У новым абліччы

Узда актыўна рыхтуецца да правядзення абласных «Дажынак»

Узда рыхтуецца да абласных «Дажынак».

Менавіта ў гэтым невялікім горадзе вырашана правесці галоўнае свята аграрыяў Міншчыны. Зараз там актыўна вядуцца падрыхтоўчыя работы, і райцэнтр набывае новыя, адметныя рысы. Эпіцэнтрам урачыстай дзеі стане бульвар Дзяржынскага, які мяркуецца зрабіць пешаходным. Там будуць увасоблены ў жыццё цікавыя архітэктурныя задумы. Мінскі абласны мастацка-экспертны савет па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве зацвердзіў эскізныя праекты дэкаратыўна-паркавай пластыкі для добраўпарадкавання бульвара. А таксама тэрыторыі, што прылягае да будынка Дома культуры, які, дарэчы, будуецца новы. І яны пайшлі ў работу.

Такім чынам, да абласнога свята працаўнікоў сяла бульвар Дзяржынскага ўпрыгожаць не толькі эксклюзіўныя фантаны, але і адметныя скульптурныя кампазіцыі з граніту, бронзы і іншых матэрыялаў. З’явіцца скульптурная кампазіцыя, прысвечаная знакамітаму паэту, пісьменніку, сатырыку, драматургу, грамадскаму дзеячу і земляку ўздзенцаў Кандрату Крапіве — вітаць гараджан і гасцей будуць самыя папулярныя героі яго баек.

Упрыгажэннем стануць кампазіцыя «Мелодыя» і яшчэ некалькі цікавых архітэктурных прапаноў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter