старажытнасцi да сённяшняга дня.
Усе гэтыя фестывалi — нясвiжскi, заслаўскi, мсцiслаўскi, мiрскi — адбываюцца на базе Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусi, якiм кiруе маэстра Фiнберг. Яго калектывы — камерны аркестр, ансамблi: салiстаў на драўляных духавых iнструментах, трубачоў “Iнтрада”, флейтыстаў “Сiрынкс”, а сёлета яшчэ i кларнетыстаў — рыхтуюць унiкальныя праграмы з твораў кампазiтараў, што нарадзiлiся, працавалi на Беларусi альбо прыязджалi на нашу зямлю, каб менавiта тут стварыць цудоўныя мелодыi. Таленавiтыя аранжыроўшчыкi знакамiтага аркестра Фiнберга нярэдка па адным нотным радку аднаўляюць старажытныя творы, перакладаюць iх для сучаснага выканання. Такiм чынам i ў гэтым праекце рэалiзуецца крэда заслужанага калектыву — несцi народу беларускую нацыянальную музыку.
Пра канцэпцыю 10-га, юбiлейнага фестывалю “Музы Нясвiжа” Мiхаiл Фiнберг сказаў так: яна заснавана на творчым багаццi i непарыўным адзiнстве музычнага мiнулага i сучанасцi Беларусi. Першы ж канцэрт, якi мае назву “Нясвiжскiя шэдэўры”, i прагучыць сёння на адкрыццi фэсту, нагадае прысутным аб усiх тых старадаўнiх музычных творах, якiя ўпершыню прагучалi на папярэднiх фестывалях i рэстаўрыравалi музычнае аблiчча колiшняй Беларусi. Перш за ўсё Нясвiжа — аднаго з самых магутных цэнтраў айчыннай мастацкай культуры.
А нязменны навуковы каментатар фестывалю доктар мастацтвазнаўства Вольга Дадзiёмава дадала, што прагучыць, напрыклад, музыка нясвiжскага арганiста 17-га стагоддзя Андрэя Рагачэўскага, нясвiжскага высокапрафесiйнага музыканта Яна Голанда — аўтара першай мясцовай оперы, нясвiжскiх музыкантаў-аматараў 18—19-га стагоддзяў — Мацея Радзiвiла, аўтара шматлiкiх музычных кампазiцый i лiбрэтыста оперы “Агатка”; Антонiя Радзiвiла, якi паходзiць з нясвiжскай галiны радзiвiлаўскага роду i з’яўляецца аўтарам першага ў свеце музычнага “Фауста”.
На гэтым канцэрце будуць прадстаўлены i iншыя iмёны, якiя ўпрыгожылi музычнае мастацтва Беларусi эпохi Рэнесанса. А другi канцэрт другога дня фестывалю мае назву “Зоркi беларускай камернай музыкi” i падорыць сустрэчу з творамi старадаўняй музыкi 16—19-га стагоддзяў i сачыненнямi беларускiх кампазiтараў 20—21-га стагоддзяў.
Сярод iншых не менш значных падзей юбiлейнага фестывалю — навукова-практычная канферэнцыя “Мастацкая спадчына Нясвiжа”, гала-канцэрт на цэнтральнай плошчы горада — “Подзвiгу народа — наш талент” з удзелам Нацыянальнага акадэмiчнага народнага хору Рэспублiкi Беларусь iмя Г.Цiтовiча, Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусi i музычнай капэлы “Санорус”. Дзве выставы адкрыюцца ў Нясвiжскiм цэнтры культуры i адпачынку: “Развiтанне з Радзiмай” — экспазiцыя музея гiсторыi тэатральнай i музычнай культуры Беларусi да 240-годдзя з дня нараджэння М.Кл.Агiнскага; “Свет вачыма дзяцей” — творы ўжо добра вядомай несвiжанам па ранейшых сустрэчах дзятвы са студыi выяўленчага мастацтва Палаца культуры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода.
Упершыню ў рамках нясвiжскага музычнага фэсту адбудзецца сустрэча з джазам: бiг-бэнд пад кiраўнiцтвам Мiхаiла Фiнберга пакажа праграму “Спатканне з джазам”. Прадставiць сваiх выхаванцаў — ансамбль камернай музыкi Нясвiжскай дзiцячай школы мастацтваў — вядомы айчынны музыкант Алег Алоўнiкаў. I яшчэ адна падзея сённяшнiх двух майскiх дзён у Нясвiжы — прэзентацыя кнiгi “Музы Нясвiжа. 10 гадоў разам”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter